Ён прайграў свабодныя выбары, калі «сацыялістычны лагер» развальваўся. Але праз 17 гадоў ізноў стаў прэзідэнтам Нікарагуа, прычым «усур’ёз і надоўга». У часопісе «Наша гісторыя» піша Андрэй Акушка.

Даніэль Артэга прыйшоў да ўлады з дапамогай кубінскай (а насамрэч савецкай) зброі ў выніку Сандзінісцкай рэвалюцыі ў 1979 годзе. На першых свабодных выбарах у 1990 годзе ён прайграў кааліцыі апазіцыйных сіл на чале з былой паплечніцай па рэвалюцыі. У прэзідэнцкае крэсла ён здолеў вярнуцца ў 2007-м, калі яго ліберальныя і кансерватыўныя праціўнікі не здолелі вызначыць адзінага кандыдата. А вярнуўшыся ў прэзідэнцкі палац, Артэга пасля таго выйграе выбары за выбарамі.
Змаганне з «нашым сукіным сынам»
Даніэль Артэга Саавэдра нарадзіўся 11 лістапада 1945 года ў невялічкім горадзе Ла-Лібертад, у пяць гадоў разам з сям’ёй пераехаў у сталіцу Нікарагуа, у Манагуа. Там Артэгі жылі ў квартале, названым у гонар прэзідэнта Анастасіа Самосы, побач са стадыёнам імя Самосы і паркам імя Самосы, дзе стаяла статуя Самосы. Дынастыя Самосаў кіравала краінай пры падтрымцы ЗША.
«Самоса — сукін сын, але гэта наш сукін сын». Гэтае выказванне прыпісваюць прэзідэнту ЗША Рузвельту, і датычыла яно бацькі таго Самосы, супраць якога змагаўся Артэга.
Бацькі Артэгі, нягледзячы на беднасць, змаглі аплаціць навучанне сына ў прыватнай школе, а пасля ён паступіў ва ўніверсітэт. Там у першай палове 60-х ён усур’ёз захапіўся левымі ідэямі. Юнака злавала, што бедным нікарагуанцам не хапала грошай нават на ежу, у той час як эліта адпачывала ў Маямі і вучыла дзяцей у Каліфорніі. У Сандзінісцкім фронце нацыянальнага вызвалення (СФНВ) Артэга атрымаў мянушку Энрыке.
У гэтыя гады Даніэль неаднойчы трапляў за краты — упершыню гэта здарылася яшчэ ў 14-гадовым узросце, — але дыплом ён усё-такі атрымаў.

У 1967-м Артэга ўпершыню забіў чалавека — гвардзейца, які мучыў яго падчас папярэдняга арышту. Гэта быў час, калі ў славе былі Фідэль і Чэ Гевара, час веры ў немінучасць рэвалюцыі. Як і яго камуністычныя куміры, Даніэль удзельнічаў у рабаванні банкаў, каб здабыць грошай на рэвалюцыю, і агітаваў, агітаваў, меў дар прамоўцы.
У канцы 1967-га Даніэль Артэга трапіў у турму надоўга. Тым часам ягоная мама на волі арганізавала кампанію, дзякуючы якой рэжым быў вымушаны палепшыць умовы ўтрымання палітвязняў.
У абмен на закладнікаў
Артэга мог застацца ў турме навечна, але ў 1972-м у Нікарагуа здарыўся страшэнны землятрус. Каля 10 тысяч чалавек загінула, а сталіца была цалкам зруйнаваная. Людзей абурала раскраданне міжнароднай дапамогі ахвярам, марадзёрства нацгвардзейцаў. Людзі масава пайшлі ў Сандзінісцкі фронт, вырасла яго баяздольнасць. У дзёрзкім рэйдзе пры канцы 1974-га рэвалюцыянеры захапілі сотні прадстаўнікоў эліты краіны — парламентарыяў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў — і дамагліся вызвалення палітвязняў, сярод якіх быў і Артэга.
Самоса ўвёў надзвычайнае становішча. У Вашынгтоне тады кіраваў Джымі Картэр, паслядоўны абаронца правоў чалавека. Ён штурхаў і праамерыканскіх дыктатараў да лібералізацыі. Гэта ЗША змусілі Самосу адмяніць надзвычайнае становішча і адкруціць гайкі.

Партызаны-сандзіністы цяснілі нацыянальную гвардыю ў правінцыях. А калі ў пачатку 1978-га забілі рэдактара папулярнай апазіцыйнай газеты Педра Чамора, забастоўкі ўспыхнулі і ў сталіцы. З Кубы сандзіністам патокам ішла савецкая зброя, тады як Картэр змусіў Ізраіль развярнуць карабель з патрэбнымі боепрыпасамі для Самосы (Самоса-старэйшы ў свой час дапамог зброяй Ізраілю ў часе барацьбы таго за незалежнасць, і дзве краіны з таго часу мелі асаблівыя адносіны). Сандзіністы ўвайшлі ў Манагуа, нацыянальная гвардыя капітулявала. У ліпені 1979-га Самоса збег за мяжу, а ўлада ў краіне перайшла ў рукі рэвалюцыйнай хунты. ЗША хуценька змянілі вектар і выдзелілі 70-мільённы крэдыт новаму ўраду.
Прэмія імя Надзежды Крупскай
Пасля перамогі рэвалюцыянерам дасталася разбураная краіна. У дзяржаўнай скарбніцы заставалася ўсяго 3,5 мільёна долараў, а дзяржаўны доўг складаў 3,5 мільярда. Пасля кароткага флірту з новай уладай амерыканцы зразумелі, што новы ўрад не збіраецца разрываць адносіны з СССР і Кубай. Больш за тое, Артэга пачаў «экспарт рэвалюцыі» ў суседні Сальвадор. Ды яшчэ мяккага Картэра змяніў Рэйган са сваім «крыжовым паходам супраць камунізму». Так Вашынгтон пачаў падтрымліваць «контрас» — партызанаў, якія базаваліся ў суседнім Гандурасе.
Артэга тым часам развітаўся з ліберальнымі і каталіцкімі саюзнікамі і пачаў сацыялістычныя пераўтварэнні. У гэты час выявілася цікавая рыса ягонага характару, якая забяспечыла яму палітычнае доўгажыхарства. Калі было патрэбна, ён лёгка адкідаў убок старыя лозунгі. Ён таксама не стаў дагматычна паўтараць у Нікарагуа эканамічныя прыёмы з савецкага рэпертуару.
Маштабную нацыяналізацыю бізнэсу не праводзілі: 70% прадпрыемстваў засталіся ў прыватнай уласнасці, разабралі толькі бізнэс-імперыю Самосы. Землі Самосы раздалі сялянам. Кааператываў амаль не стваралі, урад рабіў стаўку на дробныя сямейныя фермы.

Гонарам урада Артэгі стала школьная рэформа. За першыя гады яго кіравання колькасць школ падвоілася, 400 тысяч грамадзян навучыліся чытаць і пісаць, за што Нікарагуа атрымала ад ЮНЕСКА прэмію імя Надзежды Крупскай за найлепшую праграму ліквідацыі непісьменнасці. Паспяхова вялася барацьба з малярыяй, таму ў 1984-м Артэга і СФНВ упэўнена перамаглі на выбарах прэзідэнта і парламента, хоць да дэмакратычнасці тых выбараў былі вялікія пытанні.
ЗША выбараў не прызналі, увялі санкцыі. Артэга ў гэты час праявіў сваю другую рысу — выключную ўпартасць. Барацьба супраць контрас вялася доўга, партызаны так і не здолелі прарвацца да сталіцы.
«Усё будзе лепш!»
У Артэгі не хапала грошай і весці сацыяльныя праграмы, і ваяваць з герыльяй. Гіперінфляцыя ў 1988 годзе дасягнула трыццаці тысяч працэнтаў. Беларусы нават у 90-я такога не бачылі. Але калі ў 1989-м падтрымку Нікарагуа спыніў СССР, а Куба сама перайшла на асадны рэжым, Артэга паказаў, што здольны рабіць крокі, якіх ніхто ад яго не чакае. Ён пайшоў на перамовы з ворагамі і выпусціў з турмаў дзясяткі контрас, у тым ліку забойцу свайго брата.
Больш за тое, ён правёў у краіне свабодныя выбары, якія выйграла ўдава таго самага рэдактара Чамора, забойства якога справакавала рэвалюцыя. Віялета Барыяс дэ Чамора па першым часе ўваходзіла ў рэвалюцыйную хунту, што кіравала краінай пасля Самосы, але пасля зразумела, што ёй з сандзіністамі не па дарозе, і выйшла з яе. На выбарах 1990 года яе падтрымалі амерыканцы, яны ж дапамаглі згуртаваць за Чамора 14-партыйную кааліцыю, у якую ўвайшлі апазіцыйныя групоўкі — ад ультракаталіцкай да камуністычнай. Слогану Артэгі «Усё будзе лепш!» паверыў толькі 41% грамадзян. Большасць была стомленая ад вайны і сацыялістычнага энтузіязму.

Чысцец. У апазіцыі
Былы прэзідэнт застаўся жывы і на свабодзе — так шанцуе не ўсім дыктатарам. Пекла не было, быў чысцец. Сярод сандзіністаў пачаўся раскол. Артэга прайграе яшчэ адны прэзідэнцкія выбары. У 1996-м прэзідэнтам стаў ліберал Арнольда Алеман — зацяты вораг сандзіністаў, якія канфіскавалі ў яго маёмасць і пратрымалі 7 месяцаў у турме. Але помсціць Артэгу Алеман не адважыўся, бо падтрымка апошняга заставалася ўсё ж высокай: 38% галасоў на выбарах. І Алеман вырашыў падпісаць пагадненне з праціўнікам (па-іспанску El Pacto). Артэга атрымаў недатыкальнасць, а наўзамен паабяцаў падтрымку пры прыняцці некаторых законаў.
Алеман, дарэчы, акажацца нячыстым на руку. Transparency International уключыць яго ў топ-10 самых карумпаваных палітыкаў сучаснасці. А ў 2003-м нікарагуанскі суд пасадзіць яго на 20 гадоў за карупцыю.
Набліжаліся прэзідэнцкія выбары 2001 года. Здавалася, Артэга гэтым разам дакладна пераможа, але зноў перашкодзіла нечаканасць. Палітыка абвінавацілі ў згвалтаванні прыёмнай дачкі, і ад яго адвярнуліся многія жанчыны. На выбарах ён набраў 46% галасоў, а перамог ліберал і былы віцэ-прэзідэнт Энрыке Баланьёс.
Верны сябар абхазскага народа
Каб вярнуцца да ўлады, Артэга вымушаны заключыць яшчэ некалькі пактаў.
Першы — з жонкай, якой надакучылі амурныя прыгоды мужа.
Другі — з Каталіцкай царквой. Былы рэвалюцыянер абвянчаўся з жонкай у прысутнасці кардынала Абанда-і-Брава і паабяцаў забараніць аборты.

У 2007-м Артэга набраў усяго 38% галасоў. Аднак гэтага хапіла, каб вярнуцца ў прэзідэнцкае крэсла, бо лібералы не здолелі выбраць адзінага кандыдата і пайшлі на выбары рознымі калонамі.
Калі Артэга вярнуўся да ўлады, Амерыка ўжо не была такой, як у часы падтрымкі «контрас». У гэты перыяд шмат у якіх краінах Лацінскай Амерыкі прыходзілі да ўлады палітыкі, не надта прыхільныя да ЗША. Артэга быў у трэндзе, а не нейкім выключэннем, таму і не быў асаблівым бяльмом на воку.
Як прэзідэнт 2.0, Артэга ў чымсьці застаўся верны сабе. Ён нават не стаў пераязджаць у прэзідэнцкі палац, застаўся жыць у сваім доме. Але ягоны рэжым гэтым разам стаў больш жорсткі: у 1980-я апазіцыя пры Артэгу пераследавалася не так сурова. Цяпер частку апазіцыйных СМІ закрылі, а карупцыянераў сталі караць пад тэлекамеры.
У замежнай палітыцы Артэга пераарыентаваўся на Венесуэлу, ад якой атрымліваў шчодрую дапамогу ў выглядзе нафты.
Новы Артэга вярнуўся на антыамерыканскія пазіцыі і запатрабаваў ад Еўропы кампенсацыі «за стагоддзі акупацыі Нікарагуа».
Яго крэдыторам стала Расія, а ён узамен — першым на свеце пасля Расіі — прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асецію. Дапамагалі Нікарагуа і іранцы.
На «заробленыя» замежнай палітыкай грошы прэзідэнт зрабіў бясплатнай школьную адукацыю. Бедныя жыхары зноў атрымалі субсідыі на прадукты і доступ да дактароў, таму смяротнасць пры родах з 2007-га па 2019-ы зменшылася на 60%, а дзіцячая — на 52%.
Некаторыя новыя ідэі Артэгі былі небанальныя. Так, ён прапанаваў Кітаю і Расіі збудаваць новы, Нікарагуанскі, канал паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. Праект коштам 40 мільярдаў долараў патэнцыйна мог стаць канкурэнтам Панамскаму.
У выніку большасць насельніцтва не пярэчыла чарговай змене заканадаўства, якая дазволіла Артэгу ісці на выбары некалькі разоў запар. У 2011-м ён упэўнена перамог з вынікам у 62%. А на выбарах 2016-га прэзідэнт набраў рэкордныя 72% галасоў — нягледзячы на рост бюджэтнага дэфіцыту. Праўда, апазіцыя біла ў звон пра шматлікія парушэнні.

Страляюць, як пры Самосе
Вось толькі кітайскі мільярдэр, які браўся інвеставаць у канал, збяднеў, калі кітайскі фінансавы рынак у 2016-м абваліўся, і праект канала адклалі на святыя ніколі. А братняя сацыялістычная Венесуэла пагрузілася ў перманентны крызіс і больш не мела з чаго фінансаваць краіны «баліварыянскага саюза» — створанага ў 2004 годзе па ініцыятыве Уга Чавеса і Фідэля Кастра аб'яднання каля дзясятка дзяржаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна з сацыялістычнымі рэжымамі. Дэфіцыт бюджэту Нікарагуа вырас да такой ступені, што вясной 2018-га было аб’яўлена пра павышэнне падаткаў і скарачэнне сацыяльных праграм. Студэнты пачалі мітынгаваць, і Артэга стаў дзейнічаць як Самоса — загадаў па бунтаўніках страляць. 325 чалавек загінула, тысячы былі параненыя і арыштаваныя.
Усё пайшло па коле: у снежні 2018-га прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб санкцыях супраць урада Нікарагуа, да якіх далучыліся іншыя краіны. Артэга трымаецца, як у 80-я, і абвінавачвае неаліберальныя колы.
За гады свайго кіравання Даніэль Артэга сур’ёзна змяніўся: ён прайшоў шлях ад левага рэвалюцыянера да канфарміста, гатовага супрацоўнічаць з ворагамі дзеля ўтрымання ўлады. Нязменным застаецца толькі фенаменальнае ўменне выкручвацца.
Каментары