«Я ведаю, што мой сын ніякіх прашэнняў ніколі не падпіша, — перакананы Віктар Паўлавіч. — Мікола мне казаў, што не зробіць гэтага нават пад пагрозаю смерці, бо ён — ніякі не злачынец. І мне калісьці наказваў ні ў якім разе не прасіць за яго, калі раптам на мяне будуць ціснуць».
Аднак, як прызнаецца Віктар Паўлавіч, была б яго бацькоўская воля, сёння ён пагадзіўся б, каб Мікола напісаў прашэнне: «Гэта ж мой сын. Мне шкода, што так мінае яго жыццё. Ён не можа бачыць сваіх дзяцей, жонкі. Ды і я ці ўжо ўбачу яго… Але, канечне ж, ён мяне не паслухае».
Галоўнае, што турбуе сёння бацьку, гэта невядомасць таго, што насамрэч адбываецца з яго сынам. Віктар Паўлавіч кажа, што ад яго многае хаваюць, усяго не гавораць, каб не расстройваць: «Я толькі нядаўна даведаўся, што ў камеры з маім сынам два месяцы знаходзіўся хворы на сухоты, і што нядаўна Міколу рабілі здымкі лёгкіх, пра вынікі якіх не паведамляюць… Ну, гэта ж бесчалавечна! Гэта сапраўднае зверства!.. Мае нервы ўжо не вытрымліваюць…»
***
26 мая 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прыйшоў да высновы, што менавіта Статкевіч разам з яшчэ адным кандыдатам у прэзідэнты, Дзмітрыем Усам, «рыхтавалі масавыя беспарадкі» і ўзначальвалі «бясчынствуючы натоўп» падчас шэсця па праспекце Незалежнасці 19 снежня 2010 года.
12 студзеня 2012 г. Статкевіч быў пераведзены на тры гады на турэмны рэжым.
Каментары