Гісторыя1010

Сям’я Луцкевічаў: у якіх умовах гадаваліся стваральнікі беларускай незалежнасці

Пра радзіну Яна і Антона Луцкевічаў піша Анатоль Сідарэвіч.

Жонкі пана Яна Баляслава

Тое, што адстаўны капітан царскай арміі пан Ян Баляслаў Луцкевіч быў блізка знаёмы з панам Вінцэнтам Якубам Дуніным-Марцінкевічам, здаецца, ужо агульнавядомы факт. Як і той факт, што Беларускі Дудар настойліва раіў пану Яну Баляславу жаніцца:

Кінь жыццё бурлацкае,
а пашукай жынкі,
Маладой, прыгожай і любяшчай
цебе,
Каб усі зайздравалі і глыталі слінкі.

Верш гэты («Заўтра Спаса, кажуць людзе…») паэт напісаў у 1868 годзе. Вянчаўся ж Ян Баляслаў Луцкевіч праз няпоўныя 6 гадоў — 24 чэрвеня 1874 года, на Яна Прадвесніка.

Жонкаю 43-гадовага шляхецкага кавалера стала панна Казіміра Асяцімская. Ад Казіміры ў пана Яна Баляслава нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877–1953) і Марыя Алёйзія (1876–1914).

Можна думаць, што пані Казіміра Луцкевічава памерла ў 1878-м ці на пачатку 1879-га, бо ўжо ўвесну 1880 года пана Яна Баляслава вянчалі другі раз — у Радашковіцкім касцёле (праз два гады ў тым самым касцёле будуць хрысціць Яна Луцэвіча — Янку Купалу).

Другою жонкаю 49-гадовага чыноўніка Лібава-Роменскай чыгункі стала 23-гадовая панна Зоф’я Лычкоўская, дачка ўладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, што каля Краснага. Ад другое жонкі ў пана Яна было пяць дзяцей: Ян Герман (1881—1919), Вікторыя (?–?), Антон (1884–1942), Эмілія (1886–1974) і Стэфан (Сцяпан; 1889–1947).

Каля імя Вікторыі Луцкевічанкі пытальнікі пастаўлены таму, што дзяўчынка памерла ў маленстве і належныя дакументы аб яе нараджэнні і смерці пакуль што не выяўлены. Тут трэба зацеміць таксама, што малодшы з братоў Луцкевічаў атрымаў сваё імя ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, які загінуў у сутычцы з царскім войскам у 1863 годзе. Пра тое, што Стэфан Луцкевіч-старэйшы быў паўстанцам, Антон Луцкевіч пісаў у лісце да прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Юзафа Каленбаха — таго самага, які абгрунтаваў беларускае паходжанне Міколы Гусоўскага.

Асобна трэба сказаць пра Яна Германа. У Расійскай Імперыі ўсе «нярускія» імёны наколькі магчыма русіфікаваліся. І Ян Герман стаў Іванам.

Перамена імя была выклікана і тым, што Яну Герману даводзілася жыць і працаваць у пераважна расійскамоўным асяроддзі. Для родных, для многіх сяброў Грамады і нашаніўцаў ён заставаўся Янам. Гэта сведчыла Зоська Верас.

Адукацыя

І пан Ян Баляслаў, і пані Зоф’я дбалі пра адукацыю дзяцей, іх выхаванне і, ведама ж, дабрабыт. Пачнем з апошняга. Яшчэ трэба даследаваць дакументацыю Лібава-Роменскай чыгункі, каб высветліць, якія пасады займаў бацька сямёх дзяцей, якія ў яго былі прыбыткі. Ва ўсякім разе нам вядома, што Луцкевічы сталі менскімі домаўладальнікамі. Іх двор з домам ды іншымі пабудовамі знаходзіўся на вуліцы Хрышчэнскай, на тэрыторыі сучаснага Купалаўскага парка, недалёка ад Музея Янкі Купалы.

Нічога не магу пакуль сказаць пра адукацыю Станіславы і Марыі Алёйзіі, а малодшая Луцкевічанка, Эмілія (па-хатняму Міля), вучылася ў Беластоцкім інстытуце шляхетных дзяўчат. Што ж тычыцца сыноў, дык Ян і Антон скончылі Менскую мужчынскую класічную гімназію і абодва паступілі ў Пецярбургскі імператарскі ўніверсітэт. Іван вучыўся на юрыста; апроч таго, ён — з дзяцінства аматар даўніны і калекцыянер — займаўся ў Археалагічным інстытуце.

Маладыя Луцкевічы рана сталі палітыкамі, і гэта не магло не адбіцца на іх вучобе. Якая вучоба, калі адзін сядзіць у славутых піцерскіх «Крастах», а другі — у Пішчалаўскім замку, а потым абмежаваны ў праве перамяшчэння?

Тым не менш дакладна вядома, што Іван стаў дыпламаваным археолагам. Што ж тычыцца Антона, дык маецца яго curriculum vitae, у якім чытаем: «Праслухаў поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта ўніверсітэта ў Пецярбургу (дзяржаўных экзаменаў не здаваў), потым вывучаў права ва ўніверсітэце ў Дорпаце» (Дорпат — гэта па-нямецку Дэрпт, па-расейску Юр’еў, а па-эстонску Тарту).

Такім чынам, закончанай вышэйшай адукацыі Антон не меў, але ў яго была моцная гімназічная база, многае ж ён дабраў самаадукацыяй.

З копіі пашпарта Антона Луцкевіча, якую засведчыў дырэктар Віленскай беларускай гімназіі ксёндз Адам Станкевіч, мы можам даведацца, што ён размаўляў па-польску, беларуску, французску і нямецку. Чамусьці ў пашпарце не адзначана, што А. Луцкевіч валодаў і расійскай мовай. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў. Апроч таго, мы маем сведчанні, што ён перакладаў тэксты з лаціны і старажытнагрэцкай.

Малодшы Луцкевіч, Сцяпан, у палітыку не ўмешваўся і таму паспяхова вывучыўся на лекара.

Універсітэт у Дорпаце ён скончыў перад самай Першай сусветнай вайной і адразу ж быў мабілізаваны. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх у Вільні захоўваюцца дакументы, з якіх вынікае, што Луцкевічу ў Юр’еў неаднаразова пераводзіліся грошы: 25, 50, і нават 100 рублёў. Можна думаць, старэйшыя браты дапамагалі малодшаму.

 Выхаванне

А. Луцкевіч пісаў, што ў іх сям’і, якая «жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настраеннямі», заўсёды панаваў дэмакратычны дух. Можна дапусціць, што ў сям’і Луцкевічаў жыла памяць аб Вялікімі Княстве Літоўскім і дзяцей выхоўвалі ў краёвым духу. Аднак краёўства ў шляхецкіх сем’ях мела польскую афарбоўку. З тае прычыны, што ў школах Паўночна-Заходняга краю польская мова не вывучалася, маладых Луцкевічаў вучылі дома. Думаецца, выпрацоўваць польскае маўленне, засвойваць культуру польскай мовы дзецям пана Яна Баляслава і пані Зоф’і дапамагала бонна. Гэта не гувернантка, не нянька, а хутчэй памочніца маці ў выхаванні дзяцей. Бонну мы бачым на адным з сямейных здымкаў.

Выхаваныя ў польскай культуры, сёстры, Станіслава і Эмілія, пісалі свае лісты Антону выключна па-польску. Польскаю моваю карысталася ў перапісцы і пляменніца Яніна (пазней Каханоўская).

У 1925 годзе Яніна пісала з Мінска дзядзьку ў Вільню, што польскую сямігодку яна скончыла і паступіла на прыродазнаўчае аддзяленне агульнаадукацыйных курсаў, дзе навучанне вядзецца па-беларуску і па-расійску. Беларускую мову, паведамляла пляменніца, яна ведае, а вось з расійскай «troch? trudności».

Шлях да Беларусі

Гімназічныя гады Івана і Антона прыпалі на цікавы час. Да 1890-х сфармавалася ўкраінская (кіеўская) гістарычная школа, бацькам якой быў Уладзімір Антановіч. З ягоных «Манаграфіяў па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» беларускія гісторыкі чэрпалі веды аб Вялікім Княстве і ў савецкі час. Вучнем Антановіча быў, у прыватнасці, Міхайла Грушэўскі. Вучнем Антановіча быў і пачынальнік беларускай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі. Яшчэ два вучні — Пётр Галубоўскі і Васіль Данілевіч — выдалі ў 1890-я кнігі з гісторыі Смаленскай і Полацкай земляў, якія таксама нямала паслужылі беларускім гісторыкам у савецкі час.

Я не выключаю, што творы У. Антановіча і яго вучняў паўплывалі на братоў Луцкевічаў, асабліва на цікаўнага да гісторыі Яна. У той час адна за адной выходзілі беларусазнаўчыя кнігі этнографаў, фалькларыстаў і мовазнаўцаў.

Гэта толькі здаецца, што ўсё беларускае (беларусінскае, русінскае) замерла ці памерла ў Паўночна-Заходнім краі. Насамрэч яно ніколі не памірала.

Не забывайма, што ў 1890-я выйшлі кнігі Францішка Багушэвіча, перш-наперш «Дудка беларуская» з прадмовай-маніфестам беларускага нацыяналізму. Не выключаю, што сярод бацькавых папер юныя Луцкевічы маглі знайсці і кніжкі Дуніна-Марцінкевіча. Ва ўсякім разе ягоныя творы яны чыталі. Але на фармаванне асобы не меншы ўплыў, чым кнігі, маюць асабістыя кантакты. Калі браты Луцкевічы прыехалі ў сярэдзіне 1890-х з Лібавы, дзе служыў бацька, у Менск, дык тут было каму на іх паўплываць.

Аб той пары ў Менску жылі два дзівакі і два фанаты, якія вылучаліся з польска- і расійскамоўнага інтэлігенцкага асяроддзя падкрэсленай беларускасцю.

Першы з іх — археолаг, гісторык і калекцыянер Генрых Францішак Татур, якога адзін тагачасны польскі дзеяч назваў беларусам-нацыяналістам і ворагам палякаў, другі — мастак, паэт і фалькларыст Казімір Кастравіцкі, які ўвайшоў у гісторыю беларускага руху як Карусь Каганец. Уплыў Татура на Яна Луцкевіча засведчыў у сваіх успамінах рэдактар-выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, які таксама быў вучнем гэтага чалавека. Пра ўплыў Каганца лапідарна згадаў Антон Луцкевіч.

 

Сёстры, брат і пляменнікі

Пачнем не з большай Станіславы, а з наступнай Луцкевічанкі, Марыі, якая ў замустве мела прозвішча Плявака. Пра яе мала чаго магу сказаць. Ведаю, што яе магіла — побач з бацькавай на Кальварыі. Пайшоўшы з гэтага жыцця, яна пакінула чатырох сірот. Дзяцей у пачатку 1920-х забрала да сябе ў Варшаву Станіслава. Большы з іх, Вацлаў Плявака, у 1939 годзе служыў у Войску Польскім і трапіў у савецкі палон. Як і тысячы польскіх вайскоўцаў, ён быў расстраляны, але не ў Катыні, а ў Пяціхатках пад Харкавам.

Пра Станіславу я ведаю пакуль толькі тое, што яна жыла ў Варшаве. Яе лісты да Антона захоўваюцца ў віленскай бібліятэцы імя Урублеўскіх.

Больш мы ведаем пра малодшую з Луцкевічанак, Эмілію.

З Антонавых успамінаў «За дваццаць пяць гадоў» можна зразумець, што малодшая сястра ведала пра сякія-такія таямніцы братоў-сацыялістаў. Замуж яна выйшла за чалавека, таксама блізкага да сацыялістаў. Яе муж, інжынер і педагог Аляксандр (Алесь; Oleś, як пісала Эмілія ў лістах да Антона), быў родным братам аднаго з заснавальнікаў Сацыялістычнай Грамады, адваката Антона Шабуні. У Эміліі і Алеся Шабуняў было трое дзяцей: Яніна, Марыя і Эдвард (Эдзюня, Дзюнік). 3 жніўня 1936 года яе арыштавалі як сябра контррэвалюцыйнай групы, а ў 26 ліпеня 1938 года вызначылі меру пакарання: 2 гады лагераў.

Можна сказаць, што сястра пайшла ўслед за малодшым братам, Сцяпанам, якога ГПУ лічыла сувязніком паміж нацдэмам Янкам Купалам і віленскім нацфашыстам Антонам Луцкевічам. Доктара Луцкевіча, які працаваў у 3-й менскай гарадской больніцы, а ў драматычным 1930-м аказваў першую дапамогу свайму суседу Янку Купалу, у 1934 годзе саслалі на Беламорска-Балтыйскі канал. У Беларусь ён ужо не вярнуўся. Пахаваны на поўначы Расіі, у Манчагорску Мурманскай вобласці.

У 1936 годзе ў рукі НКВД трапіла і меншая дачка Эміліі Шабуні, Марыя, якая скончыла Менскі медыцынскі інстытут. Яна атрымала 3 гады лагераў за антысавецкую прапаганду.

Доктар Шабуня таксама не вярнулася ў Беларусь. З 1939 г.працавала рэнтгенолагам у Манчагорску. Лічыцца пачынальніцай рэнтгеналогіі ў гэтым горадзе. Выйшла замуж за агранома Сяргея Чапялёва. У час вайны доктару Чапялёвай давялося быць хірургам і тэрапеўтам. Узнагароджана медалямі «За абарону Запаляр’я» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне». У 1973 г. выйшла на пенсію. Жыла ў Пецярбургу, брала ўдзел у жыцці беларускай дыяспары і Таварыства ахвяр сталінізму «Мемарыял».

Эмілія Шабуня пасля этапаў вярнулася ў Менск. Тут заставаліся яе большая дачка Яніна і сын. Яна зноў была суседкай Янкі Купалы і Купаліхі. Гэты сюжэт, таксама іншыя сюжэты, звязаныя з міжваенным жыццём малодшай Луцкевічанкі, я пастараюся выкласці ў наступнай публікацыі.

 

Каментары10

Цяпер чытаюць

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом пагражае судзіць у ЗША экіпаж захопленага танкера. Масква пацвердзіла, што на борце расіяне28

Boston Dynamics пачынае серыйную вытворчасць робата-гуманоіда Atlas. Ён пойдзе працаваць на заводы Hyundai1

Цудаў не будзе для тых, хто спадзяваўся схуднець без дыеты. Папулярнае інтэрвальнае галаданне не дзейнічае без дэфіцыту калорый6

«А ты служыў?» Віталь Карпанаў адслужыў на Раство ў царкве6

Рэкордны адток. Як за 2025 год змянілася колькасць беларусаў у Літве17

Сям'я Лукашэнкаў у топе. Хто папулярны ў рускай Вікіпедыі?5

Зяленскі прапанаваў ЗША захапіць Кадырава па прыкладзе Мадура25

ЗША захапілі яшчэ адзін танкер ценявога флоту. Гэта ўжо другое затрыманае судна за апошнюю гадзіну16

Помнік першай беларускай нафце ўзяты пад дзяржаўную ахову1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць