Грамадства

З кліенткі таксі спісалі кошт паездкі, якой яна не скарысталася. Як так выйшла?

У рэдакцыю Onliner звярнулася кліентка таксі, якая распавяла, як з яе рахунку спісалі грошы за паслугу, якой яна так і не скарысталася. З рашэннем кампаніі яна не пагадзілася і напісала ў яе адрас дасудовую прэтэнзію.

Ілюстрацыйнае фота

«Была ўпэўненая, што ўсе замовы адмяніла»

— 29 чэрвеня мне трэба было замовіць таксі, і я паспрабавала знайсці машыну праз дадатак «А1 Таксі», бо там звычайна танна. Але машыны проста не знаходзіліся, нават нягледзячы на тое, што цана ў той раз была высокай, як і ў іншых службаў. Я некалькі разоў стварала новую замову. Ніхто не знайшоўся, і я адмяніла апошнюю замову, выйшла з дадатку і знайшла сабе машыну ў іншага перавозчыка, — успамінае жанчына.

Паводле яе слоў, яна ўжо амаль даехала да месца прызначэння на машыне іншай кампаніі, калі ёй патэлефанаваў таксіст і спытаў, дзе яна.

— Я нічога не разумею, спрабую разабрацца, і высвятляецца, што мая замова не адмянілася, кіроўца знайшоўся і прыехаў. Я патлумачыла сітуацыю, але кіроўца закрыў замову як выкананую, і з маёй карты спісалі 41,09 рубля.

Суразмоўца распавяла, што патэлефанавала ў службу падтрымкі, паспрабавала растлумачыць сітуацыю і запатрабавала вярнуць грошы. Але, паводле яе слоў, ёй адмовілі, спаслаўшыся на чаканне і кошт падачы машыны.

— Важная акалічнасць: мне не прыйшло ні push-апавяшчэння, ні SMS-паведамлення пра тое, што машына знойдзеная. Інакш я адразу адмяніла б замову, — сцвярджае жанчына.

— Мая першапачатковая прэтэнзія была ў тым, што мне ніяк не паведамілі пра тое, што машына знайшлася. Я дагэтуль упэўненая, што ўсе замовы перад выхадам з дадатку адмяніла.

Жанчына накіравала кампаніі прэтэнзію, у якой запатрабавала вярнуць поўны кошт замовы. У лісце ў адказ кампанія паведаміла, што ў дачыненні да кіроўцы былі прынятыя меры дысцыплінарнага спагнання за парушэнне правілаў. Таксама было паведамлена, што частка сумы па замове вернутая на рахунак кліенткі, але пры гэтым утрыманы кошт падачы аўтамабіля. Кампанія адзначыла, што адна з замоў не была змененая або адмененая, таму кіроўца прыехаў па паказаны адрас.

— Перавозчык перагледзеў маю замову і вярнуў мне крыху больш за 24 рублі са спісанай сумы. Атрымалася, што падача машыны і маршрут даўжынёй 0 км за 1 хвіліну абышліся мне ў 17,50 рубля. Калі зыходзіць з кошту чакання ў перавозчыка, атрымліваецца, што кіроўца чакаў мяне 27 хвілін і нават не паспрабаваў патэлефанаваць. Кіроўца ўзяў маю замову ў 17:56, а ўпершыню звязаўся са мной у 18:24, — адзначае суразмоўніца.

Яна распавяла, што напісала яшчэ адзін ліст кампаніі, у якім папрасіла паўторна разгледзець яе зварот і прывяла адпаведныя аргументы.

Жанчына таксама звярнула ўвагу на супярэчнасці ў звестках пра замову. Так, паводле электроннай квітанцыі, замова паступіла ў 17:56, паездка была пачатая ў 18:03 і скончаная ў 18:26.

«Пры гэтым першы званок ад кіроўцы я атрымала толькі ў 18:24. Такім чынам, паміж пазначаным часам пачатку паездкі і першым кантактам са мной прайшло больш за 20 хвілін», — адзначыла кліентка ў лісце.

Таксама яна папрасіла прадставіць дэталёвы разлік утрыманай сумы — 17,50 рубля.

— Асноўнае патрабаванне — вярнуць усю ўтрыманую суму альбо адэкватным чынам са мной пракамунікаваць і растлумачыць, чаму была ўтрыманая менавіта такая сума. З аднаго боку, 17,50 рубля — гэта быццам бы не такія вялікія грошы. Але маё выказванне непасрэдна тычыцца сэрвісу (а я бачу вельмі шмат дрэннага сэрвісу вакол), і я ўпэўненая, што велізарную колькасць праблем мы ствараем сабе самі, таму што не звяртаем на гэта ўвагі.

«Ну, спісалі гэтыя грошы, што я буду траціць на гэта свой час», «аказалі дрэнную паслугу, кава халодная была, нічога, «з'ем», прамаўчу, заплачу». Не, я лічу, што там, дзе кліент плаціць свае грошы, кампанія павінна аказваць сэрвіс, — патлумачыла сваю пазіцыю жанчына.

Паводле слоў суразмоўніцы, пасля адказу на першую прэтэнзію іншых лістоў ад кампаніі не паступала. Аднак ужо падчас падрыхтоўкі матэрыялу да публікацыі, калі журналіст Onlíner звярнуўся ў кампанію «А1 Таксі» па каментар, кліентцы вярнулі ўсю суму замовы.

Каментар кампаніі

«Па гэтай замове інфармацыйная сістэма штатна зафіксавала стварэнне замовы і пачатак пошуку аўтамабіля. Пасля прыняцця замовы кіроўцам кліентцы было накіравана SMS-паведамленне з дзяржаўным нумарам аўтамабіля і арыентыровачным часам падачы. Кошт падачы аўтамабіля па гэтай замове склаў 26 рублёў, уключаючы час платнага чакання кіроўцам і перыяд высокага попыту. Да прыбыцця аўтамабіля да месца падачы кліентка мела магчымасць адмяніць замову без якіх-небудзь спісанняў.

Пасля прыбыцця аўтамабіля на месца падачы і пачатку перыяду платнага чакання кліентка звязалася з кіроўцам і паведаміла, што паездка не адбудзецца. У падобных сітуацыях кампанія звычайна кіруецца пунктам 3.12 Публічнай дамовы, а таксама палажэннямі пункта 169 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб перавозках пасажыраў і грузаў» ад 31 сакавіка 2026 года №147, якія прадугледжваюць магчымасць спагнання кошту падачы транспартнага сродку ў выпадку адмены паездкі пасля падачы аўтамабіля. Аднак па выніках разгляду просьбы кліенткі кампанія ў прыватным парадку пайшла ёй насустрач і кампенсавала поўны кошт замовы».

Каментары

Цяпер чытаюць

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць4

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Усе навіны →
Усе навіны

Не атрымліваецца заснуць? Дапамагчы можа перасадка калу4

У Нясвіжскім замку для турыстаў адкрылі падземныя хады і бастыёны1

У Жлобінскім раёне пасябравалі свойскі конь і дзікі алень ФОТЫ4

Колькі каштуе зняць жыллё для студэнта ў Мінску і іншых гарадах2

Два супрацоўнікі аэрапорта Франкфурта памерлі ад малярыі. Былі і іншыя выпадкі захворвання

У Палац Незалежнасці ў дзень адпачынку Лукашэнкі запрасілі 140 бізнэсменаў. Іх прымаў Турчын11

Беларусу Міраславу Лазоўскаму пасмяротна прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Роўна1

Мінгандлю ўзяло пад кантроль білетную палітыку хакейнага «Дынама»1

Малдаванін спрабаваў вывезці з Беларусі жанчыну, схаваўшы яе ў матрацы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць4

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць