Гісторыя4242

Вясна, якая сарвала аншлюс

15 гадоў таму адбыліся падзеі, што ўвайшлі ў гісторыю як Мінская Вясна — 1996.

15 гадоў назад дэманстрантам у Мінску ўдалося затармазіць «саюзныя пагадненні з Расіяй» і звярнуць увагу свету на небяспеку аншлюсу. Быў выйграны час, была перахоплена ініцыятыва. Тыя падзеі ўвайшлі з гісторыю як «Мінская вясна — 1996».

У іх удзельнікаў дагэтуль сціскаецца сэрца пры ўспаміне.

Сімвалічна, што «Мінская Вясна — 96» пачалася з адзначэння Дня Канстытуцыі, калі на мітынг сабралася больш за 3 тысячы чалавек. Пасля доўгага перыяду грамадскай пасіўнасці, пасля Ганебнага рэферэндуму гэта падавалася ўнушальным. Акцыі рознага маштабу адбыліся ў іншых гарадах Беларусі — Віцебску, Гродне, Магілёве.

Біг-бэнг

Сапраўдны выбух здарыўся ў нядзелю 24 сакавіка.

Улады не дазволілі шэсця з нагоды 78-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Але на яго ўсё адно выйшла каля 25 тысяч чалавек. Плошчу Незалежнасці ачапілі, выхад на яе з метро перакрылі. Маніфестанты ад вакзала дварамі пратачыліся да паштамта. На зялёнае святло на пераходзе каля вуліцы Валадарскага людзі выйшлі на праезную частку праспекта Скарыны (цяпер — Незалежнасці) і больш з яе не сыходзілі. Дэманстрацыя прайшла ад плошчы Незалежнасці да Опернага тэатра. Насупраць рэзідэнцыі прэзідэнта ўпершыню ў калоне пачалі скандаваць: «Імпічмент» — гэты лозунг стане лейтматывам восені.

Мітынг прайшоў каля Оперы. Выступалі не толькі палітыкі, але і маральныя аўтарытэты.

Пазняк палохае Маскву ў інтэрв’ю самаму папулярнаму тады тэлеканалу НТВ:

мы не Чачня, нас дзесяць мільёнаў.

Расія тады акурат была завязнуўшы ў вайне на Каўказе.

На заклік Пазняка частка дэманстрантаў скіравалася да будынку Тэлерадыёкампаніі, каб дамагчыся эфіру для апазіцыі.

Там адбыліся першыя сутычкі дэманстрантаў са спецпадраздзяленнямі. Тады ж быў і першы «хапун» — пасля заканчэння мітынгу, калі ўдзельнікі сталі разыходзіцца, на праспекце каля будынку КДБ. Як выявілася, гэта быў толькі пачатак грамадскага супрацьстаяння.

«Не выйдет, господа!»

Сусветныя СМІ пішуць пра Мінск. Устрывожаная маштабам пратэсту Масква пераносіць дату падпісання «саюзнай дамовы» на тыдзень. Ельцын адмаўляецца ад самога тэрміна «саюз» і публічна пераконвае: гаворка не ідзе аб паглынанні Беларусі.

У панядзелак, 25 сакавіка, адкрыццё выставы мастакоў «Пагоня» набыло характар палітычнай акцыі. Большасць твораў была прысвечана бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне.

А ў ноч з 25-га на 26-га лідары БНФ Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык, абвінавачаныя ў арганізацыі беспарадкаў, выязджаюць з Беларусі.

Практычна кожны дзень адбываюцца пікеты. На адным з такіх, каля расійскай амбасады, фронтаўцы трымаюць лозунг

«Не выйдет, господа!»

У нядзелю, 31 сакавіка, улады спехам праводзяць сваю акцыю ў падтрымку інтэграцыі з Расіяй. З усёй краіны ў Мінск на мітынг спецыяльнымі аўтобусамі звозяць народ. Мітынг адбываецца каля Палаца спорту. Невялікая групка актывістаў з бел-чырвона-белымі сцягамі спрабуе пратэставаць і там. Яе разганяе міліцыя.

Хапіла двух, каб пачаць

Наступны пік падзей — 2 красавіка, у аўторак.

У гэты дзень у Маскве расійскі і беларускі прэзідэнты падпісваюць Дамову пра ўтварэнне «Супольнасці Расіі і Беларусі». Тэкст дамовы да апошняга моманту невядомы шырокай грамадскасці. У Мінску двое дэпутатаў — нават не кіраўнікі партый і фракцый, Данэйка ад лібералаў і Знавец ад сацыял-дэмакратаў — даюць у СМІ сціплую абвестку пра арганізацыю сустрэчы з выбаршчыкамі. У выніку

на праспекце збіраецца 30 тысяч чалавек — пераважна студэнты, школьнікі, што характарызуе новы этап развіцця палітычнага працэсу ў Беларусі. Міліцыя не здольная стрымаць электрызаванай моладзі: шэсце абыходзіць увесь цэнтр горада.

На арэну выйшла пакаленне незалежнасці.

Пазней інфармаваныя аналітыкі адзначаць: у апошні момант праект Дамовы быў скарэктаваны ў бок захавання прыкметаў суверэнітэту Беларусі. Пачатковая версія была горшая.

Ото быў Шлях

Апагей пратэстаў прыйшоўся на пятніцу 26 красавіка — 10-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У шэсці, якое рухалася па праспекце Скарыны ад Акадэміі Навук, удзельнічала да 50 тысяч чалавек.

У раёне плошчы Якуба Коласа адбылася правакацыя. На шляху натоўпу правакацыйна паставілі некалькі міліцэйскіх «Жыгулёў». Дэманстранты перакулілі іх, пабіўшы шыбы і люстэркі — ролю авангарду адыграла група заходнеўкраінскай моладзі, што прыехала ў Мінск з салідарнасці. Барыкаду з грузавікоў на скрыжаванні з Казлова дэманстранты рассунулі. Але на скрыжаванні з вуліцай Янкі Купалы міліцыя перагарадзіла праспект некалькімі шэрагамі цяжка ўзброенага спецназа. Людзі праявілі рэалізм, і дэманстрацыя павярнула да Оперы, пайшла па вуліцы Багдановіча да Нямігі. Каб не пусціць людзей у цэнтр, на схілах Верхняга горада ад Свята-Духавага сабора зноў пашыхтаваліся касманаўты. Моладзь атакавала яго, хутчэй дзеля прынцыпу ўжо.

Мітынг адбыўся ля Палаца спорту.

Сенсацыяй стаў выступ Зянона Пазняка, які нелегальна вярнуўся ў Беларусь. Пазняк ізноў біў на страхі Масквы: у часе выступу ён заклікаў ушанаваць хвілінай маўчання памяць нядаўна забітага чачэнскага кіраўніка Джахара Дудаева. Пасля акцыі ён ізноў ляснымі сцежкамі пакінуў краіну.

А ў Мінску пачаліся першыя ў найноўшай гісторыі масавыя затрыманні. Усяго на працягу 26–27 красавіка ў турмы трапіла больш за 200 чалавек. Тады гэта сталася шокам: такога не бывала! Тады ж пачалася эпапея галадоўкі Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, якія трымалі яе, адпаведна, 23 і 20 дзён.

Баючыся ахвярнасці, Лукашэнка даў загад іх выпусціць.

А вось украінцаў з УНА-УНСО пасадзілі. Яны прыязджалі дапамагчы братам-беларусам у барацьбе за незалежнасць, а трапілі ў вязніцы.

Згасанне энэргіі

Кіраўнікі БНФ прапускаюць нагоду прадоўжыць націск у часе «ідэалагічна чужога» Першамая. Але на гэтым падзеі Вясны-96 не спыняюцца.

Праз тры дні пасля Шляху, 29 красавіка Канстытуцыйнаму Суду хапае смеласці прызнаць неадпаведным Канстытуцыі Беларусі ўказ А. Лукашэнкі ад 29.12.1995, паводле якога ад органаў улады патрабуецца выконваць указы прэзідэнта Беларусі, якія былі прызнаныя неканстытуцыйнымі.

Драматычныя сутычкі з міліцыяй разгортваюцца ў часе пікету за вызваленне палітвязняў 30 мая.

Толькі ў сярэдзіне чэрвеня грамадскі напал спадае. Апошняй акцыяй сталася жалобная цырымонія 22 чэрвеня ў 55-я ўгодкі пачатку вайны. Пад залеваю цёплага дажджу да помніка Перамогі былі ўскладзены кветкі, а далей шматтысячная калона дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі рушыла да Оперы, дзе правяла свой мітынг.

Чаму 1996 год — гэта не 1991?

Пратэсты1996-га сталіся самымі масавымі пасля выступу рабочых 1991 г., калі складаная эканамічная сітуацыя напярэдадні распаду СССР прывяла да моцнага сацыяльнага выбуху. Патрабаванні 1991 г. гістарычна вызначаліся тым, што яны ўпершыню абмяжоўваліся праблемамі Беларусі. Але палітычная праграма масавага ўдзельніка тых пратэстаў была абмежаванай. Тая Плошча была выкліканая эканамічным крызісам. А вось

у 1996-м упершыню беларусы масава і настойліва выходзілі на вуліцы ў змаганні за нацыянальныя каштоўнасці, за незалежнасць.

Усе мы родам з 96-га

Існуе думка, што за палітыкай інтэграцыі з Расіяй стаялі асабістыя амбіцыі Аляксандра Лукашэнкі, які лічыў сябе разумнейшым за Ельцына палітыкам і бачыў сябе кіраўніком адноўленага Савецкага Саюза. Акрамя таго, ён адчуў, што імперскія амбіцыі Расіі можна эксплуатаваць для атрымання рэсурсаў. Гэта паляпшала эканамічную сітуацыю тут і цяпер, але заводзіла краіну ў залежнасць.

Удзельнікамі выступаў 1996 года стала найперш сталічная інтэлігенцыя і моладзь.

Вясна 1996 года аднавіла ў Беларусі вулічныя пратэсты, а таксама прынесла такія з’явы, як галадоўкі і палітычных уцекачоў. Цікава, што на заключным этапе Вясны ўлады прадэманстравалі пэўную стрыманасць, баючыся радыкалізацыі пратэстаў.

Вясна-1996 засведчыла, што новая беларуская нацыя будзе нараджацца ва ўмовах палітычных і сацыяльных канфліктаў.

Пратэсты паскорылі аўтарытарны дрэйф Лукашэнкі, які баяўся злучэння намаганняў вуліцы і наменклатурных груповак, прадстаўленых у парламенце. Пратэсты паказалі Захаду, што ў Беларусі ёсць сілы, якія не хочуць аб’яднання з Расіяй. Вясна-1996 прывяла да эміграцыі Пазняка, у выніку чаго змяніўся расклад сілаў унутры апазіцыі. Нарэшце, яна нарадзіла Малады Фронт.

Галоўнае, што

інфармацыйныя перамогі Вясны-1996 збілі тэмп інтэграцыі з Расіяй.

Дай лішні месяц, дай маўчанне грамадства, і сёння Беларусь магла б існаваць у форме ўнутранага татарстана.

Каляндар падзей

15 сакавіка — мітынг у Дзень канстытуцыі

24 сакавіка — шматлюднае шэсце і мітынг на Дзень Волі, спроба штурму тэлецэнтру

25 сакавіка — адкрыццё выставы «Пагоня»

31 сакавіка — няўклюдная спроба лукашэнкаўцаў арганізаваць контрмітынг

2 красавіка — шматлюднае шэсце і мітынг супраць падпісання пагадненняў з Расіяй

26 красавіка — шматлюднае шэсце і мітынг «Чарнобыльскі шлях», кульмінацыя пратэстаў

1 мая — шэсце сацыял-дэмакратаў, удзел асобнай калонай у афіцыёзным мітынгу на плошчы Незалежнасці

9 мая — шэсце асобнай калоны нацыянал-дэмакратычна настроеных ветэранаў да плошчы Перамогі

14 мая — шматтысячны пікет за вызваленне палітвязняў каля Валадаркі

30 мая — шматтысячны пікет за вызваленне палітвязняў на праспекце, жорстка разагнаны

22 чэрвеня — шэсце «Раздушым фашысцкую гадзіну»

Гласарый

Хапун — неперакладальнае беларускае слова, якое значыць «масавыя арышты». Увайшло ў шырокі ўжытак у перыяд дыктатуры.

Касманаўты — так празвалі спецназаўцаў за вялікія чорныя шлемы.

Малады Фронт — юнацкая арганізацыя, што ўзнікла напачатку як структура моладзі БНФ. Ставіла задачамі абарону незалежнасці і прапаганду нацыянальнай культуры. Хутка разраслася і мела суполкі ў дзясятках гарадоў і вёсак. Пад канец 1990-х у пошуках новай ідэалогіі перайшла да хрысціянства як базавай ідэі.

УНА-УНСО — маргінальная ўкраінская нацыяналістычная групоўка. Пазней, пад канец 90-х трапіла пад кантроль спецслужбаў, а яе лідэр Карчынскі стаў выконваць палітычную замову ўкраінскіх прарасійскіх алігархаў. У Беларусі набыла вядомасць праз удзел групы яе актывістаў у «Чарнобыльскім шляху».

Дзейныя асобы

Аляксандр Лукашэнка

Кіраваў краінай другі год. Эканоміка працягвала падаць. Лукашэнка ўсё ў большай ступені абапіраўся на сілавікоў. Разгарнуў інтэнсіўную русіфікацыю, узамен на якую спадзяваўся атрымаць шчодрую падтрымку расійскіх нацыяналістаў.

Зянон Пазняк

Кіраваў Народным Фронтам. Фронт толькі-толькі пацярпеў паразу на парламенцкіх выбарах. Не ўдалося правесці ніводнага дэпутата — фронтаўцы перамагалі ў некаторых акругах Мінска і захаду Беларусі, але з невялікім адрывам, бо грамадства было палярызаванае, і гэты адрыў лёгка знішчаўся адмінрэсурсам і фальсіфікацыямі. Яшчэ цяжэй ударыла па Фронце параза ў Ганебным рэферэндуме 1995-га. У 1996-м Пазняк надаў БНФ другое дыханне ўжо не як парламенцкай, а як вулічнай апазіцыі.

Генадзь Карпенка

Намеснік старшыні Вярхоўнага Савета і лідар ліберальнай апазіцыі. Ягоная стаўка на Вярхоўны Савет была хісткай, бо большасць у ім складалі дырэктары прадпрыемстваў і старшыні калгасаў, не настроеныя на бітву за ўладу з Лукашэнкам. У часе Вясны-96 Карпенка ўдзельнічаў у аргкамітэтах некаторых шэсцяў, але рэзка адмежаваўся ад «радыкалаў», што ўступалі ў супрацьстаянне з АМОНам.

Каментары42

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →