Архіў

Праз два пакаленьні ўсе загавораць па-беларуску

17 ліпеня ў Беларускім ПЭН-цэнтры адбыўся круглы стол, прысьвечаны праблеме наяўнасьці двух варыянтаў правапісу («наркамаўкі» ды «тарашкевіцы») і функцыянальнасьці беларускай мовы.

Удзел у ім узялі доктар Ян Запруднік (Нью-Ёрк), прафэсар Генадзь Цыхун, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцер Санько, рэдактар газэты «Салідарнасць» Аляксандар Старыкевіч, кандыдат філялягічных навук Юрась Бушлякоў, гісторык Алесь Белы, рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў і інш.

У існаваньні двух варыянтаў правапісу, зазначыў Г.Цыхун, няма нічога страшнага: ёсьць краіны, дзе суіснуюць некалькі літаратурных моваў, ня тое што варыянтаў. І дзяржаўнае ўмяшаньне ці спроба гвалтоўнага вырашэньня праблемы не дадуць тут плёну. Іншая рэч, што ўсё гэта вядзе да ўскладненьня моўнай сытуацыі, у выніку чаго абывацель выбірае «просты варыянт» — пераходзіць на расейскую. Ю.Бушлякоў акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі ўсё ж існуе адна літаратурная мова і дзьве правапісныя традыцыі. Выбар той ці іншай традыцыі не такі істотны, як уласна чысьціня мовы.

А.Старыкевіч выказаў упэўненасьць, што правапісны разнабой не перашкаджае беларусізацыі: «З тым самым посьпехам можна сьцьвярджаць, што бел-чырвона-белы сьцяг разбурае дзяржаву». А набыткі першай паловы 90-х можна хутка аднавіць пры зьмене дзяржаўнага курсу.

Поруч з двума варыянтамі правапісу, заўважыў Я.Запруднік, існуе разнабой і ў «тарашкевіцы». Неабходны звод правілаў, які ўніфікаваў бы розныя прыватныя варыянты. Але пры гэтым ня варта зь непавагай ставіцца да носьбітаў «наркамаўкі»: «Сёньня лепей мець чалавека, які піша «наркамаўкай», чым русіфікаванага».

В.Булгакаў наракаў, што ідэолягі абодвух варыянтаў правапісу не кантактуюць міжсобку: «Пазыцыі абсалютызуюцца абодвума бакамі: людзям здаецца, што яны валодаюць ісьцінай у апошняй інстанцыі». На што запярэчыў Г.Цыхун, прывёўшы прыклады дыфузіі абодвух варыянтаў, лексычных, марфалягічных ды іншых новаўвядзеньняў у «афіцыйны» варыянт мовы.

Насуперак цьверджаньням бальшыні А.Белы зазначыў, што нельга казаць адназначна пра маргіналізацыю беларускай мовы: «Па радыё цяпер значна болей, чым раней, чуваць песьні па-беларуску. Гэты трэнд у процілеглы бок таксама існуе, і яго нельга не заўважаць». Я.Запруднік зьвярнуў увагу на тое, што цяпер падрастае новае пакаленьне грамадзянаў Беларусі — людзей, якія вырасьлі ўжо ў новай дзяржаве: «Гэта пакаленьне палітычна сьведамых беларусаў, нават калі яны і расейскамоўныя. Але і расейскамоўны беларус будзе іншым праз два пакаленьні».

Поўная стэнаграма «круглага стала» будзе выдрукаваная ў жнівеньскім нумары часопісу «Arche».

Аркадзь Шанскі

Каментары

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі па трох палітычных артыкулах за каментары ў тэлеграме

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць