«У камеры прымушалі слухаць Усебеларускі сход». Былы выкладчык БДУ Яраслаў Кот адседзеў 15 сутак за «лаянку» і з'ехаў у Варшаву
Былога выкладчыка БДУ па юрыдычнай этыцы пасадзілі за нецэнзурную лаянку. Гучыць як каламбур, але гэта рэальны эпізод з жыцця Яраслава Кота. «Наша Ніва» пагутарыла з ім пасля вызвалення — пра вучобу ў Ельскім універсітэце, запрашэнне на вяселле прынца, звальненне з БДУ і 15 сутак.
«Малады быў, гарачы, і меў праблемы з новай уладай»
Першую адукацыю Яраслаў атрымаў у ЗША, у Ельскім універсітэце. Паступіў тады, калі яму было 16. На драматурга.
«Малады быў, гарачы, і меў праблемы з новай уладай. Памятаю, як мяне аднойчы забрала міліцыя: я на амерыканскім сцягу сядзеў у горадзе, піў кока-колу — і гэта палічылі мітынгам. Я быў металістам, доўгавалосым, бунтаром — тады ўсе такія лічыліся бэнээфаўцамі, і гопнікі іх не любілі, і міліцыя.
Бацькі казалі: трэба тэрмінова валіць, тут такія людзі да ўлады прыйшлі, шукай спосаб з’ехаць. Я атрымаў стыпендыю як малады паэт, мае вершы ўдала зайшлі ў ЗША. Да таго ж Беларусь у 1990-х для ўніверсітэтаў была новай краінай, і яны спаборнічалі, хто першы займее студэнтаў адтуль», — згадвае мужчына.
Стыпендыя пакрывала выдаткі на навучанне, але на жыццё трэба было зарабляць самому. Яраслаў працаваў і грузчыкам, і афіцыянтам, браўся за пераклады.
«Ельскі ўніверсітэт у невялікім гарадку знаходзіцца. Гэта не Лос-Анджэлес, дзе зоркі ходзяць па вуліцах. Напачатку я ў інтэрнаце жыў са спартоўцамі — баскетбалістамі, хакеістамі, футбалістамі. Пасля з’ехаў на кватэру, якую арандавалі з сябрамі. Я быў замкнёны даволі, шмат чытаў, шмат пісаў. Цяжка было ў тым узросце падлетку аднаму. Але гэты вопыт вельмі карысны — я навучыўся зарабляць».
Спецыяльнасць драматурга, дарэчы, дапамагла Коту ўвайсці ў ІТ — ён пачынаў з таго, што пісаў сюжэты для камп’ютарных гульняў. Плюс прыдаліся школьныя веды некалькіх моваў праграмавання — Basic, Pascal, Forth.
У Амерыцы хлопец пазнаёміўся з Дэвідам Брэйвікам — стваральнікам гульняў Diablo і Warcraft 3. Год таму той нават прыязджаў у Беларусь пагасціць.
«Гэта заўсёды была паралельная дзейнасць, але ў Беларусі доўгі час няёмка было пісаць, што я спецыяліст па гульнявой індустрыі, крыху дзіўна гучала. Дзякуючы таму, што я навуковец, у розныя краіны на канферэнцыі ездзіў, я ведаю шмат легендарных распрацоўшчыкаў. Напрыклад, з Дэвідам Мюліхам, стваральнікам «Герояў 3», мы сумесныя праекты робім. Мне пашанцавала стасавацца з таленавітымі людзьмі ў розных сферах», — кажа Кот, вядомы ў ІТ як заснавальнік супольнасці распрацоўшчыкаў гульняў Belgamedev.
Вершы ён піша дагэтуль. Раней для розных гульняў, а апошні месяц — у лістах з турмы.
«У Амерыцы снілася, як квітнее каштан на вуліцы Казінца»
У Штатах Яраслаў заставацца не захацеў — настальгія паклікала дадому.
«Снілася, як квітнее каштан на вуліцы Казінца. У ЗША можна працаваць, і ўсё патрэбнае будзе. Але мне хацелася звярнуць горы. Пасля вучобы ў Штатах у мяне мысленне змянілася. Пакаленне маіх бацькоў часта апякала дзяцей, і дзеці вырасталі цяплічныя. Ведалі, што бацькі, калі што, дапамогуць — гэта крыху расхалоджвае. А трэба пастаянна рухацца».
У скарбонцы Яраслава таксама дыплом юрфака БДУ, магістратура па псіхалогіі Акадэміі кіравання, бізнэс-школа пры брытанскім універсітэце.
«Год назад у Баўманскім універсітэце ў Маскве я атрымаў кандыдата філасофскіх навук. Дысертацыю пра свабоду, якую тут рубілі як апазіцыйную тэму, я абараніў там. Гэта было апошняе жаданне майго бацькі, каб яе дабіў, ён марыў, каб мяне як навукоўца на радзіме хоць неяк прызналі. З усімі маімі ступенямі ў Беларусі я проста старэйшы выкладчык».
Бацька Яраслава, дарэчы, таксама выкладаў на юрфаку БДУ — судовую псіхіятрыю.
«Ён таленавіты дыягност. У 14 год паступіў у Кіеўскі медінстытут. Найлепшы яго сябра, з якім яны вучыліся разам, быў бацька Мілы Ёвавіч — рэдкасны прайдзісвет, але яны сазвоньваліся да апошняга. Бацька ніколі не быў у партыі, і тым не менш быў галоўным нарколагам Мінска».
Ад бацькоў мужчына пераняў не толькі прагу да ведаў (у маці Яраслава тры адукацыі), але і жаданне займацца дабрачыннасцю. У свой час ён вёў праекты з Вялікабрытаніяй, таму атрымаў запрашэнне… на вяселле прынца Уільяма і Кейт Мідлтан.
«Я не паехаў — гэта дорага вельмі, не пацягнуў! — усміхаецца. — Уяўляеце: вяселле ў Лондане. Дабрацца туды, арандаваць пакой і дзе-небудзь паесці. Нейкім гасцям, пэўна, з запрашэннем давалі пражыванне, але ў мяне звання сэра не было. Я пайшоў у амбасаду на свята — там была арганізаваная трансляцыя. У мяне дагэтуль недзе гарбата з таго вяселля стаіць».
«Мяне злілі ва ўсе чорныя спісы з назвамі «правакатар», «іуда»
Са штата БДУ Яраслаў сышоў у верасні мінулага года.
«Я быў у ліку першых выкладчыкаў, хто заявіў сваю палітычную пазіцыю. Таму я для нашай адміністрацыі апазіцыянер. Пачалі ціснуць, выклікаць на разборы. Нейкія студэнты дакладалі дэканату, што я ва ўнутраных чатах пісаў. Мы тады яшчэ чат «БДУ 97» стварылі — каб была пляцоўка для студэнтаў і выкладчыкаў, якія хочуць абмяркоўваць сітуацыю ў краіне.
Мяне злілі ва ўсе чорныя спісы з назвамі «правакатар», «іуда». Машыну распісвалі, званілі з пагрозамі. У адміністрацыі казалі: «Навошта вы са студэнтамі на тэму палітыкі гутарыце? Гэта ваша віна будзе, калі іх танкамі ціснуць пачнуць». Спрабавалі раздзяліць выкладчыкаў і студэнтаў, каб на моладзь прасцей было ўплываць.
Я вырашыў перайсці на пагадзіннае выкладанне, каб было менш адміністрацыйнага рэсурсу на мяне ціснуць. А пасля мае гадзіны аддалі памочніку генпракурора. У снежні я канчаткова сышоў».
«Жартаваў: «Дарагая, расслабся, гэта міліцыя», — а ў мяне ў той момант на галаве стаяў чалавек»
Затрымалі выкладчыка 9 лютага. Па афіцыйнай версіі за тое, што нецэнзурна лаяўся ў пад’ездзе.
Яраслаў расказвае, што ў той дзень па іроніі лёсу працаваў дома над дапаможнікам па судова-пракурорска-следчай этыцы. І тут — настойлівы званок у дзверы.
«Я пайшоў паглядзець — вочка было закрыта рукой. Я спытаў, хто. «Міліцыя, адкрывайце». Адчыніў, і раптам мяне пачалі хапаць. А мы дагэтуль абмяркоўвалі з другой паловай, што ёсць практыка, калі маладыя рабяты адзяваюцца ва ўсё чорнае, прадстаўляюцца міліцыяй і рабуюць кватэры. І тут бачу, што нікога ў форме няма. Пачынаю іх піхаць, крычаць суседзям, каб выклікалі міліцыю. Ну як піхаць: я толькі пасля каранавіруса, Новы год у бальніцы сустракаў.
Мяне зацягнулі назад у кватэру, пабілі, паклалі на падлогу, наручнікі зашпілілі. «Маўчаць, не паварочваць галаву». Я на адрэналіне ўжо ўсяго не адчуваў, спрабаваў жартаваць: «Дарагая, расслабся, гэта міліцыя і ёсць». А ў мяне ў той момант на галаве стаяў чалавек.
Я стараўся расслабіць сітуацыю, каб яны не надта лютавалі. Бо ведаў, што, калі яны раззлуюцца, могуць узрыць усё, я ж на кафедры крыміналістыкі 15 год адпрацаваў. Мне паказалі ордар мелькам, там было штосьці пра заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу. Пачалі шастаць па шафах з адзеннем, па шуфлядках і, мяркуючы па ўсім, падкінулі паляўнічы патрон. А я паляваннем не займаюся, дзядуля толькі калісьці — адзіная магчымая сувязь.
Забралі тэлефон, ноўтбук працоўны (там засталіся ўсе мае даследаванні, артыкулы неапублікаваныя), цвёрды дыск, флэшкі. Таксама ў мяне было пару нажоў у калекцыі — ведаеце ж, мужчыны не выкідаюць прыгожыя нажы. Супрацоўнікі іх расклалі і сфатаграфавалі. Заначку ў шклянцы ад гарбаты канфіскавалі.
Мне здаецца, яны мэтанакіравана шукалі носьбіты інфармацыі і штосьці, каб выставіць мяне лялькаводам баевікоў».
Пасля вобшуку мужчыну павезлі ў ГУБАЗіК. Распытвалі пра чат «БДУ 97», патрабавалі здаць іншых адміністратараў, актывістаў.
«Мы з адмінамі працуем, не ведаючы адзін аднаго, і гэта добра. Чым менш ведаеш, тым менш скажаш на допыце. Ад мяне адзінае, што атрымалі, — гэта код ад тэлефона. З таго, што там можна было пабачыць, не было сакрэтаў. А з адмінства «БДУ 97» я выдаліўся, яшчэ калі хварэў».
«Прымушалі слухаць Усебеларускі сход — гэта самае страшнае катаванне»
Яраслаў адседзеў 15 сутак. Кажа, маглі накінуць яшчэ столькі ж — на яго склалі два пратаколы. Але па другім чамусьці пазней спынілі вытворчасць.
На Акрэсціна выкладчык заехаў з ударам левага пляча, вывіхам правага, страсеннем мозгу, шышкамі на патыліцы і сінякамі на твары — гэта дыягнаставаў доктар, які сядзеў з ім у камеры. Ізалятарскі фельчар запісаў толькі ўдар пляча. «У мяне раздулася шчака, а яны: чысценькі твар, чысценькі», — згадвае мужчына медагляд.
«Матрацаў у нас не было. Гэта значыць, што ложкамі карыстацца немагчыма, бо яны зроблены так, каб на іх было балюча і дыскамфортна сядзець без матрацаў. Там пруты металічныя, якія ўразаюцца ў скуру.
У кожнай камеры ўмовы адрозніваліся. У нашай чатырохмеснай сядзела да 12 чалавек. Было вельмі горача і душна. Выпарэнне цякло па сценах. Нехта памыецца — вільготнасць павышаецца і дыхаць наогул немагчыма.
Ежа жудасная. Часам у катлетах трапляліся вочы рыб. І за гэта плаціць 14,50 на дзень? У Жодзіна таксама харчаванне жудаснае, але там хаця б супчыкі раз на дзень есці можна.
Я за час хваробы згубіў 15 кілаграмаў, а за гэтыя 15 сутак — яшчэ 6.
Нас прымушалі Усебеларускі сход слухаць. Перавялі ў больш прасторную камеру, бо ў нас дрэнна працаваў дынамік. Хадзілі глядзелі, каб мы не клявалі носам — і так два дні. Гэта, канечне, самае страшнае катаванне», — смяецца Яраслаў.
«Больш карысці прынясу дзецям на волі — таму з’ехаў»
Праз некалькі дзён пасля вызвалення мужчына з’ехаў у Варшаву.
«Мне пагражаў так званы паравоз, калі адзін за адным прысуды. Самае страшнае — у мяне маленькія дзеці ад першага шлюбу, і я не пабачыў бы іх. Я б вельмі сумаваў па любімых людзях. І я ўзважыў, што больш карысці прынясу дзецям, калі буду на волі», — тлумачыць ён.
Ці доўгай акажацца гэта эміграцыя, выкладчык не ведае.
«Будзем верыць у лепшае, рыхтавацца да горшага і радавацца цяперашняму. Мне насамрэч развязалі рукі. У ізалятары так падтрымліваюць, навучаюць хітрыкам адзін аднаго.
Яны робяць вялікую памылку тым, што нас звозяць. Як у злачынцаў месцы пазбаўлення волі былі ўніверсітэтам злачыннасці, так цяпер гэта ўніверсітэт пратэстоўцаў. Бо нават людзі выпадковыя, якіх там было нямала, патрапіўшы туды, разумеюць, што проста цярпець і заставацца ў баку нельга, бо гэта будзе адбывацца зноў і зноў.
Страх прымушае людзей выказвацца, выходзіць на вуліцы. Бо ім страшна жыць тут, калі нічога не зменіцца».
Каментары