Архіў

Віктар Шніп. На вакзале...

№ 25 (182), 19 — 26 чэрвеня 2000 г.


 

Віктар ШНІП

На вакзале...

 

У маіх Пугачах вакзал — звычайны аўтобусны прыпынак каля крамы, у якой заўсёды можна купіць пляшку і тое-сёе, каб прыкусіць. І няма ў вёсцы ніводнага чалавека, які б рана ці позна не прыйшоў сюды. Тут і цалуюцца, тут і б’юцца. І, будучы хлапчуком, я абходзіў наш вакзал, калі на ім былі старэйшыя вяскоўцы. Быць на вакзале як роўнаму сярод роўных трэ было заслужыць — магчы і пяць грам самагонкі пацягнуць, і цыгарку запаліць, і пабіцца... І толькі недзе ў клясе сёмай мяне прынялі ў вакзальную кампанію, але й то таму, што хлопцы даведаліся, што я пішу вершы. І прыходзіў з Валожына аўтобус, а мы ўжо тут як тут. Ня нашых часам білі (ня думаючы, за што), нашых дзяўчат палохалі, а калі ўжо зусім цямнела, залазілі праз вокны ў аўтобус, які заставаўся на ноч на вуліцы, і там гулялі ў карты і курылі. І гэта было даўно, але гэта было...

На вакзале ў Ракаве, пачынаючы з 1978 году, гадоў сем запар мяне можна было ўбачыць кожную пятніцу недзе з адзінаццатай гадзіны раніцы да пятнаццатай, калі прыходзіў аўтобус з Валожына ў Пугачы. Празь некаторы час у Ракаве мяне ведалі ўсе, як я кажу, жулікі. Многія прыходзілі спэцыяльна, каб пазнаёміцца і разам з паэтам выпіць чарніла. Адмовіцца ад кантактаў было нельга, бо адзін раз быў заікнуўся, што ня п’ю і пачуў: «Ну, тады мы цябе ўтопім у возеры!» І сядзеў я на Ракаўскім вакзале, як кароль на аманінах...

З 1980 па 1985 год раз у месяц я езьдзіў зь Менску ў Валожын, каб праводзіць літаб’яднаньне ў раёнцы. На літаб’яднаньні пазнаёміўся зь Пятром Бітэлем зь Вішнева, які на валожынскім вакзале мне ўпершыню расказаў, як у сталінскай вязьніцы перакладаў «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча і зялёнкай запісваў на паперы ад мяшкоў з-пад цэмэнту. Праляцеў час, і няма ўжо Пятра Бітэля і тых размоваў (а яны былі больш сьмелымі, чым у раёнцы) на валожынскім вакзале пяці-сямі чалавек, якія пішуць вершы па-беларуску і мараць...

Цэнтральны менскі чыгуначны вакзал з 1978 па 1985 год для мяне быў, асабліва зімой, самым лепшым месцам у горадзе. Я тады нідзе не працаваў і на вакзал езьдзіў, як на працу. З сабой заўсёды меў палатняную торбачку, у якой былі кніжкі і сшытак, куды пісаў вершы. Сядзеў на вакзале па тры-чатыры гадзіны ў дзень. І ўсё было добра, пакуль да ўлады не прыйшоў Андропаў і не пачаў змагацца з туняядцамі. І мне на вакзале стала няўтульна, і я вырашыў ісьці здавацца ў міліцыю. Магчыма б здаўся, але памёр Андропаў, і я зноў адчуў сябе чалавекам, які можа сядзець на вакзале і нікуды ня ехаць...

Еду на працу праз вакзал. Ідучы ў мэтро, мінаю ўчарнелых таксістаў. Чую, як яны ўгаворваюць мужыка пад’ехаць: «Куды трэба?» — «Да ўнівэрмагу «Беларусь»... — «Пяць зялёных!» — «Што, здурэлі?!» — «Давай чатыры!», «Я на мятро заеду...», «Едзь!», «А за два?», «Ну, хер з табой, паехалі за два!» І я заходжу ў мэтро, як у іншы сьвет, дзе ніколі ня будзе сонца...

На вакзале цыганкі не даюць праходу: «Хлопец, можна ў вас што-та спрасіць?» У думках пасылаеш цыганку куды трэба і ідзеш сабе далей. А гадоў дваццаць таму, ні з таго ні зь сяго, я трапіў у цыганачную кучу. Да мяне падсела цыганачка гадоў васямнаццаці, нечага нагадала (ня памятаю, чаго) і я, успомніўшы Пушкіна з цыганамі, чытаў ёй свае вершы. А яна сьмяялася і казала: «Паехалі з намі, не пашкадуеш...»

З Масквы, зь Беларускага вакзалу, дахаты любіў езьдзіць цягніком «Масква-Вільня». І заўсёды ехаў зь літоўскімі хлопцамі, якія вучыліся са мной у літінстытуце. Ідзем у вагон-рэстаран. Чарга, але адразу пускаюць тых, хто гаворыць па-літоўску, а астатнія толькі вачыма лыпаюць. І я сяджу зь літоўцамі. П’ю каву і балдзею ад гэтых расейцаў, якія хочуць узяць выпіць, але ня могуць...

1984 год. Чыгуначны вакзал у Тбілісі. Еду на Дні паэзіі Маякоўскага ў Кутаісі. З сабой маю крыху грошай. І тут падыходзіць ці то цыганка, ці то грузінка і прапануе купіць вязаны швэдар атрутна-зялёнага колеру. Згаджаюся адразу, бо ўсё адно трэба купіць маме які-небудзь падарунак. На месцы не прадала, а адвяла за вугал, каб міліцыя ня бачыла. Я насьцярожыўся, але купля прайшла нармальна. Мама падарункам была задаволеная. Але празь нейкі тыдзень ад швэдра застаўся толькі жмук аблезлых нітак.

26 красавіка 1986 году, прыехаўшы з Масквы на чарговы зьезд пісьменьнікаў, давялося сустрэць у Менску. Ужо на пачатку траўня, ад’яжджаючы назад на вучобу, на вакзале пачуў ад мужыкоў, што, каб уратавацца ад радыяцыі, трэба піць чырвонае віно. Пакуль ехаць, абабег крамы і купіў пару бутэлек «Кагору». Тут жа на вакзале палячыўся з адным знаёмым, які праводзіў мяне. І, ужо прыехаўшы ў Маскву ў інтэрнат і перамыўшы ўсё сваё адзеньне, я зьняў з ног пантофлі і шкарпэткі і выкінуў іх у сьмецьцеправод. Мне было дваццаць шэсьць і мне хацелася жыць...

Пры саветах, калі людзей, трэба ці ня трэба, пасылалі ў камандзіроўкі, паслалі і мяне. А на вакзале няма білетаў. Пытаюся ў знаёмага, што цяпер рабіць. А ён (гэта было зімой) надзеў пыжыкавую шапку, падышоў не да білетнай касы, а да акенца нейкага начальніка, прывітаўся, сказаў, што ён з Саюзу пісьменьнікаў і яму трэба білет на цягнік. І тут жа праз хвілю ў мяне быў білет...

Шэсьць гадзінаў раніцы. Сяджу на вакзале, чакаю аўтобус у вёску. Побач сядае дзяўчына гадоў дваццаці. Дастае з сумкі кніжку. Чытае. Гляджу — вершы, беларускія. Яўгеніі Янішчыц. І мне хочацца загаварыць зь незнаёмкай, але...

На вакзале...


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква3

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўніком брытанскай разведкі ўпершыню ў гісторыі стане жанчына — Блейз Метрэвелі1

Беларус будуе незвычайныя дамкі на колах — новы фармат лецішча6

Беларус з ізраільскага Бат-Яма паказаў сваё жыллё пасля ўдару іранскіх ракет11

У Венецыі пратэстуюць супраць вяселля амерыканскага мільярдэра Джэфа Безаса4

Па Мінску прайшла працэсія з некалькіх тысяч чалавек2

Анколаг назвала самыя распаўсюджаныя віды раку3

Гэта Егіпет? Дом са сфінксам пад Віцебскам здзівіў тыкток4

Ізраіль забіў кіраўніка іранскай разведкі і ягонага намесніка2

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква3

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць