«Гэтым разам усё сур’ёзна», — дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрыс Тэйкманіс папярэдзіў латвійскі бізнэс.
Еўрапейскі Саюз можа ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Латвійскім прадпрымальнікам варта лічыцца з такой магчымасцю, заявіў Латвійскаму радыё дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Андрыс Тэйкманіс.
Паводле словаў дыпламата,
адпаведнае рашэнне ЕС можа прыняць на працягу месяца.
— Гэта сапраўды магчыма. На гэты раз усё сур’ёзна, — прызнаў ён.
Па словах Тэйкманіса, Латвія не падтрымлівае эканамічныя санкцыі супраць сваіх суседзяў, паколькі яны могуць пагоршыць умовы жыцця звычайных грамадзян Беларусі.Аднак многія іншыя краіны ЕС падтрымліваюць ўзмацненне жорсткасці палітыкі ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы не падтрымлівалі санкцыі, і ў гэтым плане наша пазіцыя не змянілася. У любым выпадку, калі будзе прынята рашэнне аб санкцыях, мы зробім усё магчымае, каб нашы прадпрымальнікі пацярпелі як мага менш.
Але, думаю, Латвія не ў стане проста блакаваць ўвядзенне санкцый», — адзначыў ён.
У сувязі з гэтым МЗС плануе правесці кансультацыі з мясцовымі бізнесменамі, каб абмеркаваць сітуацыю. Сярод магчымых санкцый — забарона на кантакты з беларускімі прадпрымальнікамі, якім забаронены ўезд у ЕС.
Тэйкманіс дадаў, што Беларусь можа пазбегнуць санкцый, калі вызваліць каля васьмі палітычных вязняў.«Няўжо кожны з гэтых зняволеных варты мільённых страт для беларускай эканомікі. Беларусы самі павінны аб гэтым падумаць» — сказаў ён.
Увядзенне санкцый магчыма цягам месяца, дадае Тэйкманіс.
***
Дадамо, раней аб магчымых дадатковых санкцыях у дачыненні да Беларусі заявілі прадстаўнікі Германіі, Францыі і Польшчы.
На форуме «Веймарскі трохкутнік», які адбыўся ў Берліне, міністры замежных спраў Польшчы, Нямеччыны і Францыі запатрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і ажыццяўлення дэмакратычных рэформаў.У адваротным выпадку будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі супраць Мінска, перасцераглі яны.
Каментары