Любоў Кавалёва: Пакуль хлопцы сядзяць, арганізатары тэракта ходзяць на свабодзе
Маці аднаго з абвінавачаных склала ўласную петыцыю ў абарону абвінавачаных у тэрарызме.
Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, аднаго з фігурантаў справы аб выбуху ў метро 11 красавіка, склала ўласную петыцыю супраць смяротнага пакарання.
«Усе абвінавачванні грунтуюцца на прызнальных паказаннях, дадзеных на папярэднім следстве пад ціскам, ад якіх Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся на судзе. Больш ніякіх важкіх доказаў абвінавачанне не прадставіла — усё пабудавана на домыслах і довадах», — гаворыцца ў петыцыі.
Любоў Кавалёва ўпэўненая, што яе сын невінаваты. Пры гэтым яна прыводзіць ягонае сцверджанне пра тое, што Дзмітры Канавалаў таксама не мае дачынення да тэракту. Жанчына кажа пра неабходнасць знайсці сапраўдных арганізатараў злачынства.
«Я звяртаюся з гэтай петыцыяй да вас з адной толькі просьбай: я прашу вас дапамагчы не забіць майго сына, Уладзіслава Кавалёва, і яго знаёмага, Дзмітрыя Канавалава, а замест гэтага запатрабаваць знайсці тых, хто сапраўды павінен несці адказнасць за здзейсненыя злачынствы. На дадзены момант Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой існуе смяротнае пакаранне. І пакуль хлапчукі сядзяць за кратамі, тыя, хто арганізаваў тэракт ходзяць на свабодзе».
Любоў Кавалёва плануе сабраць пад сваім зваротам 5000 подпісаў. Па стане на 13 гадзін 23 лістапада сабрана каля 2000 подпісаў.
Тым часам, пад петыцыяй, скіраванай на адрас ААН, праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, на гэты час падпісаліся каля 33500 чалавек з усяго свету.
Нагадаем, прысуд па справе тэракту ў метро будзе вынесены 30 лістапада 2011. Пракурор запатрабаваў для абвінавачаных вышэйшай меры пакарання.
Каментары