У Мінску сярэдні ўзрост у мужчын, якія ўступілі ў першы шлюб, склаў летась 27 гадоў, у паўторны шлюб — 40,4 года.Пра гэта карэспандэнту БелТА паведамілі ў галоўным статыстычным упраўленні Мінска.
Дарэчы, у 2000 годзе тыя, хто ўступіў у першы шлюб, былі значна маладзейшыя — 25,5 гадоў. Узрост уступлення ў паўторны шлюб практычна не змяніўся. Усяго ў мінулым годзе вузамі Гіменея звязалі сябе 16 028 мужчын.
Амаль ва ўсіх узроставых групах мужчыны бралі за жонак жанчын, маладзейшых за іх або аднагодак. Выключэнне склалі жаніхі ва ўзросце 18–19 і 20–24 гадоў, з якіх кожны другі і кожны пяты адпаведна аформілі адносіны з жанчынамі, старэйшымі за сябе.
Кожны чацвёрты з тых, хто браў шлюб у мінулым годзе, раней ужо быў жанаты і на момант стварэння новай сям’і быў разведзены альбо ўдавец.
Афіцыйна ў сталіцы летась скасавалі шлюбы 8230 сем’яў. Разводзяцца мужчыны розных узростаў, але часцей за ўсё ў мінулым годзе скасоўвалі шлюб мужчыны ва ўзросце 30–34 гадоў (кожны пяты).
Маюць месца разводы і ва ўзросце менш 20 гадоў, а таксама 60 гадоў і больш. Так, летась развялося трое мужчын ва ўзросце 19 гадоў, якія пражылі ў шлюбе 1 год і менш. Ва ўзросце 60 гадоў і больш скасавалі шлюб 227 мужчын, асноўная частка з якіх пражыла ў шлюбе больш за 20 гадоў, а 14 мужчын — 1 год і менш.
На 1 студзеня 2011 года колькасць насельніцтва Мінска склала 1864,1 тыс. чалавек, з якіх 853,6 тыс., або 45,8% — мужчыны.
Каментары