Міліцыя патрабуе забараніць рэкламу пітной вады «Бульбаш» і «Крышталь»
Бо ў гэтым бачная схаваная рэклама гарэлкі.
Міліцэйская газета «На варце» апублікавала інтэрв’ю з начальнікам упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў падпалкоўнікам Алегам Каразеем. У ім міліцыянт выказаў некалькі ініцыятываў па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва.
«Меры, што прымаюцца дзяржавай меры па супрацьдзеянні алкагалізацыі насельніцтва недастатковыя, —перакананы ён. — Патрабуюць прапрацоўкі і заканадаўчага замацавання пэўныя меры, накіраваныя на абмежаванне спажывання спіртнога.
Неабходна значнае скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці танных няякасных вінаў, павелічэнне акцызнага падатку і адпаведна кошту алкагольнай прадукцыі.Патрэбна рэгламентацыя колькасці і размяшчэння гандлёвых аб’ектаў, якія рэалізуюць алкаголь, а таксама дзён (напрыклад, не прадаваць у нядзелю) і гадзін рознічнага продажу спіртнога (забараніць рэалізацыю з 12.00 да 14.00 і з 19.00 да 10.00).
Таксама патрабуецца ўвесці строгую забарону на ўтоеную рэкламу алкагольнай прадукцыі, каб па нашых гарадах не ездзілі тралейбусы з надпісамі на бартах аб пітной вадзе „Бульбаш“ або „Крышталь“.Узроставы цэнз абсалютна неабходны. На погляд МУС і Міністэрства аховы здароўя, 21 год — менавіта той мінімальны ўзрост, з якога можна набываць алкаголь. Будзе не лішнім, каб вытворца на ўпакоўцы алкагольнага напою размяшчаў папярэджанні пра шкоду для здароўя».
Адзначым, што
«пітная вада», якая дзіўным чынам супадае з назвай гарэлкавых брэндаў, насамрэч рэкламуецца ў Беларусі ўсё часцей. Прычым знайсці ў продажы тую ж пітную ваду «Бульбаш» амаль немагчыма.
Каментары