Грамадства11

«Быць легіянерам — вельмі ганарова ў Францыі». Інтэрв’ю з беларусам з Замежнага легіёна

Belsat.eu пагутарыў з беларусам Канстанцінам, які на пачатку 2000-х праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне. Наш суразмоўца распавёў, колькі зарабляюць легіянеры, ці шмат там беларусаў і чаму замежнікі ідуць служыць французскай дзяржаве.

Канстанціну 42 гады. Ён родам з сям’і савецкага вайскоўцы. У 1991 годзе бацька скончыў вайсковую службу, атрымаў кватэру ў Менску і сям’я асела ў Беларусі. У Менску будучы легіянер скончыў школу, затым — будаўнічую вучэльню. Вучыўся ва ўніверсітэце фізкультуры, працаваў настаўнікам і трэнерам. У канцы 90-х ён адслужыў ва Узброеных сілах Беларусі. Пасля службы ў войску Канстанцін зразумеў, што хоча быць вайскоўцам.

Канстанцін (злева) разам са саслужыўцамі па Замежным легіёне падчас камандзіроўкі ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

«80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект»

— Я з сямʼі вайскоўца, ваенная сцежка заўсёды была ў маёй крыві, — распавядае Канстанцін. — Трэба было выбіраць, дзе служыць. Тата быў вайскоўцам у велізарнай краіне, перамяшчаўся на вялікія адлегласці, служыў у ГДР, Вугоршчыне, Беларусі. Але часы змяніліся. Мне здавалася, што служыць у беларускай арміі сумна — няма прыгодаў, у нас мірная краіна. Для мяне было важна рэалізаваць сябе як вайсковец у прыгодніцкім плане. Таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў Замежным легіёне.

— Што трэба, каб патрапіць у Замежны легіён?

— Трэба прайсці звычайную медкамісію, нескладаныя фізічныя нарматывы і сурʼёзны тэст на інтэлект, памяць і ўважлівасць. У нашыя часы [пачатак 2000-х. — Belsat.eu] тэсты на інтэлект здавалі не на кампʼютарах, а проста на аркушах. Напрыклад, аркуш запоўнены рознымі значкамі — кружок, квадрацік, знак працэнту, пытальнік. Нейкія трэба падкрэсліць, нейкія — абвесці кружочкам. І ты на чатырох аркушах абводзіш і падкрэсліваеш. Мапу трэба было запомніць. Паказваюць табе мапу, ты запамінаеш усе назвы, размяшчэнне, а потым даюць такую ж мапу, але без назваў — і трэба падпісаць, дзе што знаходзіцца. 80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект (пры тым, што конкурс у легіёне — 8-10 чалавек на 1 месца). Таму тыя, хто праходзіць адбор, у асноўным вельмі талковыя хлопцы.

Шмат размаўляюць з табой пры прыёме ў легіён, асабліва на тэму «чаму ты прыехаў». Гэта ключавое пытанне.

Дэсантнікі Замежнага легіёну. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— А пры якіх адказах на гэтае пытанне чалавека хутчэй не возьмуць у легіён?

— Калі чалавек кажа, што ён шмат ваяваў і хоча працягнуць менавіта ваяваць — яго не возьмуць. Калі чалавек раскажа, што ён прыехаў зарабіць грошай — таксама наўрад ці возьмуць. Калі хочаш трошкі паслужыць і атрымаць пашпарт — таксама наўрад ці. Гэта ж небяспечна тым, што чалавек можа дэзерціраваць.

Дэзерцірства — вялікая праблема для Замежнага легіёну. Думаю, у год з 7 тысяч чалавек бяжыць некалькі сотняў. Чаму дэзерціруюць? З розных прычынаў. Хтосьці стаміўся, хтосьці не прыжыўся, хтосьці ўжо назапасіў патрэбную суму грошай. Да гэтага спакойна ставяцца. Афіцэры могуць наўпрост спытаць: хто не вернецца з адпачынку? Чалавек можа шчыра прызнацца. Проста скажуць: здай усе вайсковыя прыналежнасці, развітайся з сябрамі.

— То бок ніякіх наступстваў для дэзерціра не будзе?

— Гэта абсалютна ніяк не караецца. Ён можа ў Францыю пасля прыехаць, можа нават зноў пайсці ў Замежны легіён, шкадуючы пра свой учынак, і нікому не кажучы, што ўжо аднойчы гэтак паступаў. Такое таксама бывала. Пасля 30 дзён адсутнасці цябе могуць узяць зноў без праблем. Быў нават выпадак, калі пасля 4 месяцаў дэзерцірства чалавека зноў узялі: ён быў музыкам у палкавым аркестры і ўвесь аркестр за яго прасіў.

Паводле Канстанціна, у легіёне ёсць такое пакаранне — сабраць з камянёў за ноч двухметровую піраміду. «Афіцэр сказаў, што гэта было пакаранне легіянеру, і піраміду я пабудаваў як пакараны легіянер, а не як беларус. І ў пакаранне ўжо за фота мне загадалі піраміду разабраць». Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— Як пры прыёме правяраюць мінулае навабранца? Раптам ён крымінальнік, здзейсніў злачынства і уцёк…

— У мой час усё высвятлялася пры асабістай гутарцы. Ну вось мы з вамі беларусы, выраслі ў адных рэаліях. Я пачну пытацца, адкуль вы прыехалі, чым займаліся, дзе служылі. За дзве гадзіны гутаркі ўсё роўна высветліцца, што чалавек недзе хлусіць, нешта недагаворвае. Дарэчы, менавіта таму стараюцца браць маладых, каб людзям у прынцыпе не было чаго хаваць.

— Каб трапіць у легіён, ці трэба хаця б мінімальнае веданне французскай мовы?

— Не. Ведаеце, у часы СССР чалавек мог прыйсці ў войска, не ведаючы мовы. І нічога — за паўтары гады вывучваецца. А тут 5 гадоў службы. Да гутарковага ўзроўню мова вывучваецца прыкладна праз год.

Усе каманды ў легіёне аддаюцца па-французску. Камандуюць легіёнам афіцэры, якія скончылі французскія вайсковыя вучэльні.

«Наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта»

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— Колькі гадоў вы адслужылі ў Замежным легіёне?

— Я адслужыў 4,5 года ў дэсантным палку. Атрымаў траўму пляча і за паўгода да канца кантракту мяне камісавалі. Быў выбар: або скасаваць кантракт, або перайсці з дэсанту ў пяхотны полк. Але я ў пяхотны полк ісці не захацеў.

— У якіх кропках зямнога шара вы служылі?

— Я быў у Габоне, Джыбуці і на выспах Новая Каледонія.

— Якія задачы легіён вырашаў у гэтых краінах?

— Усе задачы легіёну зводзяцца да падтрымання міру і парадку. Калі мы знаходзімся ў нейкай афрыканскай краіне, то мы патрулюем мяжу, кантралюем плямёны, якія бегаюць са зброяй. Каб адчувалася, што ёсць нейкая сіла ў краіне. Ахоўваем дзейную ўладу — наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта. І ў выпадку нейкага рэвалюцыйнага паўстання мы павінны яго абараняць. Акрамя міратворчых аперацый усе задачы легіёну заўсёды зводзяцца толькі да гэтага.

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— Вам даводзілася прымаць удзел непасрэдна ў баявых сутыкненнях?

— Не, у перыяд маёй службы ўсё было спакойна.

«У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі»

— Які быў у вас заробак у Замежным легіёне?

— 10 тысяч франкаў — тады гэта было можа тысячы $ 1,5. На сённяшнія грошы гэта складана перавесці, таму што пакупніцкая здольнасць была зусім іншая. На 100 франкаў у 2000-ыя можна было купіць больш, чым на 100 еўра цяпер.

Цяпер дэсантнік атрымлівае прыкладна 1850 еўра ў месяц, звычайны пяхотнік — 1300 еўра. У камандзіроўках, дзе легіянер знаходзіцца ў сярэднім 4 месяцы на год, зарплата падвойваецца.

Калона тэхнікі Замежнага легіёна ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— Вы сустракалі ў легіёне беларусаў?

— Так. Гэта быў прыкметны адсотак. Вялікі паток беларусаў пачаўся з 2002 года. Спачатку ў нашай кампаніі (кампанія — гэта нешта сярэдняе паміж батальёнам і ротай) на 80 чалавек было ўсяго 5 расейскамоўных. А потым за 1,5 гады стала каля 30 расейскамоўных, у тым ліку дзесьці 5 беларусаў.

— Вы ведалі Андрэя Жука, які нядаўна загінуў у Малі?

— Разам мы не служылі, ён прыйшоў пазней. Але трохі я яго ведаў, на ўзроўні «прывітанне-пакуль».

— Што вы рабілі пасля службы ў легіёне?

— Вярнуўся ў Беларусь, купіў кватэру. Не паспеў вырашыць, што мне далей рабіць, як сталі тэлефанаваць з Францыі, прапаноўваць працу. Я прыязджаў у Францыю, працаваў па 2-3 месяцы і вяртаўся ў Беларусь. Працаваў у службе бяспекі, у ахове. У такім рэжыме я пражыў амаль 9 гадоў. Але ў 36 год я прыняў рашэнне, што канчаткова перабіраюся ў Францыю.

— Праз службу ў легіёне да вас былі нейкія прэтэнзіі з боку праваахоўных органаў Беларусі?

— Зыходзячы з нашага заканадаўства, службу ў легіёне ніяк нельга лічыць найміцтвам. Найміт — гэта чалавек, які адпраўляецца на вайну за грошы і пры гэтым не ўваходзіць ува ўзброеныя сілы ваюючых бакоў. Але Замежны легіён уваходзіць у склад сухапутных сілаў Францыі, а я — вайсковец, які знаходзіцца на рэгулярнай службе па кантракце. Наш статус — гэта на 100 % статус французскага вайскоўца. У мяне ёсць медалі, даведкі, пенсія налічваецца. Таму легіянераў ніяк нельга лічыць наймітамі.

У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі. Ім жа трэба ведаць, што за людзі вяртаюцца ў краіну з баявым досведам, што яны ўмеюць. У прыватнасці, гутарыў са Службай бяспекі прэзідэнта. Яны пыталі пра снайперскую і падрыўную дзейнасць, хацелі даведацца, чаму нас вучылі ў Замежным легіёне. Ну, я ім і тлумачыў, што падрываць як у фільмах кубачкі з-пад кавы ці закладваць бомбы ў аўтамабіль нас не вучылі, затое мы можам мінаваць масты і дарогі.

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

«Які сэнс ехаць у Сірыю?»

— У вас была думка пасля легіёну зрабіць карʼеру ў беларускім войску, стаць афіцэрам?

— Я прыйшоў з легіёна ў 27 гадоў. Калі адвучыцца ў вайсковай вучэльні, мне ўжо будзе 32 (а ўсе гэтыя 5 гадоў мне трэба карміць неяк сямʼю) і я стану толькі лейтэнантам. Але лейтэнантам становяцца ў 22, а не 32 — у 32 нельга мець заробак лейтэнанта. Ды яшчэ з Замежным легіёнам за плячыма! Гэта значыць, што мяне наагул да дзяржсакрэтаў не дапусцяць. Якую я карʼеру мог бы зрабіць? Так і застаўся б камандзірам роты. Плюс момант авантурызму. Беларускае войска не ваюе, афіцэр можа правесці ўсё жыццё на трох палігонах. Не, гэта не па мне.

Замежны легіён у Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— Вам вядомыя выпадкі, калі былыя легіянеры паехалі ваяваць у гарачыя кропкі — на Данбас ці ў Сірыю?

— Так. У апошні час нямала знаёмых паехала. У асноўным гэта расейцы. Яны калісьці служылі ў расейскім спецназе, потым адслужылі ў легіёне, ім патэлефанавалі былыя сябры-спецназаўцы і прапанавалі паехаць. Яны ўсе сябры, родныя людзі — спецназаўскае братэрства куды мацней за легіёнаўскае. Вось яны дружна і паехалі.

Каб ехаць у Сірыю, трэба мець там блізкіх сяброў [сярод расейскіх вайскоўцаў. — Belsat.eu]. А блізкія сябры — гэта калегі па першай службе. Таму я не ведаю, каб нехта з беларусаў-легіянераў потым паехаў у Сірыю. Ды і які сэнс? У Францыі ёсць сацыяльныя гарантыі, тут проста ў ахове можна зарабіць куды больш чым у ПВК [прыватных ваенных кампаніях. — Belsat.eu]. Акрамя таго, расейцы без праблем працягваюць жыць у Расеі, яны ж з ПВК усё адно вяртаюцца дадому. Беларусам больш складана.

— Вы падтрымліваеце сувязь з былымі таварышамі па службе?

— Так, увесь час. У Viber нават ёсць суполка для былых легіянераў, яна выкарыстоўваецца для пошуку працы — там больш за 200 чалавек. Раяць, дапамагаюць адзін аднаму. Шмат хто сыходзіць у ахову, дзе ўжо служаць іх былыя калегі.

«50% — рамантыкі»

Ветэраны Замежнага легіёна розных часоў у Парыжы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

— СМІ пісалі, што прыкладна 35 % легіянераў — гэта расейскамоўныя з Усходняй Еўропы. Гэта дакладныя ацэнкі?

— Калі казаць пра Ўсходнюю Еўропу, то лічба нават больш будзе — мінімум 50 %. Палова з іх — расейцы, можа нават больш.

— Пасля Крыму і Данбасу ў легіянераў з Украіны і Расеі не ўзнікала канфліктаў на глебе палітыкі?

— Здаралася. Не толькі сярод украінцаў і расейцаў, але і сярод саміх украінцаў. Украіна ж неаднастайная. Канфлікты ўнутры падраздзяленняў былі, але гэта ніколі не перарастала ў бойку, мардабой. Там дысцыпліна. Проста людзі адзін з адным не згодныя.

— Калі скласці зборны вобраз легіянера, як бы вы яго апісалі?

— Малады чалавек 20-25 гадоў, талковы, спартыўны, без шкодных звычак.

— А асноўная матывацыя?

— 50 % — рамантыкі. Ну і, вядома, статус прыцягвае. Людзі ж разумеюць, што пасля службы ты становішся сапраўдным еўрапейцам. Не проста эмігрантам, які посуд дзесьці спачатку мыў. Быць легіянерам — гэта вельмі ганарова ў Францыі, цябе паважаюць.

Каментары1

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта5

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю4

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы20

Трамп вызначыўся з кандыдатурай спецпасланніка ЗША па Украіне13

«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні3

Стала вядома, што за беларус арганізоўваў напад на расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта5

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →