Архіў

Усё толькі пачынаецца

Купала паказвае футурафобію беларуса, яго пасіўнасьць. «Стаім мы перад будучыняй нашай і ўсё варожым, сочым ейны ход…» Ня робім будучыню, не змагаемся за яе.

Непачуты прарок

Паэта беларускае наканаванасьці, безвыходнасьці, трагічнасьці — так бы я азначыў галоўнае ў Купалавай творчасьці. Паэта, які ня можа дакрычацца, дагукацца да свайго народу. Паэта, які сказаў пра свой народ непрыемную праўду, але так і не зварухнуў ягонага пачуцьця годнасьці. І калі ўжо выходзіць за межы ўласна паэтычных тэкстаў — Лявон Зяблік хацеў бы шукаць праўды «не тапаром, а розумам», а сына свайго Сымона абяцаў забіць «гэтым тапаром» за тое, што той хоча адваяваць сабе права на зямлю і волю. Ня маючы сьмеласьці асягнуць праўды сякераю, не дапяўшы яе розумам, Лявон засільваецца. Беларускае наканаваньне: або павесіцца, або…

Мікіта Зносак — вось сымбаль беларуса, які патрапіць патрымаць чужы сьцяг «над беларускай беднай хатай», памяняць мову, падтрымаць «сьпеў чужацкі» і згаварыцца з чарговым гаспадаром становішча, каб штосьці мець і сабе. І дарма, што той — з «Тутэйшых» — Мікіта гіне. На кожным вітку гісторыі яны — Лявон Зяблік і Мікіта Зносак — узнаўляюцца, прадукуюцца асяродзьдзем — бытам і этнапсыхалёгіяй.

Зноскі шматаблічныя, розны ў іх сацыяльны статус, але ўсім ім уласьцівы культ асэсарства: адны пакараюцца і пакланяюцца асэсарам, другія пнуцца ў асэсары.

Тут нехта пацягне мяне за крысо: а Незнаёмы (у драматычнай паэме «На папасе» і ў «Раскіданым гнязьдзе»), а Сымон? Ці не Сымон пайшоў на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну? На кожным вітку гісторыі беларускае асяродзьдзе родзіць і Сымонаў, але таго — з драмы ў пяцёх актах — Сымона ці не «беларускія сыны» Лявон і Мікіта павялі «па беларускім бітым шляху» ў Сібір і на Салаўкі?

Купала паказвае футурафобію беларуса, яго пасіўнасьць. «Стаім мы перад будучыняй нашай і ўсё варожым, сочым ейны ход…» Ня робім будучыню, не змагаемся за яе. Калі які Сымон і памкнецца па сякеру, Лявон — абы ціха было — гатовы яго забіць або ўдаць асэсару Зноску, а асэсар — «каму трэба». Купала траціць надзею, што беларусаў аб’ясьніць «розум ясны», што яны перастануць «біцца з кута ў кут».

Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —

Кліч бураломны: вызваленьне з пут?!

Пятро Васючэнка характарызуе Купалу як непачутага Прарока. Ды прарок ня мусіць бедаваць і ня мусіць спадзявацца на тое, што яго пачуе і зразумее ўвесь народ. Народ хутчэй схільны выдаць свайго прарока ўладам, як тое было з Майсеем. Выведзены з эгіпэцкага рабства і няпэўны сваёй будучыні, Ізраіль наракаў на Майсея і з настальгіяй згадваў то эгіпэцкія катлы зь мясам, то хлеб, то ваду; зьняверыўшыся ў невідочным сваім Збаўцу, ён змусіў Аарона выліць залатое цяля, пакланяўся яму і казаў: «Вось бог твой, Ізраіль!» Ні сыны Ізраілевы, якіх вывеў Майсей, ні сам прарок не дайшлі да абяцанай зямлі. Гэтую зямлю прарок убачыў адно з гары Нэво, што насупроць Ерыхону…

Паэта расчараваны ў сваім народзе, не знаходзіць водгуку ў ім. Перабольшаныя спадзяваньні — вось адна з прычын ягонае трагедыі, трагічнага сьветаадчуваньня.

Сказаўшы праўду пра свой народ, Купала — як сын гэтага народу і яго Паэта — успадкаваў яго цноты і заганы. Прарок, будзіцель, ён сам ня быў цьвёрды. Адбылося дакладна тое, што намаляваў ягоны геній у 1919 годзе:

У беларускім вольным краі,

Зь ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

— Беларускія сыны!

Не, не з асуджэньнем я пішу пра гэта. Гісторык, калі ён гісторык, апісваючы мінуўшчыну, «наракаць, клясьці ня будзе», бо мінуўшчыну не паправіш.

Прарокаў разумеюць адзінкі, абраныя. Купалу чулі і да Купалы прыслухоўваліся, пакуль ён быў у апазыцыі.

Прарок царам ня служыць… Купала надламаўся. І мы ведаем год ягонага злому: 1926. Апошнія радкі нацыянальнага прарока мы чытаем у вершы «Каб…». А верш «Ёсьць жа яшчэ…» (яго апошняя страфа) сьведчыць пра гэты надлом.

...Эх, людзі,

Сябры мае тут і там,

Мае непадкупныя судзьдзі,

Чаго ж яшчэ хочацца вам?

У 1930-м Купала мог або прыняць вянец мучаніка, або… Здарылася другое. Пачаўся пэрыяд, пазначаны цяжкім ды змрочным пятым томам (азначэньні Янкі Брыля) Поўнага збору твораў. Улада атрымала сваё, Беларусь — страціла прарока. Нагадоўваючы пакаленьні школьнікаў творамі, якія Паэта напісаў для ўлады, і натуралістычнымі вершамі з «Жалейкі», бальшавікі хавалі ад іх прарока. І толькі да самых дапытлівых збольшага даходзіла, чаму Купала — вялікі Паэта.

Чаму?

Лягчэй дасьледаваць сацыяльныя, палітычныя чыньнікі надлому і злому Купалы, аднак купалазнаўства не дасьледавала больш глыбокіх каранёў — псыхалягічных. У свой час Антон Луцкевіч прачытаў лекцыю і напісаў артыкул аб «крытычных мамэнтах» у Купалавым жыцьці паводле ягоных жа твораў. У 1929-м ён прапанаваў разглядаць апазыцыю «Ян Луцэвіч — Янка Купала», а ў 1932-м напісаў адмысловы артыкул пад такой назвай. На жаль, ва ўмовах бальшавіцкага рэжыму гэтая тэма была забаронена, бо трэба было б пісаць, як зь вясковага хлопца Яна Луцэвіча нараджаецца прарок Янка Купала і як у рэшце рэшт Ян Луцэвіч калі не забівае, дык прыводзіць да падзеньня (тэрмін П.Васючэнкі) Янку Купалу. Трэба было б пісаць аб разьбежнасьці паміж Луцэвічам і Купалам.

Малады, але ўжо і сталы, Янка Купала ў 1919 годзе піша, што жыцьцёвы шлях кінуў яму «толькі жаль». У яго прарываюцца і такія словы: «Каб не радзіўся лепш на сьвет!»

Гэта не паэтычнае высьцёбваньне, як у постмадэрністаў. У Купалы, калі хочаце, — пачаткі беларускага экзыстэнцыялізму. Ён як мінімум тры разы быў у памежнай сытуацыі, як мінімум двойчы — на мяжы самагубства.

Пра ягоную хваробу канца 1919 — пачатку 1920 году, калі ім апекаваўся кс.Фабіян Абрантовіч, пісалі газэты.

Пра ягоны першы «крытычны мамэнт», нашаніўскага пэрыяду, калі ён, апынуўшыся на віленскім бруку, спатыкнуўся на ім, Луцкевіч піша, не ўдаючыся ў дэталі. Дый Вацлаў Ластоўскі нешматслоўны: згадвае толькі «шклянога бога». А Мікола Шыла ў мэмуарах ды Ўладзімер Самойла ў лісьце да Браніслава Эпімаха-Шыпілы пра гэта маўчаць (Самойлу толькі «страшна за яго»). Сам жа Купала, застаўшыся ў Вільні бяз працы і разумеючы, якая ганьба яго чакае, калі ён вернецца ў вёску, пісаў Эпімаху-Шыпілу: «…са мной кепска будзе». Што такое «кепска», ён растлумачыў у драматычнай паэме «На папасе».

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Анатоль Сідарэвіч

Каментары

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам13

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

ЕС і Індыя дамовіліся аб свабодным гандлі пасля 20 гадоў перамоў4

Топ-чыноўнік РПЦ назваў Зяленскага, Парашэнку і іншых прэзідэнтаў Украіны «сатаністамі» і заклікаў перамагчы іх малітвай і пастом26

ЗША звязалі гарантыі бяспекі для Украіны з перадачай Данбаса Расіі — FT22

Памёр Сяргей Барысенка, стваральнік легендарнага відэасалона ў Сянне

З Мінеапаліса, ахопленага пратэстамі, з’едуць старшы камандзір Памежнай службы і частка агентаў7

Толькі ў адным з 16 ваяводстваў Польшчы беларусаў больш, чым украінцаў. Вось як беларусы рассяліліся па краіне23

30 чалавек загінулі ў выніку снежнага шторму ў ЗША

«Увесь час застаецца чорны асадак». У «Мінск-Свеце» скардзяцца на жудасную ваду8

Амерыканскі авіяносец «Аўраам Лінкальн» прыбыў на Блізкі Усход на фоне іранскага крызісу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам13

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць