Архіў

Лісты ў рэдакцыю

№ 34 (155), 13 — 19 сьнежня 1999 г.


 Лісты ў рэдакцыю

 

Крыўдна, спадар Шарэцкі!

Чуюся ў абавязку і чуюся вымушанай сумленьнем пісаць да Вас. Бывала, я чуць не крыўдавала на Васіля Быкава за ягонае празьмерна пэсымістычнае прадстаўленьне сытуацыі беларускае справы. Прачытаўшы аднак у “Нашай Ніве” (30) за 8.11.1999 артыкул Андрэя Старавойтава “Нам бы зь Менскам разабрацца”, з болем у душы падумала: не дзіўлюся пэсымізму Быкава... Адзін уладар Беларусі, цяпер ужо нелегітымны, аддае Беларусь усходняму суседу, другі, цяпер легітымны, дзякуе жыхарам Вільні, што “на працягу даўгіх стагодзьдзяў давалі магчымасьць прыяжджаць сюды беларусам і ствараць тут свае друкарні (я маю на ўвазе Скарыну), пачынаць тут і нашае пісьменства, і адукацыю...” Вось да чаго, браткі, мы дажыліся!

Калісь, у 1972 годзе, калі мы ў Канадзе, ды наагул за мяжой, адзначалі 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі, беларускі вучоны доктар Вітаўт Тумаш пісаў:

“Друк на беларускай зямлі зарадзіўся ня ў нейкім правінцыяльным асяродку, але, гістарычна зусім заканамерна, у дзяржаўна-палітычным і культурным цэнтры краю, у тагачаснай сталіцы Беларусі і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, у Вільні...

Нацыянальна якая ды чыя была Вільня ў пару, калі там паўставала першая друкарня, друкарня доктара Скарыны, сьведчыць яскрава тое, што з усіх 21 хрысьціянскіх сьвятыняў места таго часу 14 было праваслаўных і толькі 7 каталіцкіх. З каталіцкіх жа 2 — сьвятой Ганны й сьвятога Мікалая — збудаваныя нямецкаю калёніяй Вільні, абслугоўвалі рэлігійныя патрэбы нямецкіх рамесьнікаў і купцоў, былі нямецкімі. Катэдра ж і чатыры касьцёлы іншыя служылі таму беларускаму баярству й мяшчанству, што ўжо былі каталіцкай веры, невялікаму тады яшчэ лікам мяшчанству польскаму ды жыхаром розных іншых дробных нацыянальнасьцяў.

...Жыхарства ў Вільні ў часы Скарыны ў дзьвёх найменш трэціх па веры было праваслаўным, па нацыянальнасьці ж у вялікай большасьці беларускім. Дык усе гутаркі савецкіх казённых гісторыкаў аб тым, што калі доктар Скарына друкаваў свае кнігі ў Вільні, дык друкаваў на чужой сабе, на жамойцка-лятувіскай зямлі — хвальшаваньне гістарычнае праўды. Вільня была тады местам беларускім, праваслаўным, Скарына дзеіў у сваім нацыянальным асяродзьдзі, калі друкаваў для таго народу, зь якога сам паходзіў, сярод якога жыў.

...Вільня ў часы Скарыны не была напэўна местам лятувіскім. Ніколі не была яна гэткаю й праз усе пазьнейшыя вякі, калі места перажывала часы акаталічаньня, палянізацыі, канцэнтрацыі жыхарства жыдоўскага, ды пасьля масавы наплыў расейскага чыноўніцтва. Не была Вільня лятувіскай па складзе свайго жыхарства й тады, калі ўвосені 1939 году Масква аддавала места з бліжэйшымі ваколіцамі... тагачаснай Лятувіскай рэспубліцы.

Міжваенныя перапісы ў больш як 200-тысячнай Вільні не рэгістравалі й 2000 (двох тысячаў) жыхароў лятувіскай нацыянальнасьці, ці або яна не складала й 1% усяго жыхарства. Ніякага лятувіскага жыхарства не было й на колькі дзясяткаў кілямэтраў навакола Вільні. Ведалі дасканала гэта й тагачасныя валадары савецкае імпэрыі, калі перадавалі Вільню тым на яе прэтэндэнтам, што ніякіх аб’ектыўных падставаў на места ня мелі”.

І пасьля др.Тумаш піша:

“Вось пры гэткім культурна-мэханічным трактаваньні партыйнай гістарыяграфіяй гісторыі беларускага народу савецкім гісторыкам даводзіцца цяпер пісаць, што не ў Беларусі, але Жамойці-Летуве, бо ж у Вільні, беларускія кнігі друкаваў доктар Скарына, а па ім слаўны Пётра Мсьціславец, знакамітая Друкарня Дому Мамонічаў ды іншыя беларускія друкары, што ў Жамойці-Летуве складаўся ды выдаваўся Літоўскі Статут, а ня гэтак яшчэ даўно выходзіла там і “Наша Ніва” — ды розныя падобныя нябыліцы. Пісаць гісторыю беларускага народу ды без гісторыі нацыянальна-духовага цэнтру краю, сталічнае Вільні, гэта такая ж недарэчнасьць, як калі б нехта пробаваў пісаць гісторыю старажытнае Грэцыі ды без гісторыі Афінаў”.

Такою ж недарэчнасьцю ёсьць і словы Сямёна Шарэцкага.

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

Конкурс на лепшую вясковую школу

Таварыства Беларускай Школы і Таварыства Беларускай Мовы імя Скарыны распачынаюць конкурс на лепшую беларускую вясковую школу. У гэтым конкурсе могуць браць удзел усе вясковыя і местачковыя школы Беларусі, а таксама любыя (гарадзкія і вясковыя) школы, ліцэі, дашкольныя ўстановы, нядзельныя школкі за межамі краіны, у якіх вывучаецца беларуская мова, гісторыя і культура Беларусі.

1 ЭТАП. Да канца студзеня 2000 году школы, што хочуць узяць удзел у конкурсе, мусяць на адрас аргкамітэту даслаць матэрыялы пра ўстанову і яе працу і даць вольны адказ на наступныя пытаньні (для ўстановаў з замежных краінаў іх можна зьмяняць з улікам акалічнасьцяў навучаньня):

1. Колькасьць (і працэнт) дзетак, ахопленых беларускамоўным навучаньнем.

2. Якія мерапрыемствы, гурткі ды іншыя формы дзейнасьці ўстановы найлепш садзейнічаюць захаваньню культурнай і гістарычнай спадчыны?

3. Якія дысцыпліны (клясы і колькасьць навучэнцаў) вывучаюцца ў школе на расейскай ды іншых мовах?

4. На якой мове вядзеце справы, нарады, візуальнае аздабленьне?

5. Якія газэты і часопісы выпісвае школа?

6. Ці ёсьць у школе суполкі ТБМ, ТБШ ды іншых арганізацыяў?

7. Калі школа мае музэй, апішыце яго.

8. Як укамплектаваная бібліятэка?

9. Ці бяруць удзел вучні ў конкурсах, алімпіядах? Якія вынікі?

Дасылайце таксама ілюстрацыі дзейнасьці, дакумэнты (альбомы, газэты, копіі граматаў і іншае).

2 ЭТАП. Люты 2000 г. — вызначэньне пераможцаў шляхам аналізу дасланых матэрыялаў і праз наведваньне сябрамі Журы лепшых навучальных установаў ды вызначэньня першага, другога ды трэцяга месцаў. Журы конкурсу вызначыць 7 лепшых школаў: па адной у кожнае вобласьці Беларусі ды адну ў замежжы.

На сустрэчу па выніках конкурсу для атрыманьня граматаў ды каштоўных падарункаў у Менск будуць запрошаныя па два прадстаўнікі ад кожнае школы-пераможцы. Прадугледжаныя таксама і дадатковыя прызы для школаў, што не ўвайшлі ў лік пераможцаў: бібліятэчкі, падпіскі на газэты ды часопісы, ільготныя пуцёўкі школьнікам на адпачынак за мяжою ды іншае.

Адрас Аргкамітэту і Журы: ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”, Румянцава 13, Менск, 220005. Тэл.: (017) 284-85-11.

ТБМ імя Францішка Скарыны

 

Эліта — творчыя людзі

Я не зраблю сваім сябрам маральна слабога чалавека й не аддам перавагу чамусьці няпэўнаму й галярэткападобнаму. Адсюль — нізавошта не падтрымаю эліту, якая сама ня здольная знайсьці нейкае апірышча. Урэшце, на тое яна й эліта, каб мець і мэту, і добра акрэсьленыя шляхі яе дасягненьня.

Здаецца, сп.Клачоўскі меў на ўвазе эліту як крэатыўна-актыўную частку грамадзтва, а ня кола слаба заарганізаваных інтэлігентаў, што нічога прафэсійнага ня робяць, але лічаць сябе беларускімі Палітыкамі, Эканамістамі, Мастакамі. Больш за тое, за свае памылкі яны аніколі ня просяць прабачэньня ў не-эліты, а памылка (яе прызнаньне) сьведчыць пра наяўнасьць дзейнасьці й прадугледжвае ейны працяг.

Няслушным падаецца атаясамленьне сп.Паўлоўскім эліты з інтэлігенцыяй. Згаджаюся, што інтэлігенцыя — падмурак эліты. Але нашая — нейкая сыраватая, можа таму, што ў большасьці складаецца з моладзі, якая яшчэ ня мае ўстойлівых прынцыпаў маральнасьці што да выбару і яго рэалізацыі. У такіх умовах годнасьць нярэдка падмяняецца максымалізмам.

Л.Куратава


Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?7

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?

Усе навіны →
Усе навіны

Пракуратура растлумачыла, чаму ў Беларусі забаранілі кнігу пра БНР32

Трамп адмяніў падпісанне ў Давосе пагаднення аб паваенным аднаўленні Украіны на 800 мільярдаў даляраў8

У Гродне мужчына загінуў падчас спробы «прыкурыць» аўтамабіль6

Чарнобыльская АЭС засталася без знешняга сілкавання пасля расійскай атакі1

Зяленскі пракаментаваў запрашэнне Украіны ў Раду міру разам з Беларуссю і Расіяй5

Гэта так проста — а мы зможам больш. Пералічыце 1,5% падаходнага на беларускую справу13

Работніка «Мазырсолі» асудзілі на чатыры з паловай гады па справе Гаюна

На мяжы зноў можна браніраваць месца ў электроннай чарзе. Стала нашмат зручней, але цана VIP-броні шакуе

Пад Масквой пакрыўджаны таджык зарэзаў скінхэда, які чапляўся да пасажыраў аўтобуса13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?7

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць