Кiраўнiцтва канцэрну «Беллегпрам» у шоку. Урад мае намер адмовiцца ад дзяржзамовы на прадукцыю лёгкай прамысловасьцi
| ФОТА IREX-PROMEDIA |
Паводле праекту, ужо сёлета будуць цалкам скасаваныя квоты на закуп швейных, гарсэтных, дывановых ды амаль усiх астатнiх найменьняў прадукцыi «Беллегпраму». Дзяржзамова застанецца толькi на некаторыя вiды дзiцячага трыкатажу ды абутку, а таксама панчохаў ды шкарпэтак.
У «Белкаапсаюзе» патлумачылi, што квоты, з аднаго боку, дысцыплiнуюць прадпрыемствы, але, зь iншага, не даюць iм волi. Квоты абавязваюць гандлёвыя прадпрыемствы па ўсёй краiне закупляць пэўны аб’ём прадкуцыi «Беллегпраму». Аднак плацежаздольнасьць насельнiцтва зьмяняецца, а квоты на працягу году застаюцца аднолькавымi. І тая арганiзацыя, якая на пачатку году магла рэалізаваць навязаную ёй прадукцыю, празь некалькi месяцаў ужо ня можа «выбраць квоту». І прадпрыемства нясе страты.
Прэзыдэнт «Беллегпраму» Эдуард Нарышкiн назваў праект «беспрэцэдэнтным лабiраваньнем нечых замежных iнтарэсаў». Ён лiчыць, што дзяржава мусiць, наадварот, падвысiць квоты на закуп вырабаў прадпрыемства, бо спажывецкi попыт падае — значыцца, трэба падтрымлiваць сваiх вытворцаў.
З улiкам абавязковых квотаў, доля прадукцыi лёгкай прамысловасьцi, якую выпускаюць прадпрыемствы канцэрну, складае на ўнутраным рынку 28—38%. Эдуард Нарышкiн лiчыць, што ў iдэале гэтая лiчба павiнна быць роўнай 50%, аднак скасаваньне квотаў немiнуча зьменшыць аб’ёмы продажу.
У гэты час ЗША працягваюць бараніцца ад завялiкага аб’ёму паставак прадукцыi «Беллегпраму» ў краiну. 10 студзеня ў Вашынгтоне быў падпiсаны беларуска-амэрыканскi мэмарандум пра пастаўкi на амэрыканскi рынак прадукцыi нафтахiмiчнай i лёгкай прамысловасьцi Беларусi. Ён прадугледжвае абмежаваньні на продаж беларускага трыкатажу на амэрыканскiм рынку. Сёлета канцэрн можа паставiць у ЗША ня больш за 408 тыс. жаночых нагавіцаў ды ня больш за 792 тыс. палiто з воўны.
Амэрыканцы ўвялі абмежаваньнi пасьля таго, як пастаўкi беларускага трыкатажу на амэрыканскi рынак перавысілi расейскiя (квоты для Расеi былi ўведзеныя яшчэ ў 1998 г.) Аднак «Беллегпрам», якi працуе больш чым з 20 амэрыканскiмi фiрмамi, квоты ня дужа засмуцiлi: амэрыканцы ж не выцясьняюць беларускай прадукцыі з краiны, а толькi намагаюцца пазьбегнуць экспансіi нашага трыкатажу. Памер квотаў ня меншы за леташнiя аб’ёмы паставак прадукцыi «Беллегпраму» ў Амэрыку — значыцца, сёлета экспарт можна будзе нават павялiчыць.
Iснуюць абмежаваньні i на пастаўкi прадукцыi «Беллегпраму» ў краіны Эўразьвязу. Яны невялiкiя: летась канцэрн «выбраў» гадавы лiмiт ужо за 8 месяцаў. Прадпрыемства мае намер павялiчыць квоты, уступiўшы ў асацыяцыю «Эўратэкс», якая вызначае сусьветную па-літыку вытворчасьці й продажу тэкстыльнай прадукцыі, лабіруе інтарэсы сваіх членаў у Эўрапарлямэнце. Сяброўства ў «Эўратэксе» дазволіць павялічыць квоты на пастаўку беларускага тэкстылю ў Эўропу, дасьць магчымасьць працаваць з усімі сусьветнымі тэкстыльнымі прадпрыемствамі, а таксама карыстацца эўрапейскай інфармацыйнай базай у галіне тэкстылю.
Неўзабаве «Беллегпрам» ператворыцца ў недзяржаўны холдынг. Канцэрн складаецца з 91 прадпрыемства, на якіх працуюць 120 тыс. чалавек. І хоць 71 прадпрыемства «Беллегпраму» ўжо не належыць дзяржаве, сярэдняя рэнтабэльнасьць іх вельмі нізкая — 5,3%, таму й было прынятае рашэньне пра прыватызацыю. Адмена дзяржаўных квотаў на закуп прадукцыi «Беллегпраму» будзе на карысьць малым беларускiм фiрмам, якiя вырабляюць аналягiчную прадукцыю, аднак квотаў ня маюць. Разам з тым, замежныя канкурэнты, у першую чаргу з Расеi, таксама апынуцца ў лепшых умовах, бо абмежавальных квот накшталт амэрыканскiх цi эўрапейскiх урад уводзiць ня будзе.
Алесь Кудрыцкi

Каментары