У школе з польскай мовай навучання ў Гродне могуць з'явіцца два класы, дзе дзеці будуць вучыцца па-расійску.
Такім чынам, разгрузіцца перапоўненая суседняя школа. Бацькі асцерагаюцца, што новыя класы паступова могуць пацясніць наяўныя, і польская мова з асноўнай пяройдзе ў разрад факультатыву.
Сярэднюю школу № 36 пабудавалі 16 гадоў таму на сродкі польскага боку. Прасторны будынак і цяпер належыць грамадскай арганізацыі «Саюз палякаў у Беларусі». Каб тут адчуваць сябе камфортна, трэба хаця б разумець польскую. Акрамя аб’яваў, навучальных матэрыялаў нават каляндар прывязаны да нацыянальных святаў, як дзяржаўных, так і рэлігійных. На польскай мове праходзяць урокі і лінейкі.
Дзеці займаюцца ў першую змену, і ёсць невялікі рэзерв у штатным напаўненні класаў. У той жа час побач знаходзіцца СШ № 27, дзе, паводле дадзеных аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна, замест 1200 вучняў па норме займаецца 1850. Таму на радзе аддзела адукацыі прапанавалі ўшчыльніць СШ № 36 і часова размясціць на яе базе 2 пачатковыя класы з суседняй школы разам з педкалектывам.
Начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Сяргей Ламека ў панядзелак сустрэўся з бацькамі з СШ № 36 і расказаў ім, што такая практыка ўжо ёсць: напрыклад, пачатковыя класы СШ № 27 былі адкрытыя на базе
— Праз два гады на Дзевятоўцы пабудуюць новую школу, і пытанне з напаўняльнасцю класаў у цэлым будзе вырашанае, — сказаў Сяргей Ламека на сходзе. — Я хачу пераканаць вас, што гэта часовая з’ява.
Бацькі ж настойваюць на тым, што нельга вырашаць лакальную праблему Дзевятоўкі за кошт адной з дзвюх школ з польскай мовай навучання ў краіне (акрамя Гродна дзейнічае яшчэ адна ў Ваўкавыску). Яны прапаноўваюць адкрыць больш пачатковых класаў у сваёй школе: «Няхай першаклашкі смела прыходзяць і вучацца як усе». Тады дзеці будуць пастаўленыя ў аднолькавыя ўмовы, змогуць займацца на польскай мове, як іх аднагодкі іншых нацыянальнасцяў.
— У нас вучацца не толькі палякі, але і расійцы, беларусы, украінцы.
Мы не дзелім дзяцей, мы хочам, каб у школе захаваўся мікраклімат, традыцыі, каб не было парушанае моўнае асяроддзе,— кажа мама аднаго з вучняў СШ № 36 Наталля Сарока. — Але калі калектыў настаўнікаў і дзяцей падзеліцца — адны будуць вучыць матэматыку на расійскай, другія на польскай, калі дзеці не змогуць зразумець, пра што кажуць іх аднагодкі, ці будзе варыянт з ушчыльненнем аптымальным?
Як быць з пачатковымі класамі СШ № 27, пакуль не вырашылі. Сяргей Ламека паабяцаў яшчэ раз сустрэцца ў СШ № 36 з усімі ахвотнымі бацькамі ў канцы траўня, і тады стане вядомы канчатковы варыянт.
Каментары