Да ініцыятыўнай групы далучыўся Віктар Шалкевіч. Тым часам улады практыкуюць псыхалягічны ціск на абаронцаў гораду

Прадстаўнікі гарадзенскай інтэлігенцыі ініцыявалі правядзеньне гарадзкога рэфэрэндума. Жыхарам горада прапануюць выказаць сваё стаўленьне да праблемы захаваньня гісторычнага цэнтру Горадні, а таксама разьвіцьця гарадзкой транспартнай сыстэмы.

Ініцыятарамі рэфэрэндуму выступілі дактары гістарычных навук Алесь Смалянчук і Аляксандар Краўцэвіч, мастакі Алесь Сураў і Уладзімер Кіслы, гісторыкі Сяргей Салей і Андрэй Вашкевіч, каваль‑рэстаўратар Юрась Мацко, заснавальнік і ганаровы старшыня ГА «Саюз палякаў у Беларусі» Тадэвуш Гавін, старшыня Гарадзенскага ГА «Цівіне» Альгіс Дзіргінчус, дэпутат Гарадзенскага гарсавета дэпутатаў 2003‑2007 гг. Сяргей Кузьмянок, журналісты Натальля Макушына, Алесь Залеўскі і Павал Мажэйка.

У падтрымку правядзеньня рэфэрэндума ініцыятыўнай групе неабходна будзе сабраць подпісы ня менш 10% ад колькасьці выбарцаў Горадні. Сябрам ініцыятыўнай групы мае права стаць грамадзянін Беларусі, прапісаны ў Горадні, якому на момант уваходжаньня ў ініцыятыўную групу споўнілася 18 год. Толькі сябра ініцыятыўнай групы мае права зьбіраць подпісы ў падтрымку рэфэрэндума. Каардынаты ініцыятараў правядзеньня рэфэрэндуму можна знайсьці на старонцы сайту harodnia.com.

Адзін з ініцыятараў правядзеньня плебісцыту Павал Мажэйка распавёў НН пра хаду кампаніі. Паводле заканадаўства, неабходна правесьці сход ініцыятыўнай групы, у якім павінныя прыняць удзел ня менш за палову сябраў групы. Сход адбудзецца 20 траўня. Затым у гарвыканкам пададуць неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. «Каб набраць неабходную колькасьць подпісаў, нам дастаткова 100‑150 чалавек і такую групу мы лёгка набярэм, у першую чаргу за кошт прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў» — кажа сп. Мажэйка. Аднак ініцыятары рэфэрэндуму імкнуцца згуртаваць больш значныя сілы: ініцыятыўная група ў 300 чалавек хутчэй бы справілася з пастаўленымі задачамі, а 1000 чалавек — гэта ўжо вельмі сур’ёзна для Горадні. Па словах П. Мажэйкі, надаецца ўвага і якаснаму складу групы. У яе запрашаюць прадстаўнікоў інтэлігенцыі, знаных і паважаных у горадзе асобаў. Адным зь першых далучыўся гарадзенскі актор і бард Віктар Шалкевіч. «Справа беспэрспэктыўная, бо мы ведаем стаўленьне да грамадзкага меркаваньня, але маўчаць таксама нельга — гэты рэфэрэндум ёсьць спробай выказаць сваё стаўленьне да праблемы» — пракамэнтаваў сп. Шалкевіч свой удзел у ініцыятыўнай групе.

Правядзеньне рэфэрэндуму ў Горадні дазволіць правесьці шырокую інфармацыйную кампанію, данесьці да месьцічаў хаваную ад іх гарадзкімі ўладамі інфармацыю пра сапраўдную сытуацыю вакол так званай рэканструкцыі гістарчынага цэнтру, а таксама пазнаёміць гарадзенцаў з альтэрнатыўным праектам транспартнай сыстэмы, распрацаваным незалежнымі экспэртамі.

Тым часам гарадзкія ўлады пачынаюць рэагаваць на ініцыятыву гарадзенцаў. Адным з ініцыятараў плебісцыту зацікавілася міліцыя. Да бацькоў Алеся Залеўскага завітаў участковы, які папрасіў перадаць яму позву ў міліцыю. Сп. Залеўскага выклікаў на гутарку Сяргей Вечар, якога нібыта цікавіла палітычная актыўнасьць гарадзенскага журналіста. С. Вечар вядомы тым, што часта арганізоўваў прэвэнтыўныя затрыманьні гарадзенскіх апазыцыйных актывістаў, а таксама выступаў у якасьці сьведкі на палітычна матываваных працэсах. Інтарэс да сваёй асобы сп. Залеўскі тлумачыць тым, што апошнім часам актыўна ўдзельнічае ў акцыях супраць руйнаваньня гістарычнага цэнтру Горадні. Менавіта ён здолеў сфатаграфаваць інцыдэнт каля сінагогі, калі старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка загадаў міліцыянтаў затрымаць гарадзенскіх гісторыкаў.

Улады заняліся таксама і дачкой доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука Вольгай, вучаніцай 11 клясы. Дзяўчына распавяла, нібыта дырэктар школы ў якой яна навучаецца, загадаў праз клясных кіраўнікоў вучням старэйшых клясаў абмежаваць зь ёю ўсялякія кантакты. «Пра гэта мне расказалі вучні паралельных клясаў — нібыта клясныя кіраўнікі загадалі ім не размаўляць са мною і нічога ад мяне ня браць» — кажа Вольга. На яе думку, такім чынам спрабуюць абмежаваць распаўсюд сярод школьнікаў непажаданай інфармацыі пра падзеі ў горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?