Эканоміка

Чарговая аперацыя па ратаванні эканомікі? Распячатваюць недатыкальны банкаўскі рэзерв на 2 мільярды рублёў

У Беларусі існуе Агенцтва па гарантаваным вяртанні банкаўскіх дэпазітаў. Усе банкі гадамі пералічваюць туды грошы і фарміруюць недатыкальны рэзерв, з якога маюць адбыцца выплаты ўкладчыкам, калі нехта з банкаў раптам спыніць дзейнасць і не зможа сам вярнуць дэпазіты. Гарантамі захаванасці сродкаў выступаюць Нацбанк і Міністэрства фінансаў.

Але нядаўна ў гэты спіс унесены яшчэ адзін гарант — Банк развіцця — рэсурсы якога часам выкарыстоўваюцца для фінансавання дзяржаўных праектаў. Лёс гарантаваных грошай пачаў выглядаць непрадказальным. 

Навіна аб унясенні змен у закон «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх дэпазітаў» незаўважна прамільгнула на БелТА 7 мая. 

Дэпутат Віталь Васюкоў патлумачыў калегам неабходнасць змены заканадаўства клопатам аб людзях і павышэннем эфектыўнасці сістэмы: вярнуць дэпазіты змогуць не толькі фізасобы, але і іпэшнікі, час выплаты дэпазітаў зменшаць, а акно для спагнання — павялічаць; можна нават будзе выбраць — у гатоўцы забіраць ці пераводам на рахунак. 

Але самае галоўнае не ў гэтым. 

«Законапраектам прадугледжваецца магчымасць размяшчаць часова свабодныя грашовыя сродкі агенцтва ў аблігацыі Банка развіцця […] Банк развіцця пры гэтым атрымае дадатковую ўстойлівую крыніцу фінансавых рэсурсаў […]», — гаварылася на БелТА. 

Калі казаць простымі словамі, рэальныя грошы Агенцтва па гарантаваным вяртанні банкаўскіх дэпазітаў, якія знаходзяцца на рахунках Нацбанка і Мінфіна, абмяняюць на паперы Банка развіцця. І вось тут паўстае пытанне: а куды Банк іх патраціць — можа быць, купіць акцыі Кока-Колы і Тэслы? Ці ўсё ж пусціць на падтрымку «калектыўнага БМЗ»?

У самім Банку развіцця «Нашай Ніве» з ходу не далі адказу, на што яны плануюць траціць гэтыя грошы і якая частка з гарантаванага фонду паступіць на рахункі. Мы напісалі ім запыт.

Па наяўнай інфармацыі, цяпер сума банкаўскага рэзерву блізкая да 2 мільярдаў беларускіх рублёў — прынамсі год таму ў фондзе было каля 1,7 мільярда. Дарэчы, гэта амаль роўна памеру дэфіцыту бюджэту за першы квартал 2021-га.

«Асабліва ўсё гэта выклікае непакой на фоне рыторыкі пра новы інвестыцыйны цыкл і ўзбуйненне ў яго межах ролі Банка развіцця, — каментуе сітуацыю эканаміст Дзмітрый Крук. — Цалкам дапускаю, што ўся гэтая гісторыя здзяйсняецца для таго, каб забяспечыць новай порцыяй грошай гэты самы «інвестыцыйны цыкл». 

Калі так, у мяне ёсць вялікія сумненні, што гэты інвестыцыйны цыкл акажацца больш удалым за мінулую «мадэрнізацыю» 2010-2014 гадоў. Прычын быць упэўненым у поспеху я не бачу. Калі «новы інвестыцыйны цыкл» акажацца не стратным, то ніхто нічога і не заўважыць, а вось калі не, то гэта можа пагоршыць магчымасці Агенцтва выконваць свае абавязацельствы па вяртанні дэпазітаў». 

Па словах Крука, калі глянуць на сітуацыю з пазіцыі «як яно павінна быць», то грошы Агенцтва павінны захоўвацца ў максімальна ліквідных і надзейных інструментах, каб укладчыкі былі ўпэўнены, што ў выпадку неплацежаздольнасці нейкага банка яны атрымаюць свае грошы назад. І таму захаванне грошай у Нацбанку выглядае найбольш надзейным у беларускіх умовах. 

«Пры фармальнай ацэнцы аблігацыі Банка развіцця будуць класіфікавацца як першакласны па якасці актыў, але надзейнасць і ліквіднасць дэ-юрэ і дэ-факта могуць істотна адрознівацца, і надзейнасць гэтых інструментаў будзе залежаць ад надзейнасці і ліквіднасці самога Банка развіцця. І хоць зараз у дачыненні да яго, здаецца, няма аб чым непакоіцца, гарантаваць, што такое ж становішча не зменіцца ў будучыні ніхто не можа. І нават калі па гэтых аблігацыях, калі яны будуць у замежнай валюце, будзе дадатковая адказнасць Мінфіна, ніхто не можа даць 100% гарантый, што яны іх змогуць выканаць у выніку форс-мажору», — лічыць Крук.

Але што ад гэтага простаму чалавеку? Ці вернуць яму дэпазіт, калі ягоны банк лясне? 

Як лічаць эканамісты, пошукам «свабодных» грошай унутры краіны ўлады адтэрміноўваюць дэвальвацыю, здольную забіць усе эканамічныя схемы ў закрэдытаваным дзяржаўным сектары. І калі грошы трэба будзе вяртаць, а ў Агенцтва іх не будзе, то ўлада надрукуе грошы — зробіць пазней тое, чаго хоча пазбегнуць з дапамогай фінта з Банкам развіцця.

Нядаўна ў беларускай эканоміцы ўжо праводзілася маштабная аперацыя па выратаванні БМЗ, які стаў фактычна банкрутам і цяпер плаціць заробкі з банкаўскіх крэдытаў. У выніку гіганцкі доўг БМЗ стаў дзяржаўным. 

Чытайце: Мінфін возьме доўг на сябе, банкі штомесяц будуць выдаваць па $6 мільёнаў на заробкі: сакрэтны план па выратаванні БМЗ

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзяржава лічыць, што ў гэтым праекце, як і ў ёй самой, ёсць начальнікі». Як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій3

Навуковец расказаў пра будучыню цялят, якіх нарадзілі беларускія каровы ад зубра2

У Гродзенскім заапарку ліса-бабуля стала мамай для малых лісянят ВІДЭА

Перастаў адкрывацца сайт «Вячэрняга Бабруйска»

Хэдлайнерам канцэрта пасля велакарнавала «Віва, Ровар» будзе Стас П'еха1

Калега памерлага выкладчыка Шчукіна: Яго кінула жонка з дзецьмі, пачалася дэпрэсія. У выніку звольнілі за прагулы11

Стала вядома, куды пайшла працаваць Міс Беларусь — 2023 Элеанора Качалоўская15

На прадпрыемстве «Мінскпрамбуд» увялі знешняе кіраванне

Зяленскі наведаў кніжны кірмаш і купіў кнігу «Забіць тырана»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць