«Проста няма ў гэтым неабходнасці». Лукашэнка запэўнівае, што Беларусь не палезе ва Украіну
Беларускія вайскоўцы «намёртва зачынілі мяжу і стаяць там ва узмоцненых нарадах». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі падпісання «рашэння рэспубліканскага рэферэндуму па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю Беларусі».
— Як бы ні спрабавалі сёння асобныя сілы, вы іх ведаеце, уцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для боязі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы прыкрываем сваімі сіламі дзяржаўную мяжу ад Брэста да Мазыра.
Беларуская армія ў спецаперацыі ніякага ўдзелу не брала і браць не мае намеру. Проста няма неабходнасці ў гэтым.
Акрамя як ад Брэста да Гомеля, у нас ёсць яшчэ заходняя і паўночна-заходняя мяжа. І мы яе павінны надзейна прыкрыць. Бо калі мы там празяваем, народ нам ніколі гэтага не даруе, — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ён гэта кажа не ў першы раз, і пажадана б у апошні.
Лукашэнка заявіў «што «біцца, змагацца і паміраць мы будзем на нашай зямлі. Калі прыйдзецца, не дай бог».
Ён таксама распавёў, што беларускія вайскоўцы «намёртва закрылі мяжу».
— Нашым вайскоўцам сёння і звязаным з імі людзьмі, усяму народу не вельмі проста ў гэтай сітуацыі — эканамічнай, фінансавай. Супрацьстаяць па ўсім перыметры мяжы, а гэта больш за тры тысячы кіламетраў. І сёння, калі мы пра гэта гаворым, нашы хлопцы намёртва закрылі мяжу і стаяць там ва ўзмоцненых нарадах. Нашы дзеці, — сказаў Лукашэнка.
Ён мяркуе, што «канфлікт ва Украіне сёння пачаўся, заўтра скончыцца», а «гібрыдная вайна, якая разгорнутая супраць Беларусі, асабліва санкцыйная ў эканоміцы і фінансах, — гэта надоўга».
Каментары