Усяго патроху88

Ад татарскага Іўя да замкавай Ліды

Дом Пазняка, самы закінуты замак краіны і турма-псіхбальніца ў крэпасці XVI стагоддзя…

Бабіна лета дазваляе яшчэ некалькі разоў праехацца па прыгожых мясцінах. «Наша Ніва» прапануе нескладанае падарожжа па Іўеўшчыне, Воранаўшчыне і Лідчыне.


Татарская сталіца

Першая кропка нашай паездкі — Іўе, гэта каля 120 км ад Мінска па гродзенскай трасе. Горад спрадвеку быў адным з цэнтраў пражывання татараў у Беларусі. Яны прыйшлі сюды з дазволу Вітаўта яшчэ ў пачатку XV ст

Таму самае цікавае і незвычайнае, што можна знайсці ў горадзе, — мясцовая мячэць XIX ст.
Яе давядзецца шукаць сярод прыватнай забудовы ў пары кіламетраў ад габрэйскага цэнтра горада. На ўсялякі выпадак удакладнім адрас — Савецкая, 76. Калі вам пашанцуе, можна заспець дома імама і папрасіць яго адчыніць мячэць. Дарэчы, ва ўсёй Беларусі засталося толькі дзве дарэвалюцыйныя мячэці — у Іўі і ў Навагрудку.

Другая славутасць горада — старажытны касцёл Пятра і Паўла, які калісьці быў кляштарным.
Каля яго знаходзіцца статуя Ісуса Хрыста, на фоне якой фатаграфуюцца ўсе турысты. Рэч у тым, што скульптура — паменшаная копія вядомага Ісуса, усталяванага на гары ў Рыа-дэ-Жанэйра.

У Іўі некалькі кавярняў і рэстаранаў на цэнтральнай плошчы, яшчэ некалькі ёсць па дарозе да касцёла. Аднак, прыехаўшы ў выходны дзень, будзьце гатовыя, што палова гэтых месцаў будзе зачыненая на спецабслугоўванне.

Самае апазіцыйнае мястэчка

З Іўя рушым у бок Суботнікаў па дарозе H6797. Тут нас цікавіць неагатычны касцёл святога Уладзіслава, у крыпце якога знаходзіцца магільны склеп Умястоўскіх.

Другая славутасць — родная хата Зянона Пазняка.
Кажуць, раней у шэрагах БНФ была ледзь не палова местачкоўцаў. Дзе знаходзіцца хата, пакажа любы мясцовы жыхар. Шлях просты — за касцёлам павярнуць направа, праехаўшы масток, зноў звярнуць направа перад прыватнай крамай і праехаць проста каля 100 метраў. Хату можна пазнаць па вялікім крыжы перад ёй. У хаце не жыве ніхто, ды і патрапіць усярэдзіну наўрад ці ўдасца. Пасля таго як сёлета ў маі на вясковых могілках пахавалі маці Зянона, Ганну Пазняк, ключы ад хаты забралі з сабой мінскія сябры палітыка.

Спалены палац

Яшчэ некалькі кіламетраў ад Суботнікаў у бок літоўскай мяжы — і можна палюбавацца палацам Умястоўскіх у Жамыслаўлі, які з’яўляецца паменшанай копіяй Лазенкаўскага палаца ў Варшаве. Некалькі гадоў таму мінскі прадпрымальнік быў гатовы набыць будынак, аднак угода была прызнаная незаконнай. Будынак сёлета пацярпеў ад моцнага пажару, і мясцовыя жыхары перажываюць, што новага інвестара не знойдзецца.

Дарогі наперад няма, таму трэба вяртацца ў Суботнікі. Тут перад кіроўцам паўстае выбар.
Можна ехаць наўпрост у Геранёны па дарозе H6156. Адлегласць складае 15 кіламетраў, але асфальту тут няма. Другі варыянт — зрабіць крук праз Ліпнішкі і даехаць да Геранёнаў 40 км па лепшай дарозе.

Замак, якога няма

На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 12 замкаў. У добрым выглядзе захаваліся тыя, што ў Міры, Нясвіжы, Лідзе. Замак Гаштольдаў у Геранёнах напаткаў іншы лёс. Ён быў разбураны яшчэ ў канцы XVII ст. падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай і больш ніколі не аднаўляўся. Каб уявіць, як выглядаў замак, давядзецца добра пафантазіраваць, бо цяпер ад яго засталіся толькі два закансерваваныя кавалкі мураваных сценаў. Мясцовыя жыхары ператварылі іх у сметніцу, а прыезджыя дапоўнілі надпісамі «тут быў…» Шукаць замак трэба ў лесе за касцёлам святога Мікалая, арыентуючыся на таблічку з няўцямнай фразай «рэшткі замка XV—XV стст.».

Закончыўшы з Іўеўшчынай, самы час ехаць на Воранаўшчыну.
Па дарозе можна заехаць у Тракелі, дзе стаіць драўляны касцёл XIX ст. Ён славуты іконай Божай Маці, якая перажыла два знішчальныя пажары і некалькі войнаў і засталася некранутай. Некалькі гадоў таму яна была каранаваная.

Мясціны Міцкевіча

У Беняконях знаходзіцца велічны неабарочны касцёл. За ім можна знайсці магілу Марылі Верашчакі, каханай Адама Міцкевіча.

Яшчэ адна вёска, звязаная з жыццём паэта, Бальтэнікі, знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах на захад ад Беняконяў. Тутэйшая сядзіба належыла графу Путкамеру, з якім і пабралася шлюбам Марыля. Будынак, у якім знаходзіцца адміністрацыя мясцовага калгаса, выглядае выдатна. Сядзіба магла б прымаць турыстаў, тым больш што рамантычных гісторый, звязаных з ёй, хапае. Каля яе знаходзіцца парк, па якім блукалі Міцкевіч і Верашчака, ёсць і камень, каля якога яны пакляліся заўсёды памятаць адно аднаго. Дарэчы, там і цяпер стаіць лавачка для закаханых.

У гасцях у псіхбальніцы

Цяпер рушым у адваротны бок, на ўсход ад Беняконяў. Тут, у Гайцюнішках, знаходзіцца адзін з самых цяжкадаступных для турыстаў аб’ект, адзіны ў краіне дом-крэпасць. Яго пабудаваў у пачатку XVII ст. галоўны будаўнік Вільні Пётр Нонхарт, эмігрант з Фландрыі. Дом-крэпасць дагэтуль у добрым стане, шмат у чым дзякуючы таму, што на яго тэрыторыі знаходзіцца бальніца для тых, хто здзейсніў злачынствы ў стане псіхічнай хваробы. Гэта рэжымны аб’ект, аднак для турыстаў часам робяць выключэнні і прапускаюць унутр. Калі пашанцуе, экскурсію можа правесці галоўны доктар.

Галоўная ўмова — не фатаграфаваць суседняе збудаванне за калючым дротам, у якім жывуць небяспечныя хворыя. Гэты будынак ахоўваецца аўтаматчыкамі.
А вось у самім доме-крэпасці жывуць пацыенты, якія здзейснілі дробныя злачынствы.

Калі ёсць вольны час, можна праехаць яшчэ некалькі кіламетраў далей, у Канвелішкі (радзіма філосафа і святара Пётры Рудкоўскага) з іх фантастычна прыгожым драўляным неагатычным касцёлам. Аднак вяртацца ў людзі ўсё адно давядзецца праз Беняконі. Адтуль прамая выдатная траса M11 да Ліды, ехаць каля 45 км.

Замак з нягнуткім графікам працы

Галоўнае ўпрыгожанне Ліды — замак, у якім працягваецца рэканструкцыя. Пачынаць шпацыр па горадзе лепш з яго, бо трапіць унутр можна толькі да 17-й гадзіны.
Прыйдзеце пазней — «гасцінныя» бабулькі на ўваходзе проста не пусцяць вас.

Паглядзеўшы замак, можна прагуляцца па Савецкай вуліцы, вакол якой знаходзяцца два астатнія помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква, а таксама Касцёл Узвіжання святога Крыжа.

Праблема са сферай абслугоўвання ў Лідзе тая ж, што ў Іўі і большасці іншых райцэнтраў. Калі вам удасца знайсці, дзе павячэраць у выходны дзень, — вы шчасліўчык.
Іначай давядзецца ратавацца ад «спецабслугоўвання» ўжо на трасе па дарозе ў Мінск.

Адно з такіх месцаў — скрыжаванне трасы М6 (Гродна з Мінскам) з Р5 (паварот на Іўе). Большасць дальнабойшчыкаў спыняецца пры дарозе ў кавярні «На ростанях». А вось ззаду ад яе ёсць яшчэ адна някепская кавярня, з хуткім абслугоўваннем і невысокімі цэнамі.

Каментары8

Беларуская блогерка паказала, які жах можа адбывацца з вуснамі, калі хочаш іх павялічыць — а потым паменшыць7

Беларуская блогерка паказала, які жах можа адбывацца з вуснамі, калі хочаш іх павялічыць — а потым паменшыць

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі хочуць адмяніць рэабілітацыю значнай колькасці ахвяр савецкіх рэпрэсій. Пакінуць толькі апалітычных і «добранамераных»8

Міністр інфармацыі Маркаў знайшоў медыятара для дыялогу паміж дзяржавай і апазіцыянерамі20

ЗША перадаюць Кіеву планёрныя бомбы JSOW — але яны такой малой далёкасці, што мала што зменяць4

«Сказала ім «Жыве Беларусь!» Як дэлегацыі Ціханоўскай і афіцыйнага Мінска перасекліся на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку15

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў16

Кіраўнік IT-кампаніі Fibery завёў захапляльны канал пра васьміногаў. Мэта — каб іх менш елі1

Былая зорка «Ювентуса» ў 2022-м праз вайну выступіў супраць матчу з Расіяй. А цяпер ён перайшоў у маскоўскі ЦСКА

Ці пагадзіліся б беларусы ў 2020-м на больш сучаснага Лукашэнку? Разважае Міхалевіч14

Можа «ўскрыць раны нацызму» — што гавораць нямецкія дэпутаты пра бізнэс іх калегі ў Лідзе, дзе працуюць палітвязні5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуская блогерка паказала, які жах можа адбывацца з вуснамі, калі хочаш іх павялічыць — а потым паменшыць7

Беларуская блогерка паказала, які жах можа адбывацца з вуснамі, калі хочаш іх павялічыць — а потым паменшыць

Галоўнае
Усе навіны →