Фядута пра Ігара Аліневіча: Спрачацца было бессэнсоўна. Але мы працягвалі гэта рабіць, з перапынкамі на допыты і ператрусы
Экс-палітвязень Аляксандр Фядута апублікаваў на сайце Беларускага ПЭНа калонку пра асуджанага на 20 гадоў анархіста Ігара Аліневіча і іншых анархістаў, вольных духам.

Адно з самых важных для мяне паведамленняў мінулага снежня — вестка пра месячную галадоўку, якую трымаў Ігар Аліневіч.
З Ігарам мы пазнаёміліся ў камеры «амерыканкі» — следчага ізалятара КДБ — у снежні 2010 года. Я трапіў туды пасля «Плошчы», на якую кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, членам перадвыбарчага штаба якога я быў, не дапусцілі супрацоўнікі невядомых беларускіх спецслужбаў. Яго збілі ў той час, калі за яго яшчэ галасавалі па ўсёй краіне, прыкладна а сёмай гадзіне вечара. Мяне ж арыштавалі ў мяне дома: я рыхтаваўся раніцай ісці ў Вярхоўны суд падаваць скаргу як давераная асоба майго кандыдата, які ляжаў у бальніцы хуткай дапамогі.
Я памятаю, як тады, раніцай, увайшоў у камеру і павітаўся: «Добры дзень».
На мяне паглядзелі як на вар’ята. Чалавека арыштавалі, змясцілі ў СІЗА КДБ, а ён называе гэты дзень добрым. У яго ўсё ў парадку з галавой? У гэтай камеры я прабыў нядоўга. А ў другой ужо быў Аліневіч.
Калі цяпер, у магілёўскай калоніі № 15, я перачытваў «Круты маршрут» Яўгеніі Гінзбург, то зноў звярнуў увагу на спрэчкі, якія вяліся ў перасыльных турмах і сталінскіх лагерах паміж марксісткамі: ці можна прымаць дапамогу ад трацкістак і іншых ухілістак, парушальніц партыйнай дысцыпліны, ці нельга? Цяпер, нават у тых умовах, у якіх я перачытваў мемуары Яўгеніі Сямёнаўны, гэта ўспрымалася амаль як анекдот: арыштанты вядуць ідэалагічныя дыскусіі.
Але ў 2010 годзе падобная сітуацыя не здавалася мне анекдатычнай: у камеры знаходзіліся амаль артадаксальны марксіст Фядута і перакананы анархіст Аліневіч. І, як пісаў класік, «між імі ўсё нараджала спрэчкі».
Мне было прасцей. Я быў старэйшы і паспеў прачытаць не толькі некаторыя працы Маркса, Энгельса, Пляханава і нават, не да ночы згадваючы, Ульянава-Леніна, але і класікаў анархізму Бакуніна і Крапоткіна. Гэта не было маёй заслугай; проста я нарадзіўся і вырас у такі час і ў такой краіне, калі заснавальнікаў марксізму-ленінізму трэба было канспектаваць, калі ты хацеў атрымаць вышэйшую адукацыю. А Бакуніна з Крапоткіным даводзілася чытаць самастойна, каб хоць крыху разбірацца ў перыпетыях бурнага дзевятнаццатага стагоддзя.
Ігар належаў да іншага пакалення. Ён не быў «чалавекам слова» — ён быў, як кажуць, «чалавекам дзеяння». І ў анархісцкія гурткі яго прывяло не ўсведамленне правільнасці бакунінска-крапоткінскіх ідэй, а стыхійнае адчуванне таго, што дзяржава, у поўнай адпаведнасці з ленінскім вучэннем, па-ранейшаму застаецца інструментам падаўлення асобы.
А з гэтым якраз Аліневіч змірыцца не мог. Ён цяжка пераносіў саму думку пра тое, што яго нехта падаўляе. І ўсе яго дзеянні, за якія ён і трапіў у «амерыканку», былі стыхійным бунтам, пратэстам супраць гэтага самага падаўлення.
Мы спрачаліся да хрыпаты. На ўсе мае довады, падмацаваныя цытатамі з класікаў, Ігар адказваў уласнымі аргументамі, і рабіў гэта вельмі безапеляцыйна. Яму было ўсё адно, з кім спрачацца.
Апыніся з намі ў нашай «зялёнай падводнай лодцы» (сцены камеры былі пафарбаваныя ў зялёны колер) сам Крапоткін, Ігар і яго перыядычна адпраўляў бы ў інтэлектуальны накаўт. Спрачацца было бессэнсоўна. Але мы працягвалі гэта рабіць, з перапынкамі на допыты і ператрусы.
А па вечарах мы гаварылі пра літаратуру. Пра «Графа Монтэ-Крыста». Пра Дастаеўскага. Пра мой любімы «антыанархісцкі» раман Чэстэртана «Чалавек, які быў Чацвяргом».
Потым мяне перавялі ў адзіночную камеру — як высветлілася, на цэлых 55 дзён. Тады, у крыху менш людаедскія часы, гэта было амаль вечнасцю. Але па заканчэнні гэтых 55 дзён мяне выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
І тут, нечакана для самога сябе, я стаў экспертам па беларускіх анархістах. Нашы праваабаронцы ўпарта не хацелі прызнаваць іх палітычнымі зняволенымі, хоць усе падставы для гэтага былі: беларускае тэлебачанне абгрунтоўвала неабходнасць суда над імі выключна ідэалагічнымі меркаваннямі. Імі спрабавалі запалохаць тэлегледача прыкладна так жа, як потым, у 2021—2022 гадах, палохалі страшнымі словазлучэннямі накшталт «План Цішыня» або крыху пазней — «Чорныя салаўі». Насамрэч вінцікам і шрубкам прапагандысцкай машыны было глыбока абыякава, бакунінцы, крапоткінцы, махноўцы сядзяць на лаве падсудных ці проста футбольныя фанаты. Некіраваныя — значыць, небяспечныя.
А праваабаронцы тады ніяк не маглі змірыцца з тым, што ў руках Аліневіча ў нейкі момант апынуліся бутэлькі з запальнай сумессю. Як жа так? Як можна быць палітычным зняволеным, калі ты не ўкладваешся ў пракрустава ложа першага радка беларускага гімна: «Мы, беларусы, мірныя людзі». Але я пагаварыў з Някляевым пра Аліневіча, і Уладзімір Пракоф’евіч паверыў.
Спатрэбіўся ўвесь тагачасны аўтарытэт Някляева, каб пераканаць праваабаронцаў у неабходнасці прызнаць відавочнае.
Цяпер пераконваць ужо нікога не трэба.
Пра тое, што Аліневіч месяц трымаў галадоўку, напісалі ўсе, у тым ліку і некаторыя праваабарончыя сайты.
І я, чытаючы пра гэтую галадоўку скупую, у цэлым, інфармацыю, успамінаў яго высокі лоб, упарты позірк, жорсткую логіку. Успамінаў яго кнігу «Еду ў Магадан», дзе ён пісаў і пра нашы «амерыканскія» спрэчкі.
А яшчэ я ўспамінаў анархіста Сашу Францкевіча, які на «Валадарцы» вадзіў мяне, бездапаможнага, па лесвіцы, дапамагаючы насіць сумкі падчас этапавання на чарговае судовае пасяджэнне.
Успамінаў яркія публіцыстычныя тэксты Колі Дзядка.
Успамінаў лісты са словамі падтрымкі, якія перадавала мне ў камеру на той жа «Валадарцы» Маша Рабкова, што атрымала свае вар’яцкія чатырнаццаць гадоў.
Успамінаў надзвычай светлага Лёшу Галаўко, з якім мы кожны раз, калі ён вяртаўся з ШІЗА, абмяркоўвалі апошнія навіны, а потым — атрыманага «ў плечы» дадатковага тэрміну і адпраўленага з нашай «пятнаццаткі» «на крытку».
Успамінаў Акіхіра Ханада-Гаеўскага — юнака з тварам і імем японца, які гаварыў са мной у турэмных «стаканах» як сапраўдны беларус і патрыёт Беларусі.
Я ўспамінаў іх усіх — тых, хто прайшоў у маім жыцці выпадкова, мімалётна, ледзь датыкаючыся. І ў мяне не ўзнікала жадання з імі спрачацца. Узнікала толькі пачуццё глыбокага болю ад таго, што я нічым не магу ім цяпер дапамагчы. Магу толькі памятаць пра іх.
Будзем памятаць. Будзем думаць пра іх. Будзем рабіць для іх падтрымкі і вызвалення тое нямногае, што ў нашых сілах. А даспрачаемся, магчыма, потым — калі яны таксама будуць на волі.
Я хацеў напісаць: «калі яны будуць свабодныя», і паправіў сам сябе. Бо яны ж свабоднейшыя за ўсіх тых, хто застаецца сёння ў Беларусі па той бок турэмных кратаў. Яны свабодныя духам, хаця наўрад ці чыталі Крапоткіна.
Каментары
И это другое теперь важнее и нужнее.