Упершыню ў гісторыі міжнароднага фэстывалю «Noc bluesowa» конкурсную праграму выйгралі беларускія музыкі — трыё «Big Val, Svet & Al».
Фэст гэты штогод адбываецца ў радавым гнязьдзе князёў Мазавецкіх — Раве Мазавецкай. Беларусы прыяжджаюць туды ўжо тры гады і ўзроўнем выкананьня не саступаюць сваім блюзавым калегам зь іншых краін. А ў прызэры раней не выходзілі, бо не маглі адшукаць адпаведны спосаб падачы для свайго блюзу.
Трыё «Big Val, Svet & Al» было адзіным сёлета калектывам, які прапанаваў каранёвы, найбольш старажытны, клясычны дэльта-блюз у акустычным варыянце, што для сяброў міжнароднага журы было як хрумсткі гурок пасьля кілішка добрага блюзавага напою. Усяго ў конкурсе бралі ўдзел па аднаму гурту зь Нямеччыны, Чэхіі, Славакіі, Францыі, Беларусі і шэсьць польскіх камандаў, адабраных з двух дзясяткаў, што дасылалі ў аргкамітэт свае дэма-запісы.
«Афрабеларус» Прахожы
Беларусы выцягнулі добры пяты нумар і адразу ж, як зьявіліся на сцэне, пачалі спэктакль: гаманілі міжсобку на выдатнай ангельскай, расказалі караценька пра сябе, сяброў і сваякоў, пра цяжкую долю блюзмэна. У журы пачалі неўразуменна пераглядацца: маўляў, сьпяваць яны калі-небудзь будуць ці як? Гэта быў выдатны ход! Якраз тут узяла голас слайд-гітара Эла, забурчаў губны гармонік Сьвета, а Вялікі Валера (Big Val) даў чаду сваім наскрозь чорным голасам. Уражаньне было незвычайнае: адзін зь сяброў журы потым адшукаў Валеру, каб на ўласныя вочы пераканацца, што гэта, па-першае, чалавек зь белым колерам скуры, а не пераапрануты афраамэрыканец, а, па-другое, што ён і ў жыцьці мае даволі нізкі голас. Зьдзіўленьню не было межаў, асабліва калі ў журы даведаліся, што Валер Прахожы — прафэсійны перакладчык — усяго гады з тры таму ўпершыню паспрабаваў сьпяваць блюз.
Скончылі нашы свой конкурсны сэт славутым «Hoochie Coochie Man», пасьля чаго на сцэне застаўся адзін Сьвет, які ў вольны ад музычнае дзейнасьці час працуе стаматолягам у Мядзеле. Хлопец выдаў на гармоніку такое заліхвацкае сола, што заставалася толькі гадаць, якое ж месца атрымаюць беларусы. Перад нашымі грала вясёлая чэская каманда «Hoochie Coochie Band», прапанаваўшы блюз узору Чыкага 50-х гадоў. Музыкі закантачылі міжсобку адразу і, пакінуўшы журы думаць, выправіліся ў горад — пайграць на вуліцы дзеля ўласнага задавальненьня, а заробленае выдаткаваць на піва.
Журы адпрацавала супэрдэмакратычна. Напачатку кожны зь сямі яго сяброў назваў калектывы, якія зьвярнулі на сябе ўвагу. Другі тур галасаваньня разглядаў толькі тры калектывы, якія набралі большасьць галасоў, пры гэтым кожны зь сяброў журы мусіў назваць і адпаведнае месца калектыву ў конкурсе. Найбольш балаў набралі нашы, пасьля — чэхі, а на трэцім месцы апынуліся французы «Tia and The Patient Wolves» з салісткай-гітарысткай Ціяй. Яшчэ адну трэцюю прэмію прысудзілі палякам з «Pachwork»; голас салісткі гурту Аляксандры Лысяк надзвычай нагадвае вакал Джэніс Джоплін.
У канцэрце ляўрэатаў беларусы і чэхі разам адыгралі чатыры кампазыцыі, выклікаўшы сапраўдныя «брава». Дый вядоўцы — блюзмэн Славэк Вэшхольскі і радыёкамэнтатар Войцех Асоўскі (нашчадак Яна Чачота, дарэчы) — шчодра сыпалі камплімэнты на адрас трыё «Big Val, Svet & Al». Чэхі адразу ж запрасілі нашых да сябе на фэст «Блюз у лесе», аднак сёлета пасьпець аформіць візы было ўжо немагчыма. Паедуць налета. А вось чэскі квартэт мусіць зьявіцца ў Менску раней. Раю гэты канцэрт не прапусьціць, як і праграму на БТ: Кацярына Нявінская і Канстанцін Карніенка былі ў Раве і рыхтуюць праграму, прысьвечаную трыюмфу беларусаў на «Блюзавай ночы».
Знойдзены Шэўчык і землякі гарадзенцы
Каго напаткалі надзвычайныя прыгоды, дык гэта менскі гурт «Плян», які выступаў на фэсьце ў гасьцявой праграме. На мяжы выявілася, што гітарыст Жора Станкевіч мае пратэрмінаваны пашпарт. Памежнікі добра разумелі сытуацыю, але нічым дапамагчы не маглі. У выніку «Плян» прыехаў на месца без гітарыста і ў неймаверным стрэсе, зьбіраючыся выступаць як трыё. І ў гэты момант з-за рога гатэлю выйшаў… Ільля Шэўчык (экс-«Крама», «Mojo blues»). З гітарай. Вяртаўся вось зь Нямеччыны і вырашыў зазірнуць у Раву. Андрэй Плясанаў рэпэтаваў зь ім у нумары гатэлю гадзіны чатыры, і выступіў «Плян» няблага. Публіцы спадабаліся і беларускамоўныя блюзы, і польскія песьні.
Гурт «Seven B» у праграме наагул ня значыўся, аднак, калі ён працаваў на сцэне, некаторыя твары падаліся мне вядомымі. Ну як жа! Гэта музыкі з даўняй гарадзенскай банды пад той самай назваю. Андрэй Макарэвіч, Генік Лоска замацярэлі, выступаюць па ўсёй Польшчы, выдаюць дыскі. На апошнім яны запісалі па-польску такую фанкавую вэрсію «Касіў Ясь канюшыну». Гавораць гарадзенцы па-беларуску, але ўжо з моцным акцэнтам. Землякі адразу ж абмяняліся кампактамі і напоямі.
Скончыўся фэст фаервэркам і надзвычай эмацыйным «мітынгам» выканаўцаў на губным гармоніку. Налета можна чакаць, што ўзровень «Nocy bluesowej» будзе куды больш высокі: гарадзкія ўлады зразумелі, якую рэкляму дае фэстываль. Але нават і такая «Блюзавая ноч» застаецца для беларускіх блюзмэнаў добрым шанцам паказацца ў годнай кампаніі, павучыцца ў майстроў і сяму-таму навучыць іншых. Блюз такі жыве ў Беларусі. А куды ён дзенецца, зрэшты?!
Дзьмітры Падбярэскі, фота аўтара
Каментары