«Наша Ніва» расказвае гісторыю санаторыя і хроніку апошніх падзей і скандалаў вакол яго. 

У пачатку ХХ стагоддзя Друскенікі нейкі час належылі Польшчы, з 1939 па 1940 год — Беларускай ССР, пасля яго перадалі савецкай Літве. Санаторый адкрыўся адразу пасля Другой сусветнай вайны, у 1946 годзе. Яго адкрыла беларускае Мінздароўя на базе дома адпачынку работнікаў Акадэміі навук БССР. У 1949 годзе адкрылі і дзіцячае аддзяленне. 

Сёння санаторый здаецца Беларусі ў арэнду на 99 гадоў. Такое права беларускі бок атрымаў, абмяняўшы ў 1990-х санаторый на чыгуначную станцыю. Літва наўзамен атрымала станцыю Адуцішкі (5,6 га тэрыторыі) і геадэзічныя і картаграфічныя матэрыялы пра Літву, якія захоўваліся ў Мінску.

Дарэчы, савецкая слава і настальгія і па сёння прыносіць установе кліентаў, расказваў галоўны ўрач санаторыя Ілля Епіфанаваў «Новай газеце»:

«Ёсць такія людзі, якія адпачывалі тут дзецьмі 60-65 гадоў таму, і вяртаюцца зноў. Сюды прыязджаюць і дзеці, і ўнукі тых, хто адпачываў у «Беларусі» яшчэ пры СССР. Нядаўна прыехала сям'я з Ізраіля, жанчына распавяла, што ў гэтым санаторыі была яе бабуля і мама, а сама жанчына прывезла адпачываць ужо сваю дачку. Ёсць такая пераемнасць. Я нават сустракаў людзей з былога складу ўрада Літвы, якія раней адпачывалі ў нашым санаторыі», — распавядаў галоўурач.

Па яго словах гадавая загрузка на 2018 год склала 98%, гэта больш за 13 тысяч чалавек. У санаторыі адпачывалі людзі з 19 краін свету.

Усіх кліентаў санаторыя можна падзяліць на тры групы. Перш за ўсё, гэта дзеці, якія прыязджаюць на лячэнне з Беларусі. З бюджэту на гэта выдзялялася каля 8 мільёнаў еўра ў год. Бацькі за знаходжанне дзяцей у санаторыі нічога не плацяць. Калі дзіця мае медыцынскія паказчыкі і едзе без суправаджэння дарослых, то 100% кошту пуцёўкі аплачвае дзяржава. Прыводзіліся лічбы: за год тут 16 заездаў, пуцёўкі па 21 дню, у адным заездзе 320 дзяцей.

Другая група — гэта дарослыя, якія прыязджаюць з Беларусі і атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы на санаторна-курортнае лячэнне. Гэта значыць, чалавек, атрымліваючы пуцёўку па паказаннях, у залежнасці ад памеру свайго даходу аплачвае толькі частку ад кошту пуцёўкі: 30, 40, 50% і гэтак далей. «Дарослая пуцёўка на 18 дзён каштуе каля 700-800 еўра (кошт на 2019 год — НН), чалавек за яе з улікам сумеснага фінансавання Рэспублікі Беларусь можа ў выніку заплаціць 250-300 еўра» — распавядаў галоўны ўрач.

Астатнія кліенты санаторыя абслугоўваюцца па поўных коштах санаторна-курортнага лячэння.

Але ж з 2020 года пачаліся праблемы. Спачатку санаторый прастайваў праз каранавірус, а са снежня 2020 года рахункі ўстановы ўвогуле заблакавалі. Бо санаторый належыў Упраўленню справамі прэзідэнта, а Еўрасаюз увёў эканамічныя санкцыі супраць Віктара Шэймана, які на той момант быў кіраўніком Упраўлення.

«Санкцыі ўведзеныя персанальна супраць Шэймана і падкантрольных яму актываў. Ён падпісвае распараджэнні аб прызначэнні кіраўніцтва санаторыя ў Друскеніках, напрыклад, галоўнага лекара. Значыць, «Беларусь» — падкантрольны яму актыў. Стала быць, тое, што гэты актыў пад санкцыямі, правамерна», — тлумачыў у інтэрв'ю DW намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас

Асаблівасць сітуацыі была ў тым, што санаторый «Беларусь» стаў першым у гісторыі літоўскім прадпрыемствам, якое трапіла пад міжнародныя санкцыі. Да таго ж, большасць работнікаў там — грамадзяне Літвы. Супрацоўнікі санаторыя пачалі абурацца, стваралі петыцыі, зладзілі нават пратэсны аўтапрабег. Галоўны доктар санаторыя Ілля Епіфанаў заяўляў, што прадпрыемства страціла мільёны даляраў, работнікаў называлі закладнікамі. 

У выніку, праблема рашылася толькі пасля таго, як спачатку сваю пасаду пакінуў Віктар Шэйман, а пасля Упраўленне справамі прэзідэнта Беларусі адмовілася ад кіравання санаторыем. 

Цяпер «Беларусь» перадалі Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Рахункі ўстановы разблакаваныя. Адпаведна, з 8 ліпеня санаторый можа зноў прымаць людзей з усяго свету. Дакладней, амаль з усяго — акрамя беларусаў.

«Пакуль што ў літоўскі санаторый «Беларусь» нікога не адпраўляем, да канца года так будзе», — адказваюць кліентам у кампаніі «Цэнтркурорт». Гэта дзяржаўная беларуская турыстычная кампанія, якая таксама належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. — Таму санаторыі на выбар толькі расійскія ці беларускія».

Да таго ж, сітуацыя ўскладняецца тым, што цяпер у Беларусі вельмі складана атрымаць літоўскую нацыянальную візу, па якой можна патрапіць у Друскенікі. Штат літоўскай абмасады на патрабаванне МЗС скарацілі да мінімуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0