Перагукнуўся з анёлам дзявочы голас (
З выканаўцамі калектыву «Соnkordia Chor» мы сустрэліся ўпершыню на канцэрце ў Мінскай філармоніі.
Два сяброўскія хоры — беларускі і шведскі — выступілі ў Малой зале імя Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў чэрвені. Сумесны канцэрт быў арганізаваны ў межах III Міжнароднага фестывалю аматарскіх хораў «Гукі лета» пры садзейнічанні пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.
У выступленні хору «Boo Cantabile» пад кіраўніцтвам Хелены Энгарт адчуваўся еўрапейскі стыль, гуманнасць і адукаванасць выканаўцаў. Узнёсла і ўрачыста прагучалі творы «Пяцідзясятніца», «I will praise thee o Lord».
Выступленне хору «Соnkordia Chor» было напоўненае ўдумлівымі царкоўнымі песняспевамі. Хор выканаў акрамя спевы на музыку Т. Томкінсана, Дж. Палестрыны, А. Архангельскага, У. Мартынава.
Прагучалі песні на тэксты Караткевіча, негрыцянскія спірычуэлы «Soon I will be done», «Wade in the Water». Са спевам духоўных вершаў выступіў саліст Р. Засмужац.
Хор пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай у красавіку 2012 года выпусціў першы дыск, на якім сабранае найлепшае за 5 гадоў.
Стварэнне хору і кіраванне ім — вялікая духоўная праца.Тым больш што хор складаецца з аматараў музыкі, працаўнікоў праграмісцкай кампаніі IBA. Відавочна, не праз дысцыпліну і патрабавальнасць, а праз мілосць кіруе хорам цудоўная жанчына з глыбокімі вачыма і мяккімі рухамі. Менавіта любоў, пяшчота, дабрадаць і пачуццё ўнутранай свабоды яе перапаўняюць.
У сям’і Казiмiроўскiх было акрамя яе сямёра братоў і сёстраў. Дзеці раслі ў творчай атмасферы, некаторыя з іх сталі прафесійнымі музыкамі. Сваю адукацыю Галя пачала ў
Пасля заканчэння Беларускай акадэміі музыкі ў 2004 годзе Галіна два гады працавала ў Нідэрландах з аматарскім хорам дарослых, дзе яе сястра выкладала фартэпіяннае майстэрства ў музычнай школе. Прыехаўшы на Радзіму, яна выступала ў харавой капэле імя Рыгора Шырмы.
У 2007 годзе Галіна з сябрамі заснавала самастойны аматарскі калектыў «Соnkordia Chor» і стварыла канцэртнае агенцтва «BelArtSound», мэта якога — папулярызацыя харавога мастацтва. Хор выступае ў касцёлах Беларусі і Літвы, прэзентаваў сваё майстэрства ў Тэрэмісках у Польшчы ў 2010 годзе, браў удзел у музычных фестывалях «Ліра», «Мінская музычная вясна», калядным фестывалі «Ave Maria», джазавым фестывалі «Jam Slam 2009» і іншых музычных святах.
У 2010 годзе Галіна Казіміроўская разам з Ганнай Хітрык і іншымі выканаўцамі брала ўдзел у супольным праекце «Мой сябра анёлак» на вершы Арцёма Кавалеўскага і музыку Змітра Вайцюшкевіча, якія дадалі яшчэ адну выдатную дзіцячую кружэлку ў калекцыю беларускамоўных сем’яў.
— Гэтая праца — любімая, таму ад яе не адчуваеш стомы,— падзялілася думкамі кіраўнічка хору. — З выканаўцаў кожны калісьці спяваў у хоры і займаўся музыкай. Супрацоўнікі кампаніі ўвесь дзень праводзяць за кампутарам, а ўвечары прыходзяць сустрэцца з сябрамі, заспяваць разам. Любоў да спеваў — на ўсё жыццё. Мы спяваем розную музыку: тут і харавая класіка, і старажытная музыка, і сучасная. Вялікае месца ў рэпертуары займаюць народныя песні, прычым не толькі беларускія, але і ўкраінскія, кубінскія і нават японскія. Больш цікавіць шматгалоссе — спаконвечная манера спеваў.
У 2011 годзе ў Мінск да нас на запрашэнне Стэфана Эрыксана прыязджаў хор прыхода Св. Іаана. Хораў у іх вельмі шмат. Мы з нашым хорам ў траўні 2012 наведалі Стакгольм з канцэртамі і ўмацавалі кантакты з сябрамі. Мы імкнемся выступаць ў розных касцёлах. Гэта найлепшая пляцоўка для нас. Выступаем 4–5 разоў на год у Нясвіжы, Лагойску, Браславе.
Кіраўнічка хору — жонка вядомага беларускага артыста Змітра Вайцюшкевіча. У іх двое дзетак, старэйшы трохгадовы сын Язэп і малодшая дзевяцімесячная дачушка Стэфанія, названая ў гонар сябра сям’і і хроснага бацькі Язэпа — Стэфана Эрыксана. Пра дзетак яна заўважае, што Язэп басіць, а Стэфанія спявае сапрана.
Другі раз мы сустрэліся з выканаўцамі і іх натхняльніцай на грандыёзным фэсце ў Браславе, які праходзіў у канцы жніўня ў гонар Абраза Божае Маці Валадаркі. Гэтае свята адзначаецца кожны год у трэцюю суботу жніўня і збірае вернікаў з усіх куткоў краіны, удзельнікаў творчых калектываў, майстроў, аматараў гістарычных рэканструкцыяў.
Шчырыя гаспадары горада гасцінна прымалі ўдзельнікаў свята ў сваіх хатах і на турыстычнай базе.
На другі дзень музыкам быў дадзены гонар спяваць на своеасаблівай пляцоўцы — на вялізным каўчэгу даўжынёй 32 метры, пабудаваным побач з касцёлам. Як расказалі мясцовыя жыхары, карабель ствараўся дзякуючы рупнасці польскага ксяндза Лешка Вітвіцкага, які адным з першых у часы перабудовы пачаў аднаўляць храм у Браславе. У 2009 годзе сотні вернікаў з розных краін сабраліся на ўрачысты момант каранацыі Абраза Божае Маці Валадаркі Азёраў якраз на тым самым каўчэгу.
— Мы — свецкі хор і ўпершыню ўдзельнічалі ў такой вялікай святочнай імшы. Для нас гэта быў важны досвед, — падзялілася ўражаннямі сп. Галіна пасля паездкі.
Каментары