Архіў

Хроніка

Бязь зьменаў

28 чэрвеня Менскі гарадзкі суд пакінуў безь зьмяненьняў прысуд у дачыненьні да старшыні БСДП («Народная грамада») Міколы Статкевіча і аднаго зь лідэраў «Маладога фронту» Паўла Севярынца. Згодна з рашэньнем суду, палітыкі прыгавораныя да двух гадоў абмежаваньня волі («хімія»).

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў пазоў рэдакцыі «Народнай волі» да Мінінфармацыі і пакінуў у сіле папярэджаньне газэце за дзьве публікацыі, выдрукаваныя ўвесну. Газэта зьбіраецца абскардзіць рашэньне яшчэ раз — у прэзыдыюме Вышэйшага гаспадарчага суду.

У Смургонях

Прадстаўнік Смургонскай раённай пракуратуры Сяргей Кавальчук абскардзіў рашэньне суду, які ў сьнежні 2004 году вынес рашэньне аб амністыі Рамуальда Ўлана. На думку пракуратуры, нягледзячы на амністыю Ўлан павінен адбыць пакараньне тэрмінам адзін год. Лёс былога дэпутата Смургонскага райсавету цяпер будзе вырашаць Гарадзенскі абласны суд.

Леванеўскі і Марыніч у больніцы

27 чэрвеня Валер’я Леванеўскага перавялі з Івацэвіцкай калёніі ў Рэспубліканскую турэмную больніцу. Палітвязень мае патрэбу ў лячэньні пасьля галадоўкі — у яго павысіўся ціск і баліць сэрца.

Туды ж перавялі зь менскай калёніі УЖ 15/1 Міхаіла Марыніча з прычыны праблем са здароўем. 1 ліпеня начальнік менскай калёніі Яўген Лось не дазволіў сыну Паўлу спаткацца з бацькам у больніцы.

У Івацэвічах

29 чэрвеня супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС склалі пратакол на актывіста АГП Станіслава Халадовіча за распаўсюд друкаванай прадукцыі. Халадовіч раздаваў улёткі кааліцыі «5+» у вёсках Івацэвіччыны, а таксама брашуру Васіля Лявонава «Бяз права на памылку».

Міравое пагадненьне

29 чэрвеня прадстаўнікі прадпрыемства «Беларуськалій» прапанавалі рэдакцыі «Народнай волі» мір. Пазоўнік адмаўляецца ад прэтэнзій і бярэ на сябе аплату судовых выдаткаў, а «Народная воля» павінна да 15 ліпеня даць абвяржэньне апублікаваных зьвестак і папрасіць прабачэньне. Пазоў «Беларуськалію» тычыўся артыкулу «Такая воля народу», дзе ішла гаворка пра стварэньне грамадзкага руху «Воля народу» і сьцвярджалася, што подпісы ў яго падтрымку паставілі шэраг супрацоўнікаў прадпрыемства.

Чучман зломак

29 чэрвеня віцебскі лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту» Яніс Чучман вырашыў прасіць палітычнага прытулку ў Бэльгіі.

Прычынаю тэрміновага ад’езду называецца міліцэйскі ды судовы перасьлед за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Прафсаюзы выйгралі

28 чэрвеня суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў спагнаць сярэдні заробак за затрымку разьліку пры звальненьні на карысьць сябра прафсаюзу РЭП (АМ) Максіма Вахрушава.

1 ліпеня Рэчыцкі суд абавязаў прадпрыемства «Рытм» выплаціць кампэнсацыю ў памеры дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку звольненым супрацоўніцам і сябрам РЭП Ірыне Паплаўнай і Сьвятлане Ўсхопавай.

У Калінкавічах

29 чэрвеня ў Калінкавічах міліцыя затрымала актывіста незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» з Мазыра Ўладзімера Целепуна пасьля таго, як намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора перадаў яму адрамантаваны прыватны кампутар. Сьледчы міліцыі Сурма і міліцэйскі экспэрт Валяк растлумачылі затрыманьне тым, што гэты кампутар быў скрадзены ў нейкай невядомай арганізацыі.

У гэты ж вечар у Калінкавічах пяцёра афіцэраў міліцыі, якіх узначальваў маёр Таран, уварваліся ў прыватную кватэру на вуліцы Князева, 9. Тут ладзіўся сход па выбраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Міліцыянты спрабавалі сарваць выбарчы сход.

Чыноўнік адмовіўся

30 чэрвеня начальнік упраўленьня спорту і турызму Гарадзенскага гарвыканкаму У.Чыгірынаў адмовіўся даць інфармацыю журналісту Аляксандру Дварэцкаву. Адмову чыноўнік растлумачыў тым, што «не размаўляе з вольнымі журналістамі».

У судзе Горадні

30 чэрвеня гарадзенскі аблсуд не задаволіў скаргу актывістаў АГП на рашэньне суду. Пяцёра чалавек былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыі памяці Юр’я Захаранкі 7 траўня і пакаралі штрафамі на 25 б.в., а былы сябар БНФ Раман Юргель атрымаў штраф у 160 б.в. за паўторнае затрыманьне. Актывісты АГП будуць абскарджваць рашэньні гарадзенскіх судоў у Вярхоўным судзе.

Скрабца пакінулі ў турме

1 ліпеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Ільіна не задавола хадайніцтва Сяргея Скрабца аб вызваленьні пад падпіску аб нявыезьдзе. Палітык па-ранейшаму застаецца пад арыштам у Берасьцейскім сьледчым ізалятары.

Сканфіскавана 70 тысячаў бюлетэняў

1 ліпеня групай супрацоўнікаў праваахоўных арганаў на выезьдзе зь Менску былі затрыманы рэгіянальныя каардынатары незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства» Станіслаў Шаламаў з Гомелю, Алег Пашкевіч зь Віцебску і Іна Апанасенка зь Берасьця. Яны былі дастаўлены ў Савецкі РУУС Менску, дзе ў іх канфіскавалі 70 тыс. інфармацыйных бюлетэняў. У гэты ж дзень быў апячатаны гараж, што належаў аднаму з актывістаў ініцыятывы.

Сходы сарваныя

На Віцебшчыне сарваліся тры сходы па выбарах дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл. 2 ліпеня сход не адбыўся ў Мёрах, Сяньне і Бешанковічах. Напярэдадні на сеньненскіх апазыцыянэраў пачаўся ціск, і яны адмовіліся ад заплянаванага.

На Дзень Рэспублікі

Мастак Алесь Пушкін за пэрформанс, які ён зладзіў а пятай раніцы 4 ліпеня ля будынку Нацыянальнага мастацкага музэю, дастаўлены ў РУУС Ленінскага раёну. Разам зь ім у міліцыю трапілі фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц і фотакарэспандэнтка газэты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч.

Генэральнага консула Польшчы ў Горадні Анджэя Крантоўскага і старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс не пусьцілі ў Польскі дом, які знаходзіцца ў Шчучыне.

Перад пачаткам яшчэ адной акцыі супраць перайменаваньня — на рацэ Сьвіслач — былі затрыманы актывісты Партыі БНФ Андрэй Сухаверхі і Зьміцер Казлоўскі.

Cяргей Будкін

Каментары

Цяпер чытаюць

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі66

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Навуковец папярэдзіў пра схаваныя рызыкі для здароўя ад бутыляванай вады1

Сэрвіс Kolobike пачаў распрадаваць свае ровары. Кампанію чакае рэарганізацыя ці ліквідацыя2

Дачка міністра Маркава абвінаваціла Павука ў планаванні серыі тэлефонных тэрарыстычных атак падчас УНС13

З'явілася першае ФОТА Паўла Севярынца пасля вызвалення18

Суд у Екацярынбургу палічыў, што расійскую армію дыскрэдытуе верш Маякоўскага стогадовай даўніны2

Футбаліста, які асуджаў гвалт у 2020‑м і напад на Украіну, прымусілі за гэта каяцца1

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх102

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў164

У Аўстраліі кіроўца аўтобуса ўратаваў каалу, якая перабягала дарогу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі66

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць