Жанр: драма, гісторыя, спорт
Рэжысёр: Бенет Мілер
У ролях: Стыў Карэл, Чэнінг Татум, Марк Руфала, Сіена Мілер, Ванэса Рэдгрэйв, Энтані Майкл Хол, Гай Бонд
ЗША, 129 хв.
Адзнака: 6 з 10
Мультымільянер Джон Дзюпон запрашае ў свой маёнтак уладальніка алімпійскага залатога медаля па вольнай барацьбе Марка Шульца для падрыхтоўкі сваёй каманды «Паляўнічыя на ліс» да Алімпійскіх гульняў у Сеуле 1988 года.
Спадзяваючыся годна выступіць і выйсці з ценю свайго брата, чэмпіёна Дэйва Шульца, Марк прымае прапанову. Але хворы на галаву Дзюпон імкнецца атрымаць у сваю каманду і больш харызматычнага Дэйва, завязваючы небяспечную гульню з хлопцамі.
Стужка заснаваная на трагічных падзеях 1996-га: складаных адносінах паміж Джонам Дзюпонам і алімпійскімі чэмпіёнамі Маркам і Дэйвам Шульцамі, якія прывялі да смерці апошняга. Фільм мае вельмі няспешны тэмп развіцця падзей, якія ў рэальнасці расцягнутыя на дзесяцігоддзе, а тут укладаюцца года ў паўтара.
Рэжысёр патроху нагнятае атмасферу, паказваючы пагаршэнне псіхічнага здароўя Дзюпона, апантанага ідэямі спартовай годнасці ЗША.
У спробах дасягнуць сваёй мары ён гуляецца жывымі людзьмі, як цацкамі. На жаль, стужцы не стае дынамікі, а героі выглядаюць нежывымі — магчыма, гэта задумка рэжысёра: так маглі выглядаць людзі ў свядомасці вар’ята. Спадабаецца найперш аматарам спорту, а таксама змрочных драм. Бенет Мілер атрымаў прыз на Канскім кінафестывалі — 2014 за найлепшую рэжысёрскую работу.
Стужка таксама намінаваная на Оскар-2015 у некалькіх катэгорыях.
![Клас Клас](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-like.png)
![Панылы сорам Панылы сорам](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-facepalm.png)
![Ха-ха Ха-ха](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-smile.png)
![Ого Ого](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-omg.png)
![Сумна Сумна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-sad.png)
![Абуральна Абуральна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-anger.png)