Прэмію імя Паўла Шарамета прысудзілі зняволенаму азербайджанскаму журналісту

Прэміяй імя Паўла Шарамета, заснаванай Форумам грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», уганараваны Афган Мухтарлы — незалежны азэрбайджанскі журналіст-дасьледчык, якога спэцслужбы выкралі ў Грузіі 29 траўня і тайна перавезьлі ў Азэрбайджан, паведамляе «Радыё Свабода».
Як паведамляе сайт форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», сёньня прэмію ўручылі ягонай жонцы Лейле Мустафаевай, паколькі яе муж дагэтуль знаходзіцца ў турме. Журналісты з 16 краінаў патрабуюць ягонага вызваленьня. Афган Мухтарлы пісаў артыкулы аб незаконным трафіку і кантрабандзе празь мяжу Азэрбайджану.
Цырымонія ўзнагароджаньня адбывалася ў Таліне, дзе адбываецца штогадовая асамблея Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў Усходняга партнэрства.
Лейла Мустафаева паведаміла, што яе муж перадаў праз адваката ліст са зваротам да ўдзельнікаў форуму, але потым адваката абшукалі і канфіскавалі гэты дакумэнт.
Летась гэтай прэміяй быў адзначаны крымскі журналіст Мікола Сэмэна, які супрацоўнічаў з Радыё Свабода і арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі Крыму.
Каментары