Хапіла на дзевяць хвілін. Як расійскае тэлебачанне цэнзуруе міжнародны спорт
Расійская прапаганда знайшла новага ворага — спартыўнае замежжа. Прынцып «гэта не мы фашысты, а вы фашысты» толькі цягам мінулага ўік-энда двойчы выкарыстаў федэральны канал «Матч». Праўда, зрабіў гэта настолькі нягегла, што імгненна ператварыўся ў аб'ект кпінаў з боку карыстальнікаў.

Распачалося ўсё падчас суботняй трансляцыі галоўнай сустрэчы 28-га тура нямецкай Бундэслігі. Не прайшло і чвэрці гадзіны ў высвятленні адносінаў «Барусіі» з Дортмунда ды «Лейпцыга», як каментатар раптоўна перарваў жывы эфір.
«К сожалению, мы должны прерваться, прервать нашу трансляцию по независящим от нас причинам, потому что, как принято считать, футбол вне политики, но в немецкой бундеслиге не всегда соблюдается это правило».
— настоящий Низовцев (@zimbru_khv) April 2, 2022
Спортивное гоств катится туда же, куда и обычное. #МатчТВпозор pic.twitter.com/W9l5J298Cu
Напачатку Ігар Кытманаў патлумачыў форс-мажор абставінамі, якія не залежаць ад транслятара. Аднак пасля ўдакладніў: маўляў, у Бундэслізе вырашылі не прытрымлівацца прынцыпу «спорт па-за палітыкай» — і гэта справакавала расійскую рэакцыю ў адказ.
Ну а менш, чым праз 24 гадзіны, сітуацыя паўтарылася зноў. Толькі на гэты раз расіяне пратрымаліся ўсяго дзевяць хвілін двубоя між «Майнцам» ды «Барусіяй» з Мёнхенгладбаха. Пасля чаго ўжо без эківокаў у эфір пайшло абвінавачванне Германіі ў палітызацыі спорту.
"Мы частенько говорим о том, что спорт вне политики, но в Германии порой считают иначе и потому наша трансляция будет завершена"
— Volodymyr Harets (@VHarets) April 3, 2022
Сьогодні Матч ТВ вистачило всього на 10 хвилин гри Борусія М - Майнц.
Скажіть, а нахуя ви починаєте, ви думаєте, що цього банера не буде? pic.twitter.com/0I9OMwL702
Што выклікала абурэнне тэлевізійных босаў? Перш за ўсё, банэр «Stop war» на фоне ўкраінскага сцяга, які перманентна з'яўляўся на цэнтральнай led-панэлі стадыёнаў. Па-другое, хэштэг «Stand with Ukraine» — ён суправаджаў большасць інфармацыйных паведамленняў падчас сустрэчы. Апошняй жа кропляй стала дэманстрацыя заўзятараў з блакітна-жоўтым прапарамі.
Як расказалі нам знаёмыя з сітуацыяй, буйныя планы фанаў кіраўніцтва «Матчу» прыраўняла да антырасійскай прапаганды, таму дало загад «націснуць на рубільнік».
Цікава, што Бундэсліга ўжо даўно разглядаецца расійскімі федэраламі як варожая арганізацыя. У сакавіку «Матч» абурыўся патрабаваннем праваўладальнікаў замяніць эмблему турніра ва ўсіх эфірах — і адмовіўся перафарбоўваць лога спаборніцтва ў жоўта-блакітныя колеры.
The Bundesliga will donate one million euros for humanitarian causes in Ukraine.
— DW Sports (@dw_sports) March 3, 2022
The German league has changed its logo colors to show solidarity and support for the people of Ukraine for the coming matchday. pic.twitter.com/IomZDOB4ob
У адказ прыйшла ледзьве не судовая позва з пагрозай ад нямецкага футбольнага саюза разарваць кантракт. Тады да радыкальных мер справа не дайшла, нягледзячы на тое, што расіяне працягнулі эфіры без правак.
Аднак цяпер, верагодна, супрацоўніцтва усё ж спыніцца — часткова альбо цалкам. Хаця «Матч» наўрадці гэтым будзе шакаваны.
Напачатку вясны краіну, што развязала вайну, пакінулі без эфіраў англійская Прэм'ер ліга ды французская Ліга 1 — кантракты скасаваліся еўрапейцамі ў аднабаковым парадку.
Дарэчы, маніпуляцыі з паказамі футболу для «Матча» — не навіна. Некалькі тыдняў таму канал адзначыўся»пры трансляцыі гульні Лігі Еўропы між «Вэст Хэмам» ды «Севільяй». Калі на 88-й хвіліне сустрэчы англійскі клуб кідаў у бой украінца Андрэя Ярмоленку, рэжысёры перакрылі замену планам стадыёна.
Калі ж паўабаронца на 112-й хвіліне прынёс лонданцам перамогу замест яго святкавання гледачы пабачылі… чалавека, што ласаваўся бургерам! Між тым, мяч займеў вырашальнае значэнне ды вывеў «Вэст Хэм» у наступны раунд спаборніцтва.

Прынцыповасць ТБ, магчыма, была б зразумелай пры пэўнай паслядоўнасці ў дзеяннях федэралаў. Аднак на тым жа мінулым тыдні вядучы жывога эфіру Антон Анісімаў падчас падсумавання вынікаў кваліфікацыі ЧС-2022 па футболе назваў гульцоў зборнай Польшчы «мярзотнымі істотамі».
І зрабіў гэта толькі таму, што польскія спартоўцы адабраліся на «мундзіаль» без вочнага змагання з расіянамі. Апошніх, нагадаем, за агрэсію з боку дзяржавы ў дачыненні да Украіны дыскваліфікавалі з усіх турніраў пад эгідай ФІФА і УЕФА якраз напярэдадні раунда плэй-оф.
Анісімаў жа, які ледзьве не гарантаваў расіянам месца на форуме, пабачыў у гэтым палітычную спробу перашкодзіць спартыўным прынцыпам. І таму «даў волю эмоцыям простага заўзятара».
Ніякай палітыкі «Матч» не пабачыў і ў жывой трансляцыі канцэрту «Za свет без нацызму! Zа Расію! Zа Прэзідэнта!», які адбыўся ў сярэдзіне сакавіка ў «Лужніках».
Прапагандзісцкі спіч Уладзіміра Пуціна, які апраўдваў развязаную ва Украіне вайну, слухалі толькі на тэрыторыі стадыёна пад 200 тысяч чалавек.
Транслятар жа апраўдваў паказ мерапрыемства наяўнасцю там велізарнай колькасці спартоўцаў-чэмпіёнаў: фігурысткі Сініцынай, гімнасткі Аверынай, лыжніка Бальшунова, плыўца Рылова і яшчэ дзясятка алімпійцаў. Да таго ж веў мерапрыемства голас расійскага біятлону Дзмітрый Губерніеў.
У выніку спевы Паліны Гагарынай ды патрыятычныя настаўленні Алега Газманава аўдыторыя «Матчу» чула цягам некалькіх гадзін замест прагляду рэальных спаборніцтваў — тых, дзеля якіх і запускаўся тэлеканал.

Ну і канешне, якая ж палітыка на канале, які выключае са сваіх шыхтоў топ-каментатараў, што дазволілі сабе крытычныя выказванні на адрас улады ці яе дзеянняў? Між іншым, звальненні такога кшталту адбываюцца на «Матчы» з 2016 года, пра што могуць распавесці Аляксей Андронаў ды Дзяніс Казанцаў. Свежыя прыклады — гісторыі Дзмітрыя Шнякіна ды Рамана Нагучава, якіх «адхілілі ад працы на нявызначаны тэрмін»…
Васіль Уткін — дарэчы, таксама звольнены з канала голас спорту — нядаўна падлічыў, што дыктатура на канале каштавала працы ўжо больш як дзясятку супрацоўнікаў. І адток кадраў, па анонсе профі, працягнецца.
Таму, канешне, самы час вінаваціць у палітызацыі спорту Бундэслігу — іншых прыкладаў уварвання прапаганды на чужое поле і ўявіць немагчыма…
Каментары