Сёння а палове восьмай адбыўся другі выступ кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Поўную версію мінулага выступу можна паглядзець тут.

Гэтым разам Таццяна Караткевіч закранула эканамічныя, адукацыйныя і сацыяльныя пытанні. Напрыканцы яна заклікала жанчын правесці выбары сумленна. 

«Паглядзіце вакол: усё памянялася за 20 гадоў акрамя ўлады. Сёння народ і краіна перараслі сваю ўладу», — заявіла Караткевіч. —

Дзяржаўная машына ўзору 1996 года глухне, не працуе ў 2015 годзе, значыць, прыйшоў час і яе змяняць. Улада павінна быць не тормазам, як цяпер, а рухавіком развіцця, як будзе пры новым прэзідэнце». 

«Насамрэч людзі не баяцца перамен, наадварот, яны жадаюць іх. Адзіны, хто іх баіцца, — гэта мой канкурэнт на гэтых выбарах Аляксандр Лукашэнка.

Таму што любыя перамены паменшаць кантроль улады над эканомікай, грамадствам і чалавекам», — заявіла Караткевіч.

Кажучы пра «мірныя перамены» ў эканоміцы, яна падкрэсліла: «Даць волю актыўнаму, прадпрымальнаму чалавеку, які хоча і можа працаваць на зямлі, на заводзе, умее арганізоўваць вытворчасць ці аказваць паслугі. Трэба даць магчымасць людзям адкрываць сваю справу і самастойна забяспечваць сябе. Працаваць на сябе, а не на чужога дзядзьку ці чыноўніка». Па яе словах, краіну з крызісу выведзе прыватны сектар. 

Звярнула яна ўвагу і на праблему рэгіёнаў: «Мы зробім усё, каб развіваць рэгіёны, ствараць інфраструктуру, падтрымліваць маладых спецыялістаў і маладыя сем'і. Праз вылучэнне зямлі і льготных крэдытаў для будаўніцтва дома. Але рабіць гэта будзем разумна, з прыцягненнем бізнесу і інвестыцый. Такія праекты выгадныя ўсім — і людзям, і дзяржаве, і бізнесу».

Таксама Караткевіч абяцае зрабіць усё, каб вярнуць прэстыж прафесіі настаўніка і зрабіць адукацыю сучаснай. 

Для гэтага «трэба перастаць ізаляваць нашу адукацыю ад сучаснага свету», кажа яна. А настаўніка «трэба вызваліць ад масы адміністрацыйных і ідэалагічных задач», бо найперш ён павінен «вучыць і атрымліваць за гэта годную зарплату».

Для тых, хто пачаў задумвацца пра сваю старасць, Караткевіч прапаноўвае «ўвесці назапашвальную сістэму, адкрыць недзяржаўныя пенсійныя фонды для дадатковых пенсійных зберажэнняў». 

Таксама яна прапаноўвае знізіць адлічэнні ў сацыяльны фонд пры прыёме на працу жанчын, у якіх двое і больш дзяцей, што «будзе выгадна і прадпрыемствам, і дазволіць жанчынам працаваць». Акрамя таго, яна абяцае дамагацца роўнай аплаты працы мужчын і жанчын. «Сёння гэта вялікая разбежка — на 33%. Роўная аплата будзе гаварыць пра роўнасць магчымасцяў і пра ўзаемапавагу».

Напрыканцы выступу Караткевіч заклікала выбарчыя камісіі «лічыць галасы беларусаў сумленна, адкрыта і не закрываць вочы на падман». 

Кандыдат звярнулася да членаў участковых камісій, большасць з якіх — жанчыны. «Выбары прэзідэнта — гэта не меней важна, чым сям'я, таму што гэта наша Радзіма, наша краіна, наша агульная будучыня. Мы нічога не даможамся, калі не будзем сумленнымі. Я ведаю, як вы хвалюецеся аб тым, што чакае нас наперадзе, якая будучыня ў нашых дзяцей. Я прашу вас лічыць галасы беларусаў сумленна, адкрыта і не закрываць вочы на падман. Гэта сёння надзвычай важна. Гэта — момант ісціны». 

«Пакуль незадаволенасць выказваецца толькі на кухні, ваша меркаванне ніколі не будзе ўлічвацца. Трэба прыйсці і прагаласаваць. Гэта ваш законны і бяспечны шлях пачаць перамены — у кабінцы вы адны, адзін на адзін са сваім сумленнем. Дайце старт пераменам», — гэтымі словамі Караткевіч заклікала беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?