Сацыял-дэмакраты аб’ядналіся, выбраўшы лідэрам Аляксандра Казуліна.
Як і першая, другая спроба аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў пачалася ў Менску на станцыі Дружная. Аўтобус, на якім дэлегаты меліся ехаць на месца зьезду, не зьявіўся, таму быў дадзены сыгнал ехаць на мэтро, не прыцягваючы да сябе залішняй увагі. Уся грамада дабралася да станцыі мэтро «Пушкінская» на захадзе сталіцы, а адтуль на 25 таксоўках паехала ўскладаць кветкі да мэмарыялу ў Трасьцянцы. Адтуль — у Сеньніцу, вёску на самым ускрайку гораду. Лявон Дзейка, прэс-сакратар «Народнай грамады», сустракаў журналістаў, паказваючы на свае запыленыя чаравікі: «Во, паглядзіце на боты! Нібы Майсей у пустыні».
У Дом культуры дэлегатаў не пусьцілі — дзьверы зачыненыя, дырэктар зьнік. Таму зьезд распачаўся літаральна на прыступках. Пакрысе сябры БСДП (НГ) разьмеркаваліся па ўсім пляцы, а дэлегаты ад БСДГ скучкаваліся ля правага крыла ДК. Гэты, шосты па ліку, зьезд стаўся для партыі апошнім — пасьля адхіленьня Станіслава Шушкевіча ад пасады кіраўніка БСДГ партыя самаліквідавалася. Сам Шушкевіч на зьезьдзе не прысутнічаў і ягоных рашэньняў не прызнаў. «А цяпер усе — на аб’яднаўчы сход!» — заклікаў намесьнік старшыні Аляксей Кароль.
Аляксандар Казулін, у непрыметных крэмавых джынсах ды просьценькай куртачцы, то зьнікаў, то зьяўляўся, магнэтызуючы сваёй прысутнасьцю сацыял-дэмакратаў. «Дык нічога ж не адбываецца! Людзі адпачываюць!» — пераконваў ён ахоўнікаў парадку, якія нэрвова сачылі за натоўпам. У гэты час лідэры абласных суполак спрытна прымалі заявы былых бээсдэгоўцаў на пераход у БСДП (НГ). Новая аб’яднаная партыя, утвораная пасьля пераходу, будзе мець назву БСДП («Грамада»).
Нарэшце, падліковая камісія пачала выдаваць бюлетэні для выбараў старшыні. Адзін радок, адно прозьвішча, «за» ці «супраць». Некаторыя абласныя лідэры яшчэ ня скончылі атрымліваць бюлетэні, а побач ужо распачалося галасаваньне. Дэлегаты апускалі складзеныя ўдвая папяровыя стужачкі ў вялікую кардонную скрыню з-пад вафэльных тартоў.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Каментары