Памёр Сяргей Багласаў, які аднавіў Траецкае прадмесце і вярнуў Ратушу
На 72-м годзе жыцця памёр архітэктар-рэстаўратар Сяргей Багласаў. Інфармацыю пра гэта «Нашай Ніве» пацвердзілі ў Беларускім саюзе архітэктараў.
Сяргей Багласаў нарадзіўся ў Магілёве, скончыў політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «архітэктура».
Яго асноўная праца — рэстаўрацыя, рэканструкцыя, прыстасаванне і добраўпарадкаванне сталічнага Траецкага прадмесця Мінска (1980—1983). Багласаў з’яўляўся кіраўніком аўтарскага калектыву.
Таксама ён распрацаваў праекты рэстаўрацыі, прыстасавання і аднаўлення гандлёвых радоў на плошчы Свабоды, мінскай гарадской ратушы, гасцініцы «Еўропа», царквы Святога Духа, шматфункцыянальных комплексаў на вуліцах Няміга і Зыбіцкая (некаторыя праекты ў суаўтарстве).
Пры гэтым архітэктара рэзка крытыкавалі за праект рэканструкцыі Мінскага замчышча.
Багласаў быў таксама вядомы як аўтар архітэктурна-скульптурных кампазіцый — «Войт» і «Гарадскія вагі» ў Мінску, а таксама помніка Гедыміну ў Лідзе (Багласаў распрацаваў пастамент для помніка).
Каментары