Архіў

Павал Севярынец

Лес як лёс

Калі на міліцэйскім «жыгулёнку» мяне везьлі са спэцкамэндатуры Ветрына ў лясгас у вёсцы Малое Сітна, амаль усе 50 кілямэтраў ад Полацку паабапал дарогі стаяў лес. Дастаў мапу, і ў вочы адразу кінулася: Залесьсе, Запалянкі, Замхі, Дуброўка, Бярозна, Алешча... Поўнач Полаччыны нароўні з глухім Палесьсем Лельчыцаў — самыя нетры Вялікага Беларускага Лесу, напэўна, з таго часу, як Іван Жахлівы ў Інфлянцкую вайну папаліў усе ваколіцы Полацку. На паўтысячы гадоў тут запанаваў гушчар.

За Саветамі ў гэтых лясох і балотах зрабілі найвялікшы ў Эўропе Дрэтуньскі вайсковы палігон. Жаўнеры рэгулярна выпрабоўвалі ў беларускім лесе моц савецкай зброі, і грыбнікі не маглі прарвацца цераз ачапленьні да багатых на баравікі мясьцінаў.

Малое Сітна сярод гэтага спрадвечнага лесу, на беразе Палаты, — своеасаблівы фокус траціны тэрыторый Беларусі. У шырэйшым сэнсе — увасабленьне глухое, аддаленае й аддзеленае ад гораду беларускае вёскі, галоўнай базы Лукашэнкавага электарату й адначасова мацерыка беларускай мовы ды традыцыі, які З.Пазьняк заклікае адрадзіць яшчэ з канца 1980-х.

Народ жыве зь лесу. Бальшавікі ніяк не маглі арганізаваць у Малым Сітне калгасу, бо вяскоўцы амаль не аралі зямлі — зьбіралі грыбы, ягады, шышкі, займаліся паляваньнем ды рыбалоўствам. Дый цяпер сапраўдная ўлада тут — не сельсавет і не ўчастковы, а «Полацаклес» у асобе начальніка лесапункту, які распараджаецца транспартам, палівам, сувязьзю ды самім лесам.

Можа быць, менавіта такія вёскі яшчэ тояць у сабе першародную сілу нацыянальнай глебы — тут, на ўзбочыне рынкавага сацыялізму нацыянальна сьведамы беларус можа намацаць дзясяткі кропак апірышча. Але цэласнае Беларусі-вёскі, апетай у сялянскім эпасе ХХ ст. — вершах Купалы, «На ростанях», «Людзях на балоце» і «Знаку бяды», — нават на гістарычных землях нашае першае дзяржавы, сярод запаветнага лесу, ля вытокаў тае ракі, што тысячагодзьдзе таму ўспаіла Полацак, ужо ня знойдзеш.

Асуджаны на працяглае назіраньне за штодзённым жыцьцём вёскі сярод лесу, пачынаеш задумвацца, чаму вясковая Беларусь дагэтуль падтрымлівае саўгасны рэжым і не нараджае новае хвалі нацыянальнага руху, чаму ўсё болей лаецца матам, п’е тэхнічны сьпірт і вымірае.

Бярэсься дасьледаваць, адкуль у такой вёсцы знайшоўся слухач «Свабоды» з 50-гадовым стажам, чаго хочуць дакапацца вяскоўцы ў крэпасьці Івана Жахлівага, спаленай Сьцяпанам Батурам, як рэагуюць на перайменаваньні праспэктаў у Менску й як змагаюцца за ўраджай. Урэшце, плянуеш пісаць пра ўсё гэта — і зразумела, пра тое, як у адпаведнасьці з рэдкім супадзеньнем праграмаў Пазьняка й Лукашэнкі адрадзіць беларускую вёску.

Рэч ня толькі ў зьбегу абставінаў. Беларуская вёска на мяжы зь лесам у сымболіцы нацыянальнай ідэі займае асаблівае месца. Для беларуса, які тысячу гадоў харчаваўся зь лесу, хаваўся, будаваўся ў ім і лесам ад лесу адасабляўся, узьлесак — рыса мэнтальнасьці, параўнальная з фронтам. Партызанка, шляхціц Завальня, новая зямля коласаўскага палясоўшчыка Міхала, Белавескія пагадненьні 1991-га. Для Беларусі лінія лесу дагэтуль азначае лінію лёсу. Правальваючыся ў акупацыю, мэліярацыю ці калектывізацыю, беларуская вёска адштурхоўвалася ад лесу, нібы Антэй ад зямлі. І цяпер, калі бачыш сьпітых, абыякавых, зьніякавелых вясковых беларусаў, згубленых сярод лесу, думаеш — самы час адштурхоўвацца.

Бо лес і лёс у беларускай мове сугучныя, як ні ў адной іншай мове сьвету.

Пасяленьне Малое Сітна

Каментары

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава25

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакатам Аляксея Навальнага далі ад 3,5 да 5,5 гадоў калоніі па справе аб удзеле ў «экстрэмісцкай» супольнасці2

Паблізу беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся вайсковыя акопы і фартыфікацыі. Спадарожнікавыя ФОТЫ8

Карабель Starship выбухнуў падчас сёмага тэставага палёту12

Вялізную колькасць людзей выклікаюць у міліцыю, аддзелы кадраў, дэканаты перад выбарамі16

«Два разы штурхнеш — і катаешся хвілін 15!». Гарадзенец ператварыў легкавік у незвычайныя арэлі

Насамрэч кот, які трыумфальна зняўся ў латвійскім мультфільме «Плынь», цёмна-шэры, а не чорны5

Расійскіх дыпламатаў затрымалі ў брытанскім парламенце3

Гэтыя прадукты могуць знізіць рызыку развіцця раку тоўстай кішкі — самага распаўсюджанага ў Беларусі1

«Чаму пад выглядам трохпакаёвых кватэр сталі прадаваць двухпакаёвыя?» Блогерка крытыкуе рынак нерухомасці9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава25

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава

Галоўнае
Усе навіны →