Архіў

Францішак Корзун. Харбін. Пачатак самоты

№ 24 (181), 12 — 19 чэрвеня 2000 г.


 

Харбін. Пачатак самоты

 

Хвалі Індыйскага акіяну разразаў камфартабэльны параплаў. Ён вёз сваіх пасажыраў з Шанхаю ў далёкую Вэнэцыю праз Ганконг, Сынгапур, Бамбэй, Калёмба, Порт-Саід. Падарожжа было доўгім, і пасажыры, каб не засумаваць, самі ладзілі сабе забавы. Асаблівай папулярнасьцю карысталіся імправізаваныя канцэрты, на якіх мог выступіць кожны, хто жадаў. І на кожным з такіх канцэртаў публіка зь нецярплівасьцю чакала выхаду маладога чалавека з адкрытым тварам і добрай усьмешкай. Ягоны дзівосны пералівісты голас нібы ахопліваў музыку усёй сваёй гарачай сілай. Гэта быў Міхась Забэйда.

Паваротным момантам у ягоным жыцьці стала сустрэча з расейскай сьпявачкай, былой партнэркай Шаляпіна Юліяй Плотніцкай. Адбылося гэта ў Харбіне, куды ўцёк зь Сібіры ад грамадзянскай вайны малады настаўнік. Два гады Забэйда вучыўся ў яе пастаноўцы голасу. «Толькі Вам, мілы, — казала яму старая прафэсарка, — я хачу перадаць усё тое, што ведаю і на што здольная, бо не хачу, каб гэта ўсё сышло з мною ў магілу». А здольная яна была на многае. Плотніцкая так умела паказаць зьмест, глыбіню і выразнасьць твору, што Забэйда, зь яго ўласных словаў, «купаўся ў алеі вакальнага мастацтва». Плотніцкая абудзіла ў Міхася першыя, яшчэ нясьмелыя думкі аб Італіі, калысцы опэры, радзіме чароўнага bel canto. Менавіта Плотніцкая выдасьць яму рэкамэндацыйны ліст, зь якім ён пазьней і паедзе ў La Scala:

«Міхаіл Іванавіч Забэйда займаўся ў мяне паўтара гады і выказаў значныя музычныя і вакальныя здольнасьці. Голас у яго вялікі і шырокі, у аснове зь вялікім запасам мэталу, звонкі і яскравы. Надзвычайны слых і музычная памяць, голас гнуткі, паддаецца тэхніцы.

У мяне ён дасягнуў цудоўнага піяна, філіраваньня гукаў і вольнага валоданьня дыханьнем на дыяфрагме. У яго вялікія здольнасьці да музычнае фазы, да мастацкага вытлумачэньня твораў, якія ён выконвае, добрая дыкцыя і хуткае засвойваньне самых складаных нюансаў. Адным словам, пры настойлівай працы і плянамерных занятках у добрага й дасьведчанага прафэсара, пры ўсіх ягоных вышэй згаданых дадзеных, ён можа зрабіць бліскучую кар’еру опэрнага сьпевака».

Пакуль жа Забэйду праслухоўвалі мэтры Харбінскага опэрнага тэатру. Але ад сцэны Міхась пакуль адмаўляўся: «...Чым далей займаўся, тым менш быў задаволены сабой, тым менш у сябе верыў. Стамляла праца ў школе, асабліва моцна адбіваючыся на горле, і я ня мог сьпяваць так, як хацеў, так, як сабе ўяўляў».

Замест таго, каб інтэнсыўна працаваць над сваім голасам, Забэйда паступіў на эканамічнае аддзяленьне юрыдычнага факультэту Харбінскага ўнівэрсытэту, спалучаючы вучобу з працай у школе. Так працягвалася некалькі гадоў.

Цяжка сказаць, якім быў бы канчатковы выбар Забэйды, калі б ён і далей вагаўся. Але ў 1929 годзе за ўдзел у страйку салідарнасьці з СССР яго звольнілі з працы ў гандлёвай школе. Трэ было шукаць новае месца, і малады сьпявак рушыў у Харбінскую опэру. Спачатку яму адмовілі: трупа была ўкамплектаваная. Але неўзабаве разгарэўся скандал: бас Шумілін, які павінен быў выконваць партыю млынара, парушыў умовы кантракту, адмовіўся выступаць і ад’ехаў у Шанхай. Адкрыцьцё сэзону было пад пагрозай зрыву. Вырашылі ставіць замест «Русалкі» «Яўгена Анегіна»: у тэатры быў добры барытон Л.Вітэльс, які мог цудоўна выканаць партыю Анегіна. Пачалі шукаць Ленскага. І тады адміністрацыя тэатра ўзгадала пра М.Забэйду.

Прэм’ера была ўдалай. Публіцы малады саліст відавочна спадабаўся. За ўсю гісторыю Харбінскай опэры ў ёй не было больш такога «зорнага» дэбюту. Цяпер малады артыст «прапісаўся» ў трупе, выцягваючы ўвесь рэпэртуар лірычнага тэнара. За тры гады, аддадзеныя Харбінскаму тэатру, ён выканаў 15 роляў: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Уладзімер Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пінкертан («Мадам Батэрфляй» Д.Пучыні), Генадзь («Ноч каханьня» Валянцінава), Арлекін Пэпэ («Паяцы» Р.Леанкавалё), Індыйскі Госьць («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Граф Альмавіва («Сэвільскі цырульнік» Д.Расіні), Фаўст («Фаўст» Ш.Гуно), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Альфрэд («Травіята» Д.Вэрдзі), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Цар Берандзей («Сьнягурка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімер («Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Рудольф («Багема» Д.Пучыні).

Якую б ролю ў тэатры ён ні выконваў, крытыка была ў захапленьні.

За фасадам славы была непасільная праца. Каб сур’ёзна займацца сьпевамі, патрэбныя былі матар’яльныя сродкі. Таму прыходзілася выступленьні ў опэрным тэатры спалучаць з настаўніцкай працай. Сьпявак фактычна ня меў ні часу, ні сродкаў, каб даць сабе хоць нейкі адпачынак.

Да ўсяго пачаліся праблемы з здароўем. У дваццаць пяць гадоў у Забэйды пачаўся паталягічны працэс у лёгкіх. Трэ было берагчы горла, і Забэйда вымушаны вечна атуляць шыю, баіцца дрэннага надвор’я, ён ня п’е і ня паліць, бо гэта шкодзіць голасу, і наагул вельмі асьцярожны ўва ўсім. «...Каб даваць людзям радасьць сваімі сьпевамі, — пісаў ён пазьней Зосьцы Верас, — я мусіў трымацца далей ад людзей, хоць вельмі іх любіў. Гэтая неабходнасьць (трымацца далей ад людзей) вельмі перашкаджала мне ў артыстычнай кар’еры, але памагала даваць лепшыя працоўныя вынікі». Так мастацтва на ўсё жыцьцё зрабіла яго самотным.

Міхась Забэйда любіў паўтараць словы Дантэ: «У хвіліны радасьці мусім збудаваць мост, каб маглі па ім прайсьці, калі наша гора выкліча ў нас рэкі сьлёзаў». Ягоным мастом была музыка.

Забэйда адкладае грошы з свайго сьціплага заробку, каб паехаць у Італію. «Цяпер дзіўлюся, — успамінаў ён на схіле дзён, — як адважыўся паехаць у Італію, ня маючы аніякай матар’яльнай падтрымкі. Меў вялікае шчасьце, што не загінуў».

У 1932 годзе Міхась Забэйда пакінуў Харбін, узышоў на акіянскі параплаў і адплыў у поўнае трывог і хваляваньняў падарожжа. Сьмелы быў чалавек.

Францішак Корзун


Каментары

Цяпер чытаюць

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць23

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Усе навіны →
Усе навіны

Курыца стала самым спажываным мясам на планеце1

Абараняць Славянск і Краматорск даручана легендарным генералам Білецкаму і Пракапенку. Які план Украіны?3

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю19

Apple ў верасні збіраецца прэзентаваць першы складны айфон

Каля тысячы турыстаў загінулі ці зніклі без вестак у Непале і Кітаі пасля катастрафічных паводак2

«Не магу вызваліць палітзняволеных, але магу палепшыць жыццё аднаго чалавека». Беларуска расказала, як стала прыёмнай маці

Пенсіянерка распавяла, як пад відам супрацоўнікаў райвыканкама яе ледзь не аблапошылі махляры5

Кіраўнік ЦРУ прылятаў у Маскву, каб папярэдзіць Расію аб недапушчальнасці атакі на краіны Балтыі — Politico24

Сель у Непале і Тыбеце: каля 1500 чалавек загінулі ці зніклі. Большасць з іх — турысты, сярод іх 53 украінцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць23

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць