«Я прыйшла каля 7 раніцы ў Фрунзенскае РАУС — хацела напісаць заяву. Гэта звязана з сямейнымі абставінамі, ніякай палітыкі ці чагосьці такога. Я сядзела ў калідоры, міма ішоў нейкі міліцэйскі начальнік. Заўважыў мяне і адразу кажа: «Ну усё, паехалі на Акрэсціна!»

Я падумала, што гэта нейкі жарт і яму няма чаго рабіць, бо спачатку гэта было праз «хі-хі, ха-ха», — кажа дзяўчына. — Але ён адвёў мяне ў свой кабінет, вырваў з рук тэлефон, пачаў у ім калупацца. Праглядзеў абсалютна ўсё, не толькі фота, нават нататкі.

Задаваў пытанні на тэму таго, што я «бчбшніца». А я нават не разумела, за што мяне забіраюць — уся мая вопратка была чорнай, якое б-ч-б?

Але я не маю ніякага дачынення да палітыкі. Я не хадзіла нават на маршы. Касічкі запляла проста таму, што захацела. І мне не хапіла белага і чорнага, заставаўся толькі чырвоны колер — я зрабіла недзе пяць пасмаў чырвоных.

Я не вельмі разумела, што адбываецца. Ну і я ж шмат чаго не ведала — не ведала, што ён не меў ніякага права забіраць мой тэлефон і калупацца ў ім, напрыклад.

Недзе праз паўгадзіны ён проста мне сказаў: «Што ты як тупая сябе паводзіш? Не разумееш нібыта? Ты ж бчбшніца, вунь валасы каляровыя!» Толькі тады я зразумела. Я тлумачыла, што гэта проста прычоска.

У тэлефоне нічога «такога» не знайшлося. Але мяне пасадзілі ў камеру, пакуль складалі пратакол. Гэта ўсё адбывалася вельмі доўга і марудна. Некалькі разоў мяне вярталі ў кабінет штосьці спытаць, пасля зноў заводзілі ў камеру.

Пасля гэты міліцыянт, скажам так, сапсаваў мне прычоску. Я казала: не трэба, я сама зараз іх распляту, ён адказваў з мацюкамі і абразамі, што ўжо позна. Я плакала».

Пасля, кажа суразмоўца, яе павезлі дадому на ператрус:

«Было двое ў цывільным. Мяне забралі, павезлі ў кватэру, я жыву недалёка ад РАУСа. Яны дасталі ключы з маёй сумачкі, самі адкрылі імі дзверы, усё перарылі. Панятых не было. Паперу на ператрус я не бачыла».

Калі дзяўчыну вярнулі ў камеру ў РАУСе, то паведамілі, што павязуць на Акрэсціна.

«Я прасілася, каб мяне туды не везлі. Той начальнік са мною ўжо не кантактаваў, толькі «звычайныя» мілцыянты. Адзін з іх казаў: «Дык на Акрэсціна пакормяць, дадуць сродкі гігіены! Там усё ёсць, там усё добра!»

Але я ж чула, што адбываецца на Акрэсціна, у мяне гэта выклікала паніку, — прызнаецца дзяўчына. — Недзе каля 16-й гадзіны яны нарэшце сабралі ўсе дакументы і павезлі мяне ў суд». 

«Працэс» праходзіў у памяшканні суда Фрунзенскага раёна, але па скайпе. Суддзя Наталля Бугук нават папрасіла дзяўчыну павярнуцца і паказаць прычоску. Тая паказала.

У выніку, суддзя Бугук прызнала дзяўчыну вінаватай у пікетаванні і пакарала штрафам у 80 базавых (2320 рублёў).

«Я не ведаю, як буду сплачваць штраф. Я сама ў дэкрэце, падпрацоўвала неафіцыйна. Але праз гэтыя падзеі прапусціла два дні на працы, бо ў адзін дзень быў той суд, на наступны я ездзіла зноў у суд па дакументы. У выніку, за гэта мяне звольнілі.

У бацькоў грошай на штраф таксама няма, з мужам мы разам не жывём і ўвогуле разводзімся. Чула, што можна аформіць растэрміноўку на штраф, пастараюся так і зрабіць», — кажа дзяўчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0