Архіў

Гальшаны без прывідаў

Найлепшыя прадстаўнікі беларускай нацыі ўлетку сыходзяць у лясы. Мабыць, гаворыць партызанская кроў. У гэтым я пераканалася, наведаўшы гістарычны летнік на ўскрайку Гальшанаў. Будучыя архітэктары і гісторыкі прыехалі на гальшанскую зямлю, каб папрацаваць сякерамі, косамі ды пэндзлямі і, натуральна ж, сустрэцца з прывідам Белай Панны.

Пад’ём — на сыгнал дуды (ва ўсім летніку ніводнай гітары!). Гучыць як заклік да Страшнага Суду. Пасьля сьняданку — на працу ў вёску. Рабілі на трох «аб’ектах»: замак, кляштар, царква. (Самыя лянівыя абіралі «пясчаны кар’ер», гэта значыць возера). Усе мы атрымалі даведкі, што знаходзімся тут у камандзіроўцы, якімі вельмі ганарыліся і насілі ўвесь час з сабою (памежная зона, 20 км да Літвы!). Правілы паводзінаў у летніку даволі строгія: алькаголю «на тэрыторыі» не спажываць, не брыдкасловіць, пасьля 0.00 не шумець. Вечары каля вогнішча — найлепшая магчымасьць прадэманстраваць свае ўмельствы. Нехта паказвае прыёмы кунг-фу, нехта хваліцца веданьнем турэцкай мовы, а аднойчы, у рабінавую ноч, тры гадзіны мы ў полі вучыліся танчыць «таўкачыкі» — наймэтафізычнейшы танец з усіх, якія я бачыла, — ізноў пад тую ж дуду.

Зь першага дня ўсе былі апантаныя ідэяй пераначаваць у «вежы прывідаў», каб пабачыць Белую Панну. Пашанцавала толькі першым. Дзяўчаты сапраўды пабачылі прывід. Як выявілася, гэта быў... адзін з рэстаўратараў царквы, які хацеў спраўдзіць іх чаканьні. Але дзяўчаты так спалохаліся, што натаўклі «прывіду» карак. А пасьля мы ўласнаручна зафарбавалі ў пакоі зданяў (ён жа кабінэт дырэктаркі) падлогу, затынкавалі сьцены і столь. Начаваць там больш не было як.

Увесь вольны ад працы час бавім у бары насупраць касьцёлу. Празь некалькі дзён да нас прызвычайваюцца як да неад’емнай часткі мясцовага пэйзажу. І цяпер ужо ў нас запытваюцца, ці ёсьць хто ў касьцёле, ці даюць пэнсію, ці прывезьлі квас зь Ліды. Бар «Замак»: дызайн ня горшы, чым у любым такім на захад ад дзяржаўнае мяжы (на сьценах старыя прасы, кудзеля, прасьніцы). Працуе да 2-й гадзіны ночы. Наплыў наведнікаў такі, што любы менскі бар мог бы пазайздросьціць (чамусьці асабліва актыўна мясцовая моладзь адзначала дзень пажарніка). Тут нашмат больш прыстойных маладых людзей, чым на праспэкце Скарыны. І ўсе цьвярозыя.

Гаспадыня кавярні цяпер рамантуе пад гатэль былыя гандлёвыя рады. Мяркуючы з таго, як пастаўлена справа ў «Замку», — непаганы будзе й гатэль.

Гальшанская архітэктурная славутасьць ужо нашага часу — «дом мытніка»: пабудаваны з эўраматэрыялаў, на даху «талерка», двор выкладзены пліткай акуратней, чым плошча Незалежнасьці ў Менску, перад домам гаёк, елачкі... Жыве беларускі мытнік. Сапраўдны.

Натальля Мяцельская, фізык паводле адукацыі і экскурсавод паводле пакліканьня, выкупіла ў былым жыдоўскім квартале Гальшанаў дамок, што сем гадоў стаяў пусты. Яна марыць ператварыць яго ў нешта накшталт салёну. «Гэта будзе прыватны дом, дзе любы зможа знайсьці прытулак, зайсьці на кубачак кавы. Я хачу, каб гэта былі абсалютна прыватныя бяседы. Можа быць, зь іх народзіцца нешта — нейкі тэатрык альбо штось іншае. Хай бы ў нас быў такі местачковы клюб!»

Цагляны жыдоўскі квартал захаваўся цалкам толькі дзякуючы таму, што людзі ня маюць грошай, каб выкупляць дамы і перабудоўваць. Хаты ня дужа старыя: 30-я гады ХХ ст. Раней квартал быў драўляны, пакуль добра арганізаваная жыдоўская грамада не застрахавала яго. У адзін цудоўны дзень на ўсёй вуліцы здарыўся пажар... На атрыманую страхоўку збудавалі цаглянае жытло — ды якое! Ніводнага фасаду няма аднолькавага. Яшчэ і цяпер гэта ці не найлепшыя будынкі ў вёсцы. Перад вайною ў Гальшанах працавала габрэйская бібліятэка, дзьве габрэйскія школы — для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Цяпер жыдоўскія клады на выезьдзе зь вёскі закінутыя, вакол сьмецьце.

На сьцяне аднаго з дамкоў кварталу — надпіс па-нямецку «Ausfahrt». Мы дзівімся — няўжо з вайны?! Выяўляецца, тут рэгулярна здымаюць партызанскія блякбастэры. І яшчэ адну сустрэчу з мастацтвам кіно падарылі нам Гальшаны: «Тэрмінатар-3» прыйшоў сюды раней, чым у Менск. За 350 руб. асалода нашмат большая, чым ад таго ж відовішча ў сталічным «Кастрычніку»: у залі зь невялічкім экранам фільм дэманструецца зь відэапраектара. Кожны, хто заходзіць у залю пасьля пачатку сэансу, уключае сьвятло, шукае вольнае месца, выключае сьвятло. Пры гэтым гук абрываецца і фільм даводзіцца пачынаць спачатку. Такое вось паўстаньне машынаў па-гальшанску.

Вераніка Дзядок, Гальшаны—Менск

Каментары

Цяпер чытаюць

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць27

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску ладзяць вялікі жаночы форум з Хакамадай — квіткі ад 250 рублёў, сярод спікераў псеўданавукоўка12

Курыца стала самым спажываным мясам на планеце1

Абараняць Славянск і Краматорск даручана легендарным генералам Білецкаму і Пракапенку. Які план Украіны?3

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю19

Apple ў верасні збіраецца прэзентаваць першы складны айфон

Каля тысячы турыстаў загінулі ці зніклі без вестак у Непале і Кітаі пасля катастрафічных паводак2

«Не магу вызваліць палітзняволеных, але магу палепшыць жыццё аднаго чалавека». Беларуска расказала, як стала прыёмнай маці

Пенсіянерка распавяла, як пад відам супрацоўнікаў райвыканкама яе ледзь не аблапошылі махляры5

Кіраўнік ЦРУ прылятаў у Маскву, каб папярэдзіць Расію аб недапушчальнасці атакі на краіны Балтыі — Politico24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць27

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць