За дзесяць хвілін да сканчэння прыёму дакументаў ад патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты з’явіўся яшчэ адзін прэтэндэнт. Ім аказаўся 64-гадовы Мікалай Улаховіч, у ініцыятыўнай групе якога больш за тысячу чалавек. Што гэта за персанаж? «НН» сабрала цікавыя факты.

«Народны генерал»

Фота news.vitebsk.cc.

Фота news.vitebsk.cc.

Мікалай Улаховіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў Мінску. Ён вайсковы палкоўнік у адстаўцы. Хаця сам сябе называе «народным генералам». Па яго словах, свой чын ён атрымаў ад казакоў на Вялікім крузе.

Улаховіч заснаваў «Беларускае казацтва» ў 1995 годзе. На той час гэта была, фактычна, адзіная казацкая арганізацыя ў краіне. Праз нейкі час з’явілася «Усебеларускае аб’яднанне казацтва», якое ўзначаліў Мікалай Ярковіч. Арганізацыі Улаховіча і Ярковіча не маюць паразумення паміж сабой. Цікава, што адзін час Ярковіч лічыўся паслом Расійскага казацтва ў Беларусі.

Менавіта «Беларускае казацтва» Улаховіча – гэта найменш звязаная з Расіяй казацкая арганізацыя нашай краіны, яна больш звязаная з дзяржаўнай уладай.

«Беларускае казацтва адраджалася па добрай волі Аляксандра Лукашэнкі», — казаў у інтэрв’ю Улаховіч.

Газета «Лічность»

Фота belkazak.by.

Фота belkazak.by.

«Наша Ніва» ў 2001 годзе пісала, што Мікалай Улаховіч быў заснавальнікам газеты «Лічность», якая атрымлівала папярэджанне ад Дзяржкамдруку (папярэднік Міністэрства інфармацыі) за «распальванне міжрэлігійнай і міжнацыянальнай варожасці». Тым не менш, няглядзячы на ціск расійскага казацтва, Улаховіч памяняў у статуце сваёй арганізацыі словы «на праваслаўных традыцыях», а замест іх ужыў «на хрысціянскіх традыцыях». Сёлета ў інтэрв’ю «НН» ён расказваў, што выключыў з «Беларускага казацтва» сотніка Марозава, які выступаў супраць прыняцця ў казацтва габрэяў.

«НН» адзначала, што Улаховічу ўдавалася паспяхова сумяшчаць атаманства з камерцыйнай дзейнасцю. У 1995—97 гадах у зваротах у прэсе ён падпісваўся як кіраўнік фонду «Нерухомасць».

Старшыня кішэннай партыі

Фота 21.by.

Фота 21.by.

Мікалай Улаховіч, апроч казацкай нагрузкі, нязменна ўзначальвае Беларускую патрыятычную партыю. Скажам мякка, не самая вядомая партыя, якая не спрабуе ўдзельнічаць у палітычнай барацьбе. Напрыклад, сёння ў палаце прадстаўнікоў няма ніводнага сябра БПП. Прытым што сам Улаховіч неаднакроць казаў, што яго партыя падтрымлівае курс Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля выбараў 2010 года, калі супраць беларускіх уладаў за рэпрэсіі былі ўведзеныя санкцыі ЗША і ЕС, Мікалай Улаховіч выступіў з заявай, у якой казаў, што «з ЗША пасля такіх выпадаў не асабліва і хочацца кантактаваць». А дзеянне ЕС выклікалі ва Улаховіча «здзіўленне і абурэнне». Вынікі рэфэрэндуму-2004 па працягненні тэрмінаў прэзідэнцтва Лукашэнкі Улаховіч назваў «перамогай дэмакратычных прынцыпаў».

Палітолаг Уладзімір Роўда адзначае, што праграма партыі з’яўляецца сумессю камуністычных і панславісцкіх ідэй. Нягледзячы на татальную падтрымку Лукашэнкі, БПП у 2007 нават атрымала папярэджанне Мінюста.

Мінскі аблспажыўсаюз

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Ад 18 чэрвеня (роўна месяц да рэгістрацыі) Мікалай Улаховіч быў абраны намеснікам старшыні Мінскага абласнога спажывецкага саюза. Да гэтага на працягу многіх гадоў ён узначальваў прадпрыемства «Жылкамунтэхніка», быў намеснікам Мінскага абласнога ўпраўлення ЖКГ. Не скажаш, што пасады надта высокія, аднак даволі хлебныя.

Казацкія прынцыпы Улаховіча

Фота udf.by.

Фота udf.by.

Мікалай Улаховіч кажа, што беларускае казацтва вядзе пачатак ад Канстанціна Паклонскага, які па загадзе рускага цара Аляксея Міхайлавіча стварыў казацкія палкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1654—1655. Праўда, Улаховіч змоўчвае, што літаральна праз год Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. Сайт kazak.by увогуле называе гэта «здрадай свайму народу і рускаму ўраду». Полк беларускіх казакоў пасля гэтага бараніў гарады Рэчы Паспалітай ад расійскай агрэсіі.

«Я заўсёды паўтараю, што казак — гэта не толькі бурка і папаха. Гэта лад жыцця. Казак павінен быць узорным сем’янінам, і крэпкім гаспадаром, бамжоў у свае шэрагі мы не пускаем. Які ты казак, калі не можаш забяспечыць сваю сям’ю, зарабіць хаця б на форму, амуніцыю», — казаў Улаховіч.

«Беларускае казацтва» мае цесныя кантакты з праваслаўнай царквой. Пагадненне аб супрацоўніцтве Улаховіч падпісваў яшчэ з мітрапалітам Філарэтам, таму нярэдка атаман з’яўляецца на праваслаўных сходках. Дарэчы, неяк ён выхваляўся, што сябры яго арганізацыі ладзілі авія- і мотакрыжовыя хады.

Такі вось яўна звязаны з лукашэнкаўскімі ўладамі кандыдат вымаляваўся напрыканцы падачы дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?