Літаратура2828

Перабіраючы бульбу, або Чужыя побач

Замалёўка пра людзей і людскасць.

Яны сядзелі на металёвых вёдрах, прыкрытых шэрымі зрэбнымі мяхамі. Гаманілі, пасміхаліся, раз-пораз бліскаючы зубным золатам. Усе яны прымясціліся на вясковым падворку вялікага бульбянога капца, нібы ля пупа зямлі ці старажытнага сармацкага кургана.

Кожная мела два кошыкі перад сабой. У адзін з картаплянай гары ішла цэлая насенка альбо парэзаныя бульбяныя кавалкі з вочкамі, што гарантавалі бульбяную плоднасць, а ў другі кідалася гнілаватая, вялая і сухая бульба на корм свінням — зварыцца, растаўчэцца з мукой.

Перабіралі бульбу на саджэнне. Тры сталыя кабеты з выпаленымі згрызотамі тварамі, з павязанымі хусткамі, якія мелі калісьці яркія, мусіць, пры цары Гарошку, калі людзей было трошку, бліскучыя ўзоры. Адзін высокі хударлявы стары, які цягаў па два кашы з недалёкага крытага шыферам склепа, і рэгулярна падсыпаў капец.

Кашы цягала яшчэ адно замурзанае стварэнне, якое, здаецца, зусім не мела шыі. Гэта быў вясковы хлопчык-даўн Франэль. Ён — падлетак, яшчэ зусім малады — выглядаў, аднак, не нашмат маладзей за дзеда.

Бацькі «пазычылі» яго за бутэльку суседзеям, каб дапамог у цяганіне кашоў. А што Франэлю? Лепей жа тут з людзьмі пабыць, чым ля хаты бадзяцца без справы. Тут хоць пад’есць, бо пакормяць, а ў хаце — мышы з голаду дохнуць. У бацькоў Франэля горлы былі смаляныя — цягнулі гарэлку, як цэмент ваду.

Жанчыны працавалі даволі хутка — цях-цях — і мужыкам нават не было часу, каб перадыхнуць, прыпыніцца і запаліць самакрутку. Ды і Франэль поўныя кашы не цягаў. Што з яго возьмеш?

— Няхай ужо дапамагае, як можа, — думалі яго старыя таварышы. — Бедная душа, паўгалодная. Сям’ю корміць, бо за яго інвалідскія бацькі, як не прап’юць, то хоць нейкіх крупаў купяць.

Працавалі ўжо даволі доўга, але ўсё здавалася, што вось яшчэ некалькі кошыкаў — і перапынак. Кошыкі сыходзілі за кошыкамі, аж пакуль Франэль, высыпаўшы свае два няпоўныя кашы ў капец, не сеў, засопшыся, на зямлі.

— Давай, матка, ідзі па абед, работнік ужо замучыўся, — сказаў хударлявы дзед-гаспадар да адной з кабет, сваёй жонцы. Тая, крэкчучы і стогнучы, устала, адклеіўшы ад азадка вядро, і патупала ў хату, каб прынесці схаваную ў падушкі, каб не астыла, каструлю з клёцкамі. Рэшта жанчынаў таксама адклала ножыкі; паўставалі, каб выпрастацца. Гаспадар прынёс да клёцак бутэльку самагонкі і чаркі з мутнага шкла.

Пуховыя падушкі выдатна ўратавалі цеплыню клёцак. Прыгравала веснавое сонейка, і файна было грызці бульбяныя злепкі з мясам, запіваць жытнёвай самагонкай і ўглядацца ў чыстае неба. Гарэлка смакавала як ніколі.

Налілі і Франэлю паўчарачкі «на апетыт», але той і без самагонкі, сапучы, пакаваў у сябе бульбяныя прысмакі, сёрбаючы поліўку, што да клёцак шчодра наліла яму гаспадыня. Прыняўшы чарку, адна з кабетаў зацягнула: «Раз ды разок з разочкам, чарка пайшла кружочкам…»

Адчувалася, што ўсе б выпілі яшчэ, але ў бутэльцы свяцілася дно. Хударлявы гаспадар збіраўся ўжо ўставаць, каб ісці шукаць схаваную у стог чарговую бутэльку, як яго спалохаў Франэль.

Хлапчанё стрымгалоў кінулася пад склеп, пакорпалася там пад нейкім ламаччам і прынесла з задаволеным выразам твара вялікую бутэльку таннага віна.

— Во, які маладзец, які разумнік, — зацвіркаталі задаволеныя жанкі. — Вінца нам прыпёр, а то прыйшлося б зноў хлёбаць тут гэтую самагонку.

— Малаток — дзяцюк, — пахваліў Франэля дзед. — Толькі адкуль ён мае?

— Пэўна нехта страціў, падпіўшы, пры гасцінцы, — засакатала яго таўставатая жонка. — А гэты знайшоў. І скажы, што дурны, калі ведае, што дабро трэба з сабою цягнуць.

Бутэлька пладова-ягаднага віна апаражнілася ў добрым настроі. Франэлю налілі поўную чарку і той выпіў, не пакрывіўшыся.

— Па бацьку, Лёньку, пайшоўшы, — сказаў, пасміхаючыся, стары.

Зноў узяліся за работу. Пасля абеду работа ішла ўжо не так шпарка. Франэль жа пасля алкаголю набраў спрыту, але, прынёсшы два кашы, не спяшаўся зноў у склеп, а рабіў яшчэ лётам, дробна цярэблячы нагамі, ганаровае кола па падворку, разганяючы ўбакі курэй. Ад бегу Франэля, першапачаткова напалоханы, на плот узляцеў малады певень. Але, відаць, пацяміўшы, што трэба бараніць свой гонар, певень саскочыў і пачаў па-забіяцку, растапырыўшы крылы і ўзняўшы чырвоны грэбень, атакаваць п’янаватага Франэля.

Хлапчук спыніўся, страх перакасіў яго твар, а раз’юшаны певень скакаў усё вышэй і вышэй, стараючыся дзюбнуць мальца ў твар, дзеручы вострымі шпонамі вопратку Франэля.

Адкуль ні ўзяўся малы куцахвосты чарнявы Жук, сабачка на кароткіх ножках, што, адчуўшы атмасферу палявання і страх загнанага стварэння, прыімчаў да Франэля і пачаў штосілы на яго брахаць. Ён аж заходзіўся ад азарту, скалячы зубы і злосна брэшучы. Некалькі раз падляцеў да Франэля і, спрабуючы таго ўкусіць за нагу, шчоўкнуў клыкамі аб шырокую калашыну Франэлевых портак.

Франэль стаяў, аслупянеўшы, відавочна, разгубіўшыся, не чакаючы атакі з боку малога Жука, які звычайна матляў хвастом і не праяўляў ніякіх адзнакаў агрэсіі.

— Кусі яго, кусі-і-і! — аж заходзілася адна з жанок. — Вось жа кумэдыя, трымайце мяне! — крычала яна ў гістэрыі смеху.

У другой выступілі ад рогату слёзы, якія яна змахвала канцом хусткі. А гаспадыня ажно ўзялася за жывот. Стары толькі злёгку пасміхаўся, зацягваючыся горкім дымам самакруткі і пускаючы дым колцамі.

— До’, до’ ўжо, хопіць. Пайшлі адсюль, — гукнуў ён і шпульнуў у бок пеўня і сабакі грудку жвіру. Жук ў момант адвярнуўся да гаспадара, яго паляўнічы настрой гэтак жа, як і з’явіўся, раптоўна знік. Певень таксама адступіў, напалоханы не столькі кінутым жвірам, колькі гучным рогатам жанчынаў.

— Дзе гэна шчанё?! — пачуўся раптам на падворку сіпаты і злы голас. — Хадзі сюды, боўдзіла! На падворку з’явіўся новы госць — учарнелы і сухі Лёнька, бацька Франэля. Твар яго свяціў лютай злосцю.

— Ці бачылі вы гэтага даўбню?! — роў ён у бок Франэля. — Украў у мяне бутэльку віна харошага! Я Багданісе гарод заараў, яна віна дала, дык я ў кратавінні ад Стэфкі, жонкі, закапаў, а гэты ёлуп падгледзеў і адакраў.

— Можа, не ён? — ціха прамармытаў стары гаспадар. Жанчыны маўчалі, не зводзячых спалоханых вачэй з Лёнькі.

— Як не ён, калі толькі гэты злодзей мог! — дрыжэў ад гневу голас Лёнькі. — Хадзі сюды, каму кажу! — крычаў ён і трос цёмным ад бруду кулаком. Франэль трасучыся, пачаў падыходзіць.

— Ах ты, шчанё! Я цябе навучу, як красці! — проста рычэў Лёнька. Раптам ён схапіў шнур жалезнага ланцуга, што вісеў на цвікох на сцяне паветкі, і з усёй моцы сцебануў Франэля па спіне. Той паваліўся жыватом на зямлю і толькі завішчэў, як малы і нямоглы звярок.
Выў з болю, але, падняўшы галаву, з нейкім нявыказным даверам хатняга сабачкі глядзеў на бацьку з ланцугом у руцэ. Нібы не верыў, што бацька здольны на такі ўчынак, пакорна аддаючыся позіркам у яго ўладу.

— До’, до’, Лёнька, перастань, не дурэй, — загукалі зляканыя перабіральніцы бульбы.

Лёнька кінуў ланцуг, сплюнуў жоўтай і густой слінай на зямлю, і сышоў шырокім і пэўным крокам. За ім, сыкаючы з болю, здрыптаў з падворка і Франэль.

— Ато была авантура, — зноў закурыў самакрутку стары. — А скажы ты што-кольвечы таму Лёньку… Ён жа не толькі праз спіну ланцугом перабаяць можа, а і хату спаліць… Мазгі ўсе прапіўшы, — апраўдваўся дзед. — А Франэль ачухаецца, яму ж не прывыкаць. Ды і не баліць яму, пэўна, так як нармальнаму чалавеку… Ён жа і не ведае, і не разбіраецца, што значыць той боль. З галавой жа ў яго не ўсё ў парадку…

Жанчыны толькі заківалі галовамі.

Каментары28

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек2

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

«Усё цела было ў парэзах». Вязень з «Воўчых нор» расказаў пра Сцяпана Латыпава3

«Зара над Нёманам» мае стаць вялікім сюрпрызам выбараў у Літве19

Эканаміст Павел Данейка расказаў, чаму на сумоўях пытаўся пра Гары Потэра10

Як выглядае самы ўзорны пад'езд у Мінску1

Сына галоўнага трэнера хакейнага «Дынама» адправілі на Акрэсціна1

Назвалі нобелеўскіх лаўрэатаў па медыцыне і фізіялогіі

Крыху зменіцца парог сумы падарункаў, з якіх не трэба плаціць падатак2

На захадзе Мінска гарэў гандлёвы цэнтр

У Брэсце пачалі судзіць ужо 11-ю групу за «грубае парушэнне парадку» ў 2020 годзе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек2

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек

Галоўнае
Усе навіны →