Аперацыя па выкраданні аднаго з найвялікшых помнікаў дагістарычнай эпохі была бліскуча спланаваная. Зламыснікі адцягнулі ўвагу паліцыі фальшывым выклікам і за лічаныя хвіліны абчысцілі музейныя вітрыны. Гэта ўжо трэці напад на каштоўныя калекцыі ў Іспаніі за паўгода.

Дзёрзкае рабаванне адбылося пад раніцу 27 жніўня ў Музеі Вільены, што ў іспанскай правінцыі Алікантэ. Як паведамляе выданне El País, злачынцы прадэманстравалі кінематаграфічны ўзровень падрыхтоўкі, правёўшы ўсю аперацыю менш як за чатыры хвіліны.
Спачатку яны адцягнулі ўвагу паліцыі праз спрацоўванне сігналізацыі ў муніцыпальным спартыўным комплексе на ўскраіне горада. Пакуль паліцыя імчала на фальшывы выклік, рабаўнікі разбілі бакавыя вокны музея, прайшлі скрозь браніраванае шкло і ачысцілі галоўную вітрыну.
Здабычай марадзёраў стаў так званы Скарб Вільены — найбуйнейшы збор залатых вырабаў эпохі бронзы на Пірэнейскім паўвостраве і другі па значнасці ва ўсёй Еўропе пасля знаходак з грэчаскіх Мікен.
Брытанская газета The Guardian удакладняе, што скарб быў створаны каля трох тысяч гадоў таму і складаецца з масіўных залатых бранзалетаў, чаш і дэкаратыўных элементаў. Чыстая вага каштоўнага металу набліжаецца да дзесяці кілаграмаў.
Разам з дагістарычнымі артэфактамі зніклі і тры пазнейшыя кароны мясцовай святыні Дзевы Марыі. Пры гэтым срэбраныя пасудзіны і ўнікальныя артэфакты з метэарытнага жалеза зламыснікі ў спешцы пакінулі на месцы.

У 1963 годзе звычайны будаўнік знайшоў у жвіры дзіўны металічны прадмет і аддаў яго кіраўніку будоўлі з думкай, што гэта проста дэталь ад грузавіка. Толькі пасля таго, як жонка іншага рабочага аднесла бранзалет да ювеліра, да справы далучыўся археолаг Хасэ Марыя Салер. Менавіта ён ініцыяваў раскопкі ў перасохлым рэчышчы каля Вільены, дзе і быў знойдзены старажытны гаршчок з незлічонымі багаццямі дагістарычнай эліты.
Мэр горада Фульхенсіа Сердан са слязамі на вачах канстатаваў журналістам, што страта — гэта катастрофа для ўсяго рэгіёна.
Рабаванне ў Вільене не адзінкавы выпадак у краіне. Як адзначае агенцтва Euronews, у Іспаніі гэта ўжо трэці маштабны напад на гістарычныя калекцыі за апошнія чатыры месяцы. Раней высокапрафесійныя групоўкі літаральна за пару хвілін абчысцілі нумізматычныя зборы ў Бадахосе і Альбасэтэ. Еўрапал б'е трывогу — у Еўропе з’явіліся новыя крымінальныя сеткі, якія спецыялізуюцца выключна на крадзяжы культурных артэфактаў і дзейнічаюць з беспрэцэдэнтнай хуткасцю і гвалтам.

Галоўная страта для Іспаніі зусім не ў грашах ці ў іміджы. Калі карціны выбітных мастакоў ці антычныя статуі звычайна крадуць дзеля перапродажу на чорным рынку ў прыватныя калекцыі сапраўдных знаўцаў, то вырабы з каштоўных металаў часта чакае куды больш празаічны і варварскі лёс.
Існуе вялікая рызыка, што ўнікальная спадчына еўрапейскай цывілізацыі, якая шчасліва перажыла ў зямлі тры тысячагоддзі і змену дзясяткаў імперый, будзе проста расплаўленая ў зліткі дзеля хуткай нажывы сучасных марадзёраў. Пытанне цяпер толькі ў тым, ці паспее іспанская паліцыя апярэдзіць плавільную печ.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
па-беларуску гэтая назва пішацца наступным чынам:Еўрапол
Чаму менавіта так?
Еўра- — першая частка назвы паходзіць ад слова Europe (Еўропа). Паводле правіл беларускай арфаграфіі, у пачатку запазычаных слоў пад націскам пішацца літара Е (а не Э), а спалучэнне eu перадаецца як еўр.
-пол — другая частка скарочана ад Police (паліцыя). Тут дзейнічае правіла акання: паколькі націск падае на другі склад (Еўрапо́л),
неакцэнтаванае о ў першым складзе ператвараецца ў а (Еўра- заміж Еўро-).
>жонка іншага рабочага аднесла --- жонка ДРУГОГА рабочага,
а "іншая жонка" - гэта , дббл, ПАЛЮБОЎНІЦА!