Грамадства4040

Пра канфлікт з губернатарам, знесенага Леніна і перспектывы вёскі — шчыры маналог шматгадовага кіраўніка Глыбокага

Алег Морхат узначальваў Глыбокае з 2010 года. Пры ім у горадзе з'явілася Алея славутых землякоў — Вацлаў Ластоўскі, Язэп Драздовіч, Іосіф Корсак, а з цэнтральнай плошчы знік помнік Леніну.

Морхат — выпускнік Горацкай акадэміі, пачынаў працаваць у родным калгасе, а потым паездзіў па вобласці: Браслаў, намеснік старшыні ў Чашніках, канфлікт і паніжэнне ў дырэктары глыбоцкай «хабзы», адтуль — у кіраўнікі раёна. Ды амаль на 10 гадоў.

Мясцовыя кажуць, што да яго тут была шэрасць, а цяпер клумбы на кожным кроку, з акультуранымі алеямі — той выпадак, калі захапленне кіраўніка кветкамі ператварае ўвесь горад у дэндрапарк. Праўда, на эканоміку апошнія гады людзі пачалі наракаць: трохдзёнкі, малыя заробкі.

Зусім нядаўна Морхата вельмі незвычайна знялі з пасады, не даўшы дапрацаваць пару месяцаў да дзяржаўнай пенсіі па выслузе 20 гадоў.

А ўсё праз канфлікт з губернатарам Мікалаем Шарснёвым, з імём якога шматгадовы кіраўнік Глыбокага звязвае пагаршэнне эканомікі горада. І пра што, маўляў, не здолеў змаўчаць на пасяджэнні ў вобласці.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» прыехалі ў Глыбокае і пагутарылі з былым мэрам пра Глыбокае, адстаўку, эканоміку, дый агулам пра работу кіраўніком раёна. 

Алег Морхат сустрэў нас на аўтастанцыі.

Разбітым не выглядаў — свяціўся. Чакаючы маршрутку з Мінска, ён у сваёй старой «Ніве» не сядзеў, а выйшаў і стаяў побач. Відаць, чалавеку, які адпрацаваў тут кіраўніком 10 гадоў, цікава назіраць за рэакцыямі на сябе такога — ужо без улады: а ці пазнаюць, а ці павітаюцца?

Радасны ж ад таго, напэўна, што ніхто пры сустрэчы не сплёўвае: людзі цягнуць руку і дзякуюць за работу, цікавяцца жыццём — тут не сакрэт, што пасля сваёй нечаканай адстаўкі Морхат з гіпертанічным крызам трапіў у бальніцу.

Канечне, цяжка зрабіць за паўдні трапныя і праўдзівыя высновы аб агульным стаўленні насельніцтва да былога мэра, але што было, тое было — мясцовыя са словамі падзякі перарывалі нашу размову не аднойчы.

Хаця і не сакрэт, што многія пасля адстаўкі Морхата выдыхнулі.

«НН»: Раскажыце, што за гісторыя з вашай адстаўкай, пра якую пляткарыць уся вобласць? 

Алег Морхат: Мне пазванілі з Саўміна, сказалі, што трэба адсправаздачыцца прэзідэнту па ўказе №320 да 1 верасня. Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў папярэдзіў: «Дайце аб’ектыўную інфармацыю — ляжа на стол да Лукашэнкі!» Сэнс у тым, што прасілі параўнаць 5 гадоў пры Косінцу [папярэднім старшыні Віцебскага аблвыканкама — «НН»] і 5 гадоў пры Шарснёве.

Мы збіраемся ў малой зале выканкама, мне спецыялісты даюць выкладку эканамічную, як было пры праграме Косінца «Вітагра» і пры Інтэграцыйных структурах АПК Шарснёва.

Лічбы, канечне, з маімі адчуваннямі супадалі цалкам, але я перапытаў: дзяўчаты, вы тут нідзе не пакрывілі душой? — «Нідзе!» Ну і ўсё, я стаў закладнікам праўды — аблвыканкам схітрыў і запытаў дакумент, каб паслаць цераз іх, каб наперад паглядзець лічбы.

Я даслаў чарнавік, праз 2 гадзіны звоніць губернатар і давай мяне выхоўваць: «Вы самі лічбы глядзелі?» — «Глядзеў!» — «Ну і што далей?» — «А нічога, усё згодна са статыстычнымі дадзенымі, нічога ад сябе не прыпісаў».

Глыбоцкі райвыканкам

Ну і давай, і давай. Вынік размовы быў такі, што я зразумеў, што курок на мяне ўжо адведзены.

Потым была нарада ў aблвыканкаме, праз нейкі час сабраліся ўсе старшыні выканкамаў вобласці, з Мінска быў віцэ-прэм’ер Дворнік таксама.

Выступіла спецыяліст аблывыканкама з падсумаваннем статыстыкі: усе распісалі, маўляў, як тут было кепска да Шарснёва, якая была забітая вобласць, як гераічна змагаліся.

Мяне ажно падкінула: ну як так?

Выступіў Чарвякоў і так дыпламатычна сказаў, маўляў, указ №320 быў неабходны, гэта сапраўды так, але ён быў позна, умовы не выкананыя, дзяржпадтрымка не апраўдана, паказчыкі не зробленыя.

І наступнае — маўляў, трэба ўжо ствараць наступны ўказ са спісаннем даўгоў, адтэрміноўкамі і гэтак далей.

Ну і кажа: давайце дамо слова аднаму са старэйшых кіраўнікоў вобласці з Глыбокага.

І я так энергічна пачаў з таго, што я тут нарадзіўся, мне вобласць дарагая, дзеці тут мае растуць і працуюць, мне дарагі і Косінец, я паважаю і Шарснёва, але я не пераношу няпраўды — эканоміка раёна з прыходам Інтэграцыйнай структуры пагоршала!

Губернатар перабівае: «Гэта ты! Ты ўсё разваліў, цябе даўно трэба было прыбраць!»

Але Дворнік перапалак не дазволіў, сказаў працягваць.

Я пачаў прыводзіць факты і прыклады сітуацый на дадзены момант.

Пасля таго майго выступу я працягнуў працаваць, але з чыстым сумленнем.

Я б не дараваў сабе пайсці на крывадушша і напісаць, што ўсё ў нас выдатна — квітнеем! — калі па факце ўсё горай і горай. Як бы я людзям у вочы глядзеў?

І вось 29 ліпеня звоніць мне сын сказаць, што ў раёне, аказваецца, новы кіраўнік — па навінах сказалі. А я ж не ведаю!

Ні што за чалавек, ні як так. У мяне да пенсіі чатыры месяцы і да дня нараджэння пару дзён. Вельмі непрыгожы ўчынак, так не робіцца.

Я тады моцна расхваляваўся, а людзі пачалі званіць і выказваць падтрымку.

Што цікава: колькі год у вобласці адпрацаваў, а толькі два чалавекі з кіраўнікоў райвыканкамаў пазванілі мне тады, і павіншавалі тыя ж два. А астатнія…

Я ж на той нарадзе ад імя ўсіх сказаў, яны хоць і забаяліся падтрымаць, але хоць бы ацанілі і пазванілі. Хай у іх на сумленні застанецца».

***

Тут трэба зрабіць невялікую паўзу і патлумачыць, што азначае паняцце «інтэграцыйная структура АПК».

Гэта была такая ідэя губернатара Шарснёва са зразумелай мэтай палепшыць сельскую гаспадару на Віцебшчыне — у гэтай зоне рызыкоўнага земляробства.

Сэнс быў у тым, каб стварыць на базе чатырох буйных прадпрыемстваў вобласці (адно з якіх — Глыбоцкі камбікормавы завод) вялікія гаспадаркі шляхам аб’яднанняў і далучэнняў (па прынцыпе — на моцных навешаць слабых) з разлікам, што ў такіх «звышкалгасах» узнікне ўзаемадапамога, а пасярэднікі знікнуць, вытворцы і перапрацоўшчыкі ўтвораць моцны саюз.

Інтэграцыйная структура набыла і нейкія рысы савецкіх МТСаў: дарагую тэхніку цэнтралізавалі і пачалі даваць у арэнду слабым гаспадаркам. 

Каб гэта ўсё запрацавала лепш, Лукашэнка падпісаў указ №320, які дзе рэструктурызаваў, дзе адтэрмінаўваў, дзе яшчэ як часткова палепшыў фінансы праблемных гаспадарак.

***

«НН»: Дык што не так з інтэграцыйнай структурай?

Алег Морхат: Сітуацыя склалася такая, што Глыбокае проста абчаплялі праблемнымі гаспадаркамі: з вялізнымі запазычанасцямі, немадэрнізаваныя, нарэшце, проста далёкія — мы вязём кармы на полацкую птушкафабрыку, якую таксама перадалі нам, за 70 кіламетраў! У той час як у Полацку ёсць свой камбікормавы завод.

Я не маю права крытыкаваць губернатара, але маю права спытаць: хто пісаў такі бізнэс-план і палічыў, што адпраўляць тэхніку за 70 кіламетраў будзе выгадна? Але гэта дэталі.

Сэнс у тым, што Глыбокаму для стварэння інтэграцыйнай структуры аддалі частку земляў Браслаўскага, Шаркаўшчынскага і Докшыцкага раёнаў. Хто ўсім кіруе? Дырэкцыя на базе Камбікормавага завода (папярэдніх кіраўнікоў звольнілі): спрадвеку ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі было 12 чалавек, а тут з’явілася паралельная дырэкцыя на 30 чалавек з заробкамі, удвая вышэйшымі за мой — у генеральнага 4000 рублёў, а яшчэ пяць намеснікаў і гэтак далей. Я маю лічбы іх утрымання і скажу, што за іх гадавы бюджэт мы б чатыры месяцы кармілі птушкафабрыку. Нават не бяром у разлік тое, колькі сышло на змены формаў уласнасці заводаў і гаспадарак, каб падпарадкаваць іх інтэграцыйнай структуры.

Адразу Морхат завёз нас у Барок — месца нямецкіх расстрэлаў. Глыбокае ж было габрэйскім мястэчкам да вайны. Кажа, што на гэтай пляцоўцы людзі з машынамі шашлыкі рабілі, таму давялося ставіць шлагбаўм.

Ну і вось, маем мы да ста тысяч гектараў зямлі, прамысловасць і сельскую гаспадарку ў адным кіраванні. Што адбываецца далей?

Са стварэннем ГІС меркавалася, што моцныя гаспадаркі дапамогуць слабым пасеяцца, напрыклад, і ўсё астатняе.

Як атрымліваецца на практыцы?

Прыклад гаспадаркі «Стрынадкі», якой ужо няма: далі ў арэнду тэхніку для работ. Работу зрабілі, а аплату запатрабавалі ў сваёй жа структуры ў выглядзе прадукцыі. І аказалася, што гаспадарка і ад сваёй тэхнікі адмовілася, і павінна аддаць ці не ўвесь ураджай у аплату такіх паслугаў. Вынік — банкруцтва. І такі ж лёс хутка напаткае некалькі іншых гаспадарак.

Ідзём далей: а што за тэхніка закуплена? Я быў мэрам, тут ехалі камбайны па горадзе, а я не ведаў, што адбываецца: закупілі з абаротных сродкаў МКК 7 камбайнаў New Holland даражэзных, расійскай тэхнікі з Кірава яшчэ 22 адзінкі на мільёны, «Ягуары»-змяльчальнікі купілі.

Але як можна купляць такую тэхніку дарагую, з такой дарагой амартызацыяй, калі ў нашым рэгіёне самая малая ўраджайнасць?!

Дзевяць метраў жатка, New Holland — ён мінімум на 40 цэнтнерах з гектара працуе, а не на нашых 25! Можна на словах сказаць, што ў нас тут заўтра 70 цэнтнераў вырасце, але яны не вырастуць. Тэхніка дарагая, узятая ў лізінг у перакупаў, якія пагражаюць: не будзеце плаціць — адбяром.

Мой сябра на ім ходзіць і за дзень намалочвае 6 бункерных тон — гэта што такое?

Мы кідаем гэтую далікатную сеялку на гліністыя землі: рамы гнуцца, сашнікі рвуцца, жалеза крышыцца. У тысячах даляраў вымяраецца цана рамонту адной дэталі!

Ну і тое, што New Holland працуе на рапсе 5—8 цэнтнераў — гэта ўжо злачынства!

Асобная тэма расійскія «кіраўцы»: ламаюцца, азімыя кепска сеюць, сыраватыя, словам. І я яшчэ не лезу ў такія пытанні, напрыклад, а чаму куплялі ў прыватных структур на мільёны?

Морхата вось крытыкуюць у інтэрнэце — 4 мільёны рублёў запазычанасць глыбоцкага раёна ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Але за тры гады ў нас на тэхніку з абароткі забралі 38 мільёнаў! Што, цяжка было б аплаціць нам 4 мільёны? Каго дурнем робяць?

Я, старшыня, са з’яўленнем інтэграцыйнай структуры больш не адказваў за грошы!

Ідзём далей, у чым сэнс усіх дзеянняў — каб нешта ад зямлі ўзяць, існуе такі ланцужок: спачатку мы кладзём угнаенні, потым садзім, даглядаем, збіраем ураджай, кормім быка і карову, атрымліваем малако і прывес, загружаем прадпрыемствы перапрацоўкі, прадаем, атрымліваем грошы, пакрываем выдаткі, павышаем заробак.

То-бок мы закупляем дарагую тэхніку, каб пасеяць і сабраць вялікі ўраджай, мінімізаваўшы выдаткі па паліве, часе, і гэтак далей. Але каб яго сабраць — трэба спачатку зямлю накарміць арганікай. І выйшла, што пры ўкараненні інтэграцыйнай структуры АПК гэты ланцужок пачаў рвацца з першага ж пункту — утрая зменшылі ўнясенне арганікі!

Для бездэфіцытнай глебы трэба ўносіць 14—16 тон на гектар, мы ўносілі 5—8 тон, з іх калія — 60%, але калій не галоўны элемент — тонну яго вывалі на квадратны метр, а без азоту і фосфару нічога не атрымаецца.

Мне губернатар крычыць: «А чаму вы не ўносіце цяпер, дзе вы грошы раней бралі?» А дзе-нідзе бралі: то з абароткі, то крэдытам. Цяпер крэдыт ніхто не дасць — усе праблемныя прадпрыемствы ж юрыдычна павіслі на ГІС, там запазычанасць — крый божа. Банкі плююцца. А абароткі няма.

А няма арганікі — няма ўраджаю, гэта аксіёма. Адпаведна, кармоў стала менш, скарачаецца пагалоўе, недагружаюцца прадпрыемствы, людзі ідуць на трохдзёнку, заробак падае — гэта ж заробак вас цікавіць? Ну расказваю. Вось прэзідэнт кажа, што трэба захаваць вытворчасць, у гэты ж час у Паставах адкрываюць прыватны мясакамбінат, які робіць тое ж, што і мы: б’е і марозіць. А ў нас, з такім вялізным перапрацоўчым комплексам, на якім правялі мадэрнізацыю на 13 мільёнаў, загружанасць 35—40%!

Гэта значыць, Глыбоцкая інтэграцыйная структура праз беднасць земляў не можа сама выпрацаваць столькі сыравіны, каб яе перапрацаваць. А тыя гаспадаркі, якія пастаўлялі сыравіну да таго, але ўвайшлі ў іншыя зоны або не ўвайшлі ў структуру ўвогуле, пастаўляць перасталі.

Напрыклад, Ушачы пастаўляюць на наш мясакамбінат 6% ад рэалізацыі пагалоўя, Докшыцы — 24%, Шаркаўшчына мо 27%, Паставы менш — дзе астатняе мяса? Пайшло налева — камерсантам, на Расію.

Мне кажуць некаторыя суседзі, не буду называць: а чаму мы павінны вам даваць мяса, малако, зерне? Яны робяць так: прадалі камерсанту, бо ён можа трошачку больш заплаціў, а можа, і наперад аплаціў, можа, дзе яшчэ схема якая існуе, і яны яму аддалі і сёння як бы выйгралі, і мне крычаць: «А навошта нам карміць Глыбокае?»

Не, так не робіцца: і вы датацыйныя, і мы датацыйныя. У нас 45% датацый, у вас яшчэ больш. Вы не нас, вы краіну корміце!

Гэта вам сёння добра, вы даражэй прадалі, малайцы, а ў нас незагружаныя стаяць вялікія комплексы і ўжо вобласць вам датацый менш дасць наступны раз, бо Глыбокаму трэба больш дапамагчы. І дзе заўтра вашая выгада?

На МКК правялі мадэрнізацыю на 42 мільёны — загрузіць не можам! На палову загружаем: можам тысячу тон, працуем на 400, з іх глыбоцкіх — максімум 180! Гэтыя прадпрыемствы ствараліся за Саюзам на ўвесь гэты рэгіён, адзін раён рэспублікі не можа загрузіць іх!

Докшыцы вязуць малако ў Гомельскую вобласць! Чаму? А я сам не ведаю чаму! Сыравінныя зоны былі страчаныя, калі прыйшоў Шарснёў!

Камбікормавы завод можа перапрацоўваць 100 тысяч тон зерня, летась толькі глыбоцкага было 14 тысяч тон, закупілі з іншага раёна — 2 тысячы. Гэта крах! Хто пісаў бізнэс-план?

Адпаведна, у першую чаргу няма кармоў, няма грошай на канцэнтраты — карова дае менш малака, свіння менш прывесу, скарачаецца пагалоўе.

Адно цягне другое: калі няма камбікармоў, то так ці іначай некаторыя гаспадаркі будуць недаядаць, бо найперш яны пойдуць на буйныя комплексы і на птушкафабрыку.

Мне цяпер увогуле здаецца, што як бы гэта новаму кіраўніцтву пастарацца і захаваць хаця б МКК!

Вось на Рагачоўскі МКК працуе 7 моцных раёнаў Гомельшчыны, а тут — слабенькія Шаркаўшчына, Браслаў і Глыбокае. І тое, мы канкуруем! Зрэшты, большасць малаказаводаў робяць цэльную малочку: кефір, малако, смятану, ёгурты. Гэта значыць, што сёння мы падаілі, а праз 2—3 дні гэтае малако ўжо прадалося і грошы на рахунку, а спецыфіка Глыбокага ў тым, што тут 75% — гэта згушчонка. Гэта значыць, мы сёння падаілі, яшчэ 2 месяцы яно адстаялася, потым чыгункай малако паехала на Казахстан і Расію, і тры месяцы ў нас абароткі няма. І сыравіны няма!

Ай, у жывёлагадоўлі за гэтыя гады не зрабілі ні-чо-га. Ніводнай фермы новай не пабудавалі, даільнай залы не адкрылі.

І гэта ўсё не мае словы, усё гэта адлюстравана і ў статыстыцы, і ад праграмы Косінца «Вітагра» ў мяне ўражанні былі выдатныя! І рэзюмую тым, што ў інтэграцыйную структуру ўвайшлі не горшыя гаспадаркі раёна — а эканамічна яны выраслі? Не. Адну збанкруцілі, а другія падаюць. 

«НН»: Дык, можа, як вы кажаце, мае сэнс разняволіць фермерства, калі ў дзяржавы не выходзіць сіламі моцных ратаваць слабых? 

Алег Морхат: У нас пакуль прынцып такі: спрабаваць выратаваць гаспадарку, абвешаць яе крэдытамі, а калі ўжо зусім даб’ём, то аддаць за адну базавую прыватніку. Гэта хіба падыход? Я не супраць фермераў. Ім можна і вялікія землі даваць, толькі з такім падыходам, што ты тут робіш, канечне, як ведаеш, але мусіш забяспечыць дзяржаве нейкія паказчыкі харчовай бяспекі, можа быць, калі ў раёне вялікая вытворчасць, як у нас, гарантавана здаць нейкі працэнт дзяржаўнаму заводу. Але, шчыра кажучы, тут зямлю пад фермерства просяць рэдка: прыватніку тут таксама няпроста. 

«НН»: Вы ўскосна згадвалі прыпіскі. А ці вялікая гэта бяда для эканомікі? Якія маштабы? 

Алег Морхат: Механізмы дазваляюць гэта рабіць. Вось зярно: можна ж палічыць амбарную вагу, а можна бункерную.

Бункерная — гэта тое, што адразу намалаціў камбайн: з пустазеллем, сырое. А вось калі ты высушыш, пачысціш, то там да 20% ад бункернай вагі менш будзе. А як ты запішаш?

Гэтак жа з малаком, можна троху больш надояў прыдумаць і напісаць, што ў нас цяляткі кволыя, трэба ім больш даць. «Ай, ладна, у турму за гэта не пасадзяць», — так нехта можа думаць, але я вам клянуся: нікога ніколі прыпісваць не змушаў!

Але не дам слова, што ніводнай прыпіскі не было — усіх жа не пракантралюеш, хто там якія звесткі падаў. Ад страху ці яшчэ ад чаго.

І я лічу, што пакуль мы не прыйдзем да выразных эканамічных паказчыкаў, такіх як прыбытак, рэнтабельнасць, то ўсе гэтыя літары і лічбы — пустая работа!

Мы ўжо ў зводках дайшлі да таго, што пішам, колькі мы капытоў і рагоў падрэзалі, навошта гэта, каму? А збіраюць гэта і ўпраўленне сельскай гаспадаркі, і інтэграцыйная структура яшчэ дублюе.

«НН»: А як вы ацэньваеце гэтую практыку, калі кіраўніком у горад прысылаюць чалавека, які тут мо ніколі не быў? Зрэшты, ва ўсім прагрэсіўным свеце мэраў абіраюць жыхары. 

Алег Морхат: З аднаго боку, прыйшоў ты ў родныя мясціны — усё знаёма, усё ведаеш. Але! Сваякі, аднакласнікі… Да чужога чалавека неяк больш паважліва ставяцца.

Таму не ведаю, адназначна не скажаш. Зрэшты, калі ты талковы, то паўсюль атрымаешся, калі балбес і трапіў па пратэкцыі — то паўсюль правалішся.

І дакладна ведаю, што пяць год — і чалавек мусіць мяняць работу ці вышэй, ці па гарызанталі, ну ці ніжэй, калі праваліўся.

Гэта я вось заседзеўся. Бо кіраўнічыя механізмы ўжо даюць збой.

Недзе твае работнікі робяць не так, а ты думаеш: мы ж з ім столькі прайшлі ўжо, ай, махну рукой, дарую. Раз, два — і ўжо атрымліваецца абы-што.

А адносна выбараў мэра… Ведаеце, мо і варта. Ёсць анекдот, што ў савецкай сістэме ўсё было добра, апроч аднаго: партыя за ўсіх думала.

І галоўная хіба работы старшыні выканкама якая? Што ты — выканаўца. Табе загадалі, спусцілі, а ты робіш і сочыш. І зноў жа, хто спусціў?

Многія пытанні ўрада дублююцца аблвыканкамам.

Я, па шчырасці, ролю аблвыканкама не разумею. Здаецца, не такая вялікая краіна, хапіла б упраўлення ў міністэрстве, каб працаваць наўпрост.

У Шуміліне, Браславе ўжо ці не чацвёрты старшыня за пару гадоў, і што? Можна тады і абіраць, усё роўна яны мяняюцца, не паспяваеш запомніць.

У Глыбокім 30% каталікоў, 70% праваслаўных. З заходняга ўезду ў горад стаіць каталіцкі крыж, з усходняга — праваслаўны. 

Толькі абіраць не так, што ён за трыбунай пакрычаў, прыйшоў, а яму не спадабалася і кінуў. Не.

Ты дай сваё бачанне праграмнае, напішы бізнэс-план, вазьмі абавязкі, падпішы кантракт і выконвай. А калі кідаеш выбарцаў і раён — то адкажы крымінальна.

«НН»: А раскажыце, як у вас з кадрамі ў раёне. Ён не вельмі населены, пэўна ж, людзі з'язджаюць? 

Алег Морхат: Мяне вось крытыкуюць: людзі ездзяць на лён, камяні выбіраць з поля. Ну дык камяні збіраць трэба, не збяром — папсуецца тэхніка. Але я прапаную глянуць з пазіцыі адміністратара: а хто рабіць тое будзе? Дзве тысячы чалавек засталося працаваць у сельскай гаспадарцы, я прыходзіў — было чатыры тысячы. Ды яшчэ якія дзве — там не найлепшыя кадры, скажам шчыра. Сёння людзі шукаюць грошай.

Сяло на перадапошнім месцы па заробках — менш толькі ў адукацыі і культуры. Чаму так?

А неяк традыцыйна павялося, што ў сялян заробкі былі ніжэйшыя. Лічылася, што ён сам там бульбіну пасадзіць, агуркі, свінні ў яго ёсць, і, здаецца, ён без вялікага заробку забяспечаны чалавек, бо нічога не купляе.

Але партрэт селяніна ўжо даўно не такі, няма заробкаў — яны з’язджаюць.

На сяле цяпер 35% у нас пенсіянеры, нараджальнасць хіба не ў два з паловай разы меншая за смяротнасць. Летам кароў няма каму пасвіць за 1500 рублёў! Цыгане са Століншчыны прыязджаюць.

Хто талковейшы і маладзейшы — адкрывае газету, інтэрнэт, шукае абвестку аб рабоце і дзе толькі даюць жыллё — едзе туды зарабляць. Хоць у Мінск — добра яшчэ, калі ў Мінск, — а так у Латвію, Польшчу, Расію.

У нас крама «Санта» не магла нейкі час адкрыцца, бо не маглі касіраў і прадаўцоў знайсці! 

Я кіроўцу сабе не мог знайсці тры месяцы, праўда, і заробак невялікі — 400 рублёў.

А асноўная праблема, апроч ад'езду людзей, — гэта алкаголь і адсутнасць дысцыпліны.

Я спрабаваў змагацца, прыдумалі мы тут такую сістэму, калі кожны кіраўнік замацоўвае за сабой праблемныя сем’і. У мяне асабіста было тры сям’і, усе на СНС (сацыяльна небяспечнае становішча — «НН»). Я ездзіў да іх: бацькі злоўжываюць, дзеці недагледжаныя, напіліся — і някормленыя. На нейкім зэдліку стаіць камп'ютар!

Я прыязджаў: так, якія праблемы ў цябе на рабоце? Вёз нейкія сшыткі, мэблю спісаную аддавалі. Парасят далі гадаваць! Толькі станавіся чалавекам і працуй. Адну сям’ю выцягнулі, у іншай не склалася — павесіўся мужык. І сітуацыя такая, што кіраўнік нават прапойцу ўжо не заўсёды выгане, бо а каго браць замест яго? Няма кадраў, усеагульная млявасць на перыферыі.

«НН»: Як змагацца?

Алег Морхат: Я лічу, што тут усё ад дабрабыту: ён расце — і негатыўныя моманты сыходзяць. Прыклад: калі я працаваў дырэктарам «хабзы», то там кантынгент вы ведаеце самі які. Ну настаўнікі троху адразу бухцелі: «калгаснік намі будзе кіраваць». Не буду! Буду намеснікамі сваімі [кіраваць]! Дык там гаспадарка вялікая была, яны ў мяне пачалі працаваць за грашовае заахвочванне, мы тое пасадзілі, тое. Як толькі ў іх з’явіліся грошы на руках — усё! Менш прывадаў стала, дысцыпліна скокнула ўверх. Бо там былі такія, якія грошай не трымалі ў руках ніколі.

Прыязджаў пракурор раёна і пытаўся: а ў чым сакрэт? А сакрэт — у дабрабыце. Вось як чалавек сябе адчувае, калі раніцай падняўся і грошай няма ў яго? А пагана на душы! Вось я два месяцы заробак не атрымліваю, ведаю.

«НН»: Глыбокае — адзін з нешматлікіх раённых гарадоў, дзе захаваўся незалежны друк. Як тут у вас выбудоўваліся адносіны з недзяржаўнай прэсай? 

Алег Морхат: Апазіцыя ў нас моцная! Я хоць і люблю нейкія савецкія моманты, бо там нарадзіўся, але для новага я не закрыты таксама. Каб да Лупача [Зміцер Лупач — рэгіянальны карэспандэнт «Белсата» — «НН»] у мяне былі нейкія пытанні асаблівыя? Ды не. Мяне толькі абурала, што вось яны недзе яму сфоткаюць у горадзе, нібыта я пра яе не ведаю! І напішуць, што захадаў не прымаецца. Ды грошай няма! Ведаеце як, людзі звароты пішуць — у таго плот, у таго дах, канаву засыпаць, яшчэ што. Ведаеце, крыўдна. Усім хочаш дапамагчы, але рэсурсу няма. А апазіцыя мяне за гэта і так, і так. Кажу: мужыкі, вы хоць кветку якую ў горадзе пасадзіце! А толькі крытыкуеце. А потым яны не здолелі ўгнацца за зробленым у горадзе, палагаднелі. Два гады таму яны былі ў мяне на прыёме, на нарады прыходзілі, я не забараняў. Усё роўна шпількі ўстаўлялі. Але кроў я не пускаў ім, ніякіх канфліктаў не было за 10 год. Лупач жа і балатаваўся з Андрэйчанкам тры гады таму. І цяпер я вітаюся за руку. Быў, праўда, момант, калі сцяг бела-чырвона-белы ў нейкім мястэчку павесілі, але там былі пытанні з боку праваахоўнікаў.

Я скажу, яны лішні раз ужо і не хацелі мяне раніць, бо разумелі, што ў раёне многае робіцца. Не травілі. Я не прыхільнік, каб насылаць праверкі, міліцыю, спадзяюся на справядлівасць.

І я перакананы, што ніякіх там махінацый на выбарах не было. Бо ў Андрэйчанкі вялікі аўтарытэт, ён працаваў губернатарам.

Шмат дапамогі аказваў, проста з кабінета набіраў, каб нейкую аперацыю зрабіць на сэрцы, калі да яго на прыём прыходзілі яшчэ падчас агітацыі — чалавек з шырокімі сувязямі.

Канечне, нам хацелася пацішэй, але было б непрыгожа, калі б Андрэйчанка ішоў без альтэрнатывы, Лупач таксама галасоў узяў прыстойна [Андрэйчанка балатаваўся тры разы запар, кожны раз выбарчая камісія налічвала яму 86-87%. Лупач у 2016 годзе атрымаў 2,8%]. 

«НН»: Вось вы нас вязеце, і мы з Камуністычнай выязджаем на Савецкую — няўжо такая бедная на асобы і падзеі глыбоцкая зямля, што няма свайго, чалавечага імя, каб назваць вуліцу? Нават Іосіф Корсак, які ўзвёў славутыя глыбоцкія люстэркавыя храмы, перабіваецца нейкім кароценькім завулачкам на ўскрайку горада.

Алег Морхат: Прапановы ёсць, яны ўсе ў мяне ляжалі — дзе Віленская, дзе Полацкая, краязнаўцы усё далі.

Я гатовы быў на ўсё гэта, я разумею, што рана ці позна ўсім, па ўсёй краіне гэта давядзецца рабіць, але гэта грошы!

У нас бюджэт датацыйны, ладна, калі б гэта было толькі шыльдачку змяніць — там шмат працэдур і перайменаванняў у дакументацыі.

Усе чакаюць спрыяльнага часу, калі можна будзе на гэта грошай выдзеліць і не пераймацца, што вось нехта праз гэта не даеў, недаатрымаў.

І Корсак варты ўшанавання, безумоўна! Такі лёс чалавечы, што ён гэтыя храмы адбудаваў, а яго цела з касцёла, калі яго перавялі ў праваслаўе, выкінулі, і ніхто не ведае, дзе ягоныя косткі ляжаць — такі лёс чалавечы.

Дарэчы, звярніце ўвагу на галоўную плошчу — Леніна няма на ёй.

Леніна прыбраў амаль адразу, як прыйшоў старшынёй. Ну што гэта такое, Ленін на плошчы між храмамі стаіць! Як ён пра веру казаў?

Словам, да Дня пісьменства яго адтуль я прыбраў, а зямлю пачалі рыхтаваць пад Алею славутых землякоў. Ленін знік — камуністы на дыбы: «Як гэта?» Іх яшчэ было трохі, усіх гэтых, хто ў партыі кар’еру рабіў.

А я кажу: мы Леніна на рэстаўрацыю прыбралі, а потым вернем у іншае месца, але грошай на рэстаўрацыю няма, вось вам разліковы рахунак — скідайцеся, калі ён вам такі дарагі. Скінуўся хто? Не! Адзін чалавек мо пералічыў там ну капейчыну літаральна, на фарбу б не хапіла. Гэтыя грошы вярнуліся яму назад, усё, не рэстаўравалі!

На тым месцы зрабілі алею: там і Ігнат Буйніцкі, і Вацлаў Ластоўскі, першы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі! Язэп Драздовіч. Нават авіяканструктар Сухі. Мы з Гомелем спрачаліся, чый ён. А ў нашым храме захаваліся метрыкі, што нарадзіўся ён усё ж у Глыбокім. Гэта ўсё магло не адбыцца, дарэчы: у той час міністрам культуры быў Павел Латушка, і ён ледзь не са скандалам прымусіў [віцэ-прэм'ера] Анатоля Тозіка грошы на гэтую алею выдаць.

«НН»: У вас тут усяго тры школы і адна гімназія была, а цяпер, выходзіць, гімназіі ў старым разуменні не засталося — дзякуй «рэформам» Карпенкі. Які гэта эфект для горада?

Алег Морхат: Я, па шчырасці, не магу зразумець, навошта нам патрэбны такія рэформы.

І што гімназію збэсцілі — вельмі кепска да гэтага стаўлюся! І бацькі вельмі хваравіта ўспрынялі, і педагогі. Усё ж гэта прэстыж, канкурэнцыя, дысцыпліна. На алімпіядах вынікі дзеці з гімназіі паказвалі лепшыя, неяк была і найлепшай у вобласці!

Нічога кепскага ў ёй не было, была толькі праблема, што ў адным будынку са звычайнай школай, але мы планавалі перавесці гімназію ў будынак прафтэхліцэя, бо там ужо наборы вельмі слабенькія, неўзабаве закрываць трэба будзе. А цяпер ужо і сэнсу няма!

НН: А да інтэграцыі з Расіяй як ставіцеся? 

А. Морхат: А там што, добра? Яны нам пастаўкі прадукцыі пад надуманымі прычынамі перакрывалі! 

Каментары40

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →