Архіў

Рэальнасьць, дадзеная нам у адчуваньнях: год дэградацыі ўраду

№ 36 (298), 27 верасьня 2002 г.

Рэальнасьць, дадзеная нам у адчуваньнях:

год дэградацыі ўраду

Год таму Ўладзімера Ярмошына зьмяніў Генадзь Навіцкі. Фармальна нічога не зьмянялася: ад ураду ў нас у краіне мала што залежыць, бо, нягледзячы на быццам бы незалежнае існаваньне, выконвае Савет міністраў пераважна ролю флюгера на даху Адміністрацыі. Менавіта ўрад першы даведваецца пра зьмену напрамку нашага ветру і пачынае сыгналіць грамадзтву і замежным партнэрам пра гэтую зьмену.

Разам з тым, асоба прэм’ера заўсёды была індыкатарам галоўнага — гатовасьці прэзыдэнта і ягонага атачэньня да рэформаў. Першым прэм’ерам быў Міхаіл Чыгір, буйны банкаўскі дзяяч. Можна па-рознаму ацэньваць яго здольнасьць і жаданьне праводзіць у той час рэформы, але наяўнасьць банкіра ў кабінэце кіраўніка ўраду казала заходняму капіталу, што інвэстыцыі можна несьці. Іх несьлі ў Беларусь. Няшмат, вядома: спачатку ўсё-такі прыгледзецца варта.

Потым Чыгіра зьмяніў Лінг. Памяць пра пленумы ЦК КПБ па пытаньні рэфармаваньня сельскай гаспадаркі памацнела ў грамадзкай сьвядомасьці як ніколі.

І вось зьявіўся Ярмошын. Мэр сталіцы, які лічыўся ўмеркаваным рыначнікам, ён і на новай пасадзе заставаўся ранейшым. Ярмошыну ўдалося неймавернае: застаючыся абсалютна верным прэзыдэнту, ён прымусіў паверыць усіх наглядальнікаў у гатоўнасьць ураду да рэформаў. Тое, як упэўнена ён трымаўся побач з Касьянавым (ох ужо гэты “Міша Два Працэнты”!), сьведчыла, што яны размаўляюць на адной эканамічнай мове. Вядома, не пра два працэнты, якія трэба адшпільваць, а пра эканамічнае заканадаўства Беларусі. Гараджанін, ён разумеў, што менавіта буйныя прадпрыемствы зьяўляюцца стабілізатарамі палітычнай сытуацыі ў краіне. Але трэба мяняць тэхналёгіі ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі рынку. Трэба вызваліць беларускія прамысловыя гіганты ад ланцугоў сацыяльнай сфэры і ад перакрыжаванага субсыдаваньня камунальнай гаспадаркі. Ярмошын быў нешматслоўны і пераканаўчы. Беларусы ўспрымалі яго менавіта як свайго.

Ярмошынскае выступленьне на Ўсебеларускім народным сходзе, дзе гаварылі толькі ў рамках неабходнага для перадвыбарнай кампаніі, запомнілася асабіста мне выразам ягонага твару. Ён адарваў вочы ад паперы, паглядзеў паверх акуляраў у залю і, павярнуўшыся да прэзыдэнта, пачаў яго пераконваць: “Аляксандар Рыгоравіч, вызваліце прамысловасьць ад перакрыжаванага субсыдаваньня, і яна ўздыхне на поўныя грудзі!” Сьледам за Ярмошыным пра гэта пачалі казаць ледзьве ня ўсе выступоўцы.

Падобна, якраз гэтага яму і не даравалі. Цяжка дараваць чужую кампэтэнтнасьць. І на зьмену Ярмошыну прыйшоў Генадзь Навіцкі.

Асабіста я стаўлюся да яго вельмі добра. Прыстойны чалавек. Але як прэм’ер — ён не на сваім месцы. Шчырасьці не стае. Навіцкі застаецца беларусам, і, калі ён кажа пра неабходнасьць рэформаў перад тэлекамэрай, адчуваньне такое, што ў кішэні ён усё роўна трымае акуратную дулю. Скажуць рэформы праводзіць — правядзём, ня скажуць — абыдземся.

Найбуйнейшым рэфарматарам ураду Навіцкага глядзіцца аграрны віцэ-прэм’ер Папкоў. Ці то ён высьпеў разам з жытам, ці то і аграрыя можна прымусіць чытаць Мільтана Фрыдмана, але апошнім часам Папкоў прамаўляе надзвычай рынкавыя рэчы. І гэта той самы чалавек, які на першай сваёй нарадзе ў Гомельскай вобласьці нібыта крыў матам чыноўнікаў проста з прэзыдыюму!

Навіцкі ж па-ранейшаму ў меру сваіх сілаў грае прэм’ерскую ролю. Актор другога пляну, старанны чыноўнік, які ўсё жыцьцё нешта будаваў, а таму сам прывык да бясконцых дзяржаўных датацый сваёй галіны (асабліва ў той час, калі Пятро Пракаповіч, які тады яшчэ не ператварыўся ў Бальцаровіча, ваяваў з Багданкевічам і Віньнікавай), ён так і не зрабіўся палітычнай постацьцю, не прадэманстраваў сваёй здольнасьці прыстасоўвацца да рэальных патрабаваньняў эканомікі. Была спачатку нейкая надзея, што менавіта бясколернасьць дапаможа яму проста выканаць загад аб лібэралізацыі. Але загаду не зьявілася. Навіцкі быў і застаўся самім сабой. Ці добра гэта? Ня ведаю. Магло быць і горш — мог быць і Дамашкевіч.

Пакіне Лукашэнка Навіцкага на сваім месцы або здыме — гэта пытаньне зімы і настрою расейскага кіраўніцтва. Будзе ў кватэрах халодна — Навіцкага пастрыгуць пад казла адпушчэньня. Будзе цёпла — праседзіць яшчэ колькі месяцаў. Але Ярмошына, здаецца, ужо ня вернуць. А шкада.

Аляксандар Фядута


Каментары

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»12

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала7

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей1

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Гардон: Гарачая фаза вайны завершыцца ўжо заўтра26

У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа6

Некаторыя «заменнікі мяса» далёка не бясшкодныя для чалавека10

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

На вайне ва Украіне загінуў былы футбаліст зборнай Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»12

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →