Гісторыя2121

Метрыка Каліноўскага: чаму яго назвалі Кастусём

Піша гісторык літаратуры Язэп Янушкевіч.

У кожнага народа ёсць імёны — сінонімы словам «воля», «братэрства». У балгараў гэта Хрыста Боцеў, у венграў-мадзяраў — паэт Шандар Пецёфі, у італьянцаў — Джузэпе Гарыбальдзі, у палякаў — Шыман Канарскі, у расійцаў — Герцэн, Агароў, Дабралюбаў…

У беларусаў такім нацыянальным героем, змагаром за волю роднага народа стаў Кастусь Каліноўскі — правадыр паўстання 1863 года на Беларусі-Літве

…Як у ХV стагоддзі, калі падчас Дубровенскай бітвы (пад Грунвальдам, 15 ліпеня 1410) крыжакі змялі польскіх рыцараў і нават прарваліся да сцяганосца ды скінулі вялікі каралеўскі штандар Ягайлы, літоўскія палкі на чале з Вітаўтам уратавалі ад разгрому саюзныя войскі, так у 1863 годзе, праз лічаныя месяцы пасля пачатку паўстання, калі польскія атрады генерала Лянгевіча былі разбітыя расійскімі палкамі, на нейкі момант усе надзеі пачалі ўскладаць на нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве, дзе ў шэрагі касінераў пайшлі сяляне, местачкоўцы.

Ф. Энгельс (знаўца нямецкай і еўрапейскай гісторыі), які пільна сачыў за ходам паўстання, 8 красавіка 1863 года занатаваў: «…літоўскі рух цяпер самы важны, таму што ён:

1) выходзіць за межы Кангрэсавай Польшчы;

2) у ім бяруць вялікі ўдзел сяляне».

Але ваеннае шчасце адвярнулася ад паўстанцаў. 200-тысячнае расійскае войска, аддадзенае пад кіраўніцтва генералу Мураўёву, паслядоўна і жорстка душыла паўстанцкі рух. Гераічная барацьба ў лясной Беларусі не стала ў народзе такой прыцягальнай легендай, як гісторыя ўзнікнення галоўнага набата паўстання, нелегальнай і непадцэнзурнай газеты «Мужыцкая праўда», што не ў эміграцыі, а тут, на роднай зямлі, пачала гаварыць беларускаму люду праўду. Па-беларуску.

Праўду, па якой сасмяглі сялянскія душы…

27 лютага 1839 года ў Вільні быў публічна расстраляны рэвалюцыянер-дэмакрат Шыман Канарскі (1808–1839). Жыхары сталі сведкамі чарговай расправы расійскіх карнікаў з рэвалюцыйным рухам у краіне.

Адзін з сучаснікаў пасля пакарання Канарскага запісаў: «Патрэбен муж з сэрцам Вашынгтона і Іпсілантыя, з сілаю i розумам Напалеона. Не трэба адчайвацца: з пінскіх балот і курных хат пэўна выйдзе гэты герой».

Ён з’явіўся на свет адвячоркам 2 лютага (паводле старога стылю 21 студзеня) 1838 года ў маленькай вёсачцы Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер у Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства, у межах Польшчы). У метрычных кнігах мясцовага парафіяльнага касцёла яго спачатку запісалі Вінцэнтам, сынам Сымона і Веранікі Каліноўскіх: «Року Божага тысяча васемсот трыццаць восьмага, месяца лютага, шостага дня ў Ялаўскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле вікарыем таго ж касцёла Францішкам Каржанеўскім было ахрышчанае вадою немаўля Вінцэнт Сымона й Веранікі з Рыбіньскіх Каліноўскіх… народжаны таго ж года, студзеня дваццаць першага дня ўвечары ў той самай парафіі…»

Рыхтуючы гэтую публікацыю, я са шчырым здзіўленнем зраблю адкрыццё: ані ў арыгінале (па-польску), ані ў беларускім перакладзе, ані ў поўным выглядзе метрыка хросту нашага народнага героя дасюль не друкавалася!

Бо хто ж былі хросныя бацькі Каліноўскага?
Пагадзіцеся, вышэйпададзены тэкст далёка не поўны: не бывае хросту без хросных бацькоў!

Прачытаўшы ж метрыкі паўней, можна зрабіць дапушчэнне, чаму Каліноўскага назвалі Кастусём.

У першым (цытаваным вышэй) выпадку — «Хросныя бацькі: Багуслаў Сузін з радавітай Марыяннай Мацяевічанкай, паннай».

А вядома, што пазней адбыўся «поўны хрост» нашага героя.

«Року Божага тысяча васемсот трыццаць восьмага месяца красавіка чацвёртага дня ў Ялаўскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле быў дапоўнены вікарыем таго ж касцёла ксяндзом Францішкам Каржанеўскім абрад хросту над дзіцяткам [названым] імёнамі Вінцэсь-Кастусь, сынам Сымона й Веранікі з Рыбіньскіх Каліноўскіх, шлюбных бацькоў, народжаным таго ж года, месяца студзеня дваццаць першага дня ўвечары і ў дзень шосты месяца лютага [праз таго ж самага ксяндза… ахрышчаным]… Хросныя бацькі: Антось Кіткевіч, адміністратар Ялаўскага парафіяльнага касцёла, капелан Свіслацкай гімназіі з Петранэляй, жонкай Канстанціна Крукоўскага. Асіставалі… Канстанцін Крукоўскі з Эльжбетаю, жонкай Казімера Шыманьскага».

Ці не прысутны Кастусь Крукоўскі (сваяк?) паўплываў на «дадатковае» імя?

Гэты метрычны запіс (пад двума імёнамі) «Вінцэнта-Канстанціна» стаўся поўным актам хросту.

Юнак абраў сабе другое, якое ў старажытных рымлян азначала «непахісны», «трывалы», «цвёрды», а ў сялянскім абыходку гучала як Кастусь.

Потым, не па ўласнай волі, ён будзе мець шмат імёнаў і прозвішчаў, паэтычных і здзеклівых: Яська-гаспадарз-пад Вільні, Васіль Світка, Макарэвіч, Чарноцкі, Хам, Канстанцін Хамовіч, Хамуціус, Ігнась Вітажэнец. І ўсе яны засведчаць перад гісторыяй годнасць іх уладальніка, бо праўдзіва сказана: няма імені, якое нельга не ўславіць.

У нацыянальна-вызваленчай барацьбе Кастусь меў папярэднікаў, сяброў-паплечнікаў, але найбліжэйшым дарадчыкам і настаўнікам на шляху станаўлення Каліноўскага-рэвалюцыянера быў яго старэйшы брат Віктар (1833–1862), студэнт-медык Маскоўскага ўніверсітэта, а пазней — няштатны супрацоўнік публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу. Менавіта Віктар, апантаны гісторык, тонкі знаўца старажытных летапісаў, «пісаных крывіцкай гаворкай», абудзіў у хлапчуку прагу да ведаў. (Наймаючы апошнюю нелегальную кватэрку ў Вільні ў свайго цёзкі, чыноўніка Віленскай казённай палаты Кастуся Жаброўскага, наваселец «Вітажэнец» родам сваіх заняткаў назаве «распрацоўка матэрыялаў гістарычнага характару славянскіх народнасцяў»).

Каліноўскі заснаваў вольны нацыянальны друк — першую беларускую газету «Мужыцкая праўда», якая ў ХХ стагоддзі лічаныя разы друкавалася без купюр.

Нягледзячы на тое, што паплечнікам кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў на Беларусі і Літве ўдалося наладзіць выданне толькі 7 нумароў, у абуджэнні свядомасці беларусаў яна адыграла выключную ролю.
Унікальнасць яе відавочная: «Мужыцкая праўда» — ці не адзінае перыядычнае выданне сярэдзіны XIX стагоддзя ў Еўропе, непасрэдна адрасаванае селяніну, у якім так ясна былі накрэсленыя сацыяльная і палітычная мэта:

1) вызваліцца ад прыгнёту расейскіх акупантаў;

2) даць зямлю мужыку-беларусу.

У сваіх рэляцыях жандары ахрысцілі «Мужыцкую праўду» «разбуральнай газетай», вобразна і дакладна сфармуляваўшы пагрозу, якую неслі «лятучыя лісткі» (А. Герцэн) царызму, яго хвалёным тром кітам — праваслаўю, самадзяржаўю і народнасці (апошняя мела на ўвазе «единую и неделимую»).

На допыце ў жандарскіх палкоўнікаў у адным са сваіх тлумачэнняў уласных поглядаў Каліноўскі ясна напіша:

«Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна нам дабра жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія абрушваюцца на край наш няшчасны».
Была і Расія дзекабрыстаў, Чарнышэўскага, Дабралюбава.
Менавіта яе, дэмакратычную Расію, спрабаваў падтрымаць Каліноўскі, калі ў сярэдзіне жніўня 1863 года — падчас самай завірухі паўстання — на просьбу расійскіх рэвалюцыянераў пасылаў у Пецярбург друкарскі варштат.
І не яго віна, што ў Пецярбургу на чыгунцы груз не запатрабавалі, і «пасылка» вярнулася назад, у Вільню, дзе выпадкова была знойдзеная ўладамі на віленскай таварнай станцыі.

Сваё крэда жыцця Каліноўскі выказаў у развітальных і да надрыву прачулых пасланнях да народа, вядомых пад назвай «Лісты з-пад шыбеніцы».

Пад аўтографам ліста, пасля подпісу «Твой слуга, народзе, Яська-гаспадарз-пад Вільні» (Каліноўскі слова «народзе» потым закрэсліў) маглі падпісацца тысячы і тысячы паплечнікаў-змагароў.
Бо гэта быў запавет усёй тагачаснай дэмакратычнай Беларусі. Сасланай і расстралянай.

Паводле данясенняў Мураўёва «Вешальніка» цару Аляксандру ІІ:

1) асуджана на страту — 128 (з іх 38 вайскоўцаў і 18 сялян);

2) саслана на катаргу — 972;

3) саслана на пасяленне ў аддаленыя месцы Сібіры — 573;

4) саслана з пазбаўленнем асабістых правоў у менш аддаленыя месцы Сібіры — 854;

5) прызначана ў вайсковую службу шарагоўцамі — 345;

6) саслана ў арыштанцкія роты — 864;

7) выслана на жыхарства ўнутры імперыі (не пазбаўляючы правоў) — 1524;

8) выслана з краю для пасялення на казённых землях — 7557;

9) пакінута ў краі «палітычных злачынцаў» — 9229 (з іх 6127 «просталюдзінаў»-сялян)…

Рэпрэсіі… Ганенні… Пераслед… Цкаванне… Высылка… Уціск, прымус на роднай зямлі цягам стагоддзяў (апошні маштабны пераслед ў снежні-2010 налічвае 725 затрыманых, з іх 44 абвінавачаных; сярэдні век тых сямі соцень нашых сучаснікаў — каля 35 гадоў).

Які быў сярэдні век асуджаных сучаснікаў Кастуся?

Самому Каліноўскаму за месяц да гібелі споўнілася 26.

«За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў», —
адзначаў у артыкуле да стагоддзя з дня яго смерці Уладзімір Караткевіч.

Целы паўстанцаў, закатаваных на допытах, пастраляных і павешаных, рэдка аддавалі сваякам, засыпаючы месцы страты вапнай (каб хутчэй раскладаліся трупы) і нават заліваючы чалавечым лайном. Смурод гэтага лайна і цяпер прабіваецца ў некаторых прадажных гігікаючых публікацыях пра постаці тых, хто заплаціў за волю і незалежнасць нашай зямлі найдаражэйшым — жыццём.

У павешанага Каліноўскага не знайшлося ні крэўных, ні паплечнікаў, каб папрасіць ці выкупіць цела
(70-гадовы бацька, шляхціц Сымон Стафанаў Каліноўскі, маючы ад двух шлюбаў 17 дзяцей, тут быў бездапаможны).

Але гэта пра цела. Дух жа застаўся непераможаным.

Каментары21

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →