Меркаванні22

Кошык

Нарыс Алеся Касьценя.

Якая простая рэч — кошык. I зноў жа незабыўны ўспамiн дзяцiнства: на гарышчы бацькоўскага дома вiсiць ладны, у абхват рук кошык, зверху накрыты таксама плеценай з лазы накрыўкай. Падымеш гэту накрыўку — а адтуль пах непаўторны, зманлiвы. Там, у кашы, ляжаць каўбасы, пальцам пханыя. Яны i ў летнi час тут не псуюцца, бо ветрык прадувае гарышча, а заадно i кошык са зманлiвым наедкам. Туды не залезе нi кот, нi пацук. Туды толькi чалавек можа запусцiць сваю руку, падняўшы даволi шчыльную накрыўку. А ў кашы — раскоша. Асаблiва летам. Каўбасы выпусцiлi лiшнi лой (таму добра такi засохлыя), каўбасы засохлi да таго стану, калi адломваюцца з асаблiвым, вельмi спецыфiчным пошчакам. Трэсь — i ў руках у цябе кавалак, якiя спажываеш ужо не на гарышчы — каб дарослыя не заспелi — а дзе-небудзь у закутку, разам з сябрукамi.

Канешне, паласавацца можна адзiн-два разы, а потым бацькi пабачаць страту. Мацi асаблiва вядзе ўлiк гэтаму наедку, бо яго ўсё менее i менее. Гэта зiмою, адразу пасля забою кабана, iх нарабляецца шмат i ўлiку анiякага. А летам каўбаса прызначаецца найперш касцу цi, калi застанецца — на капанне бульбы, бо там справа таксама нялёгкая, а талаку трэба пакармiць смачна. Але ж ёсць сябрукi, у якiх таксама ёсць гарышчы, а там таксама вiсяць кашы, у якiх свая прывабнасць. Не, нешта скрадалi мы ад бацькоў не ад голаду. У часы майго дзяцiнства голаду ўжо не было. Проста па сваёй, яшчэ вясковай звычцы нашы бацькi, тагачасныя местачкоўцы, самае смачнае перахоўвалi, зберагалi да святаў калядных, велiкодных i нават да партыйных. А нам жа хацелася паласавацца. Вось таму i зазiралi зрэдзь часу ў гэтыя кашы на гарышчах. Пiльнуючыся, каб страта была не вельмi прыкметнай.

Седзячы за камп’ютарам над гэтым артыкулам, паклiкаў мацi i прачытаў ёй напiсанае. Яна ўсмiхнулася: бачылi тады яны нашы свавольствы, проста дазвалялi нам iх, дзецям — лепшае. Дарэчы, мацi сказала, што той кош з накрыўкай нават сёння на гарышчы над хатай. Не паленаваўся — палез. Сапраўды так — ён, той самы. Праўда, паху ранейшай каўбасы ў iм зусiм не захавалася. Ды i каўбаса гэтая, пальцам пханая, у нашых хатах калi i вырабляецца, то толькi з купленага на кiрмашы мяса, а гэта ўжо не тое.

Шмат пазней, займаючыся на фiлалагiчным факультэце ўнiверсiтэта, я пазнаў, што такi кош, для захоўвання каўбасы, вяндлiны, называецца па-беларуску «сажам». Я люблю карыстацца слоўнiкамi. Старымi i сучаснымi. Яны даюць вельмi неблагi матэрыял для маiх роспавядаў пра простыя рэчы нашага мiнулага ды i сучаснага жыцця. Люблю паўспамiнаць i выказваннi нашых пiсьменнiкаў пра гэтыя самыя простыя рэчы. Прызнацца, пра кош у iх нiчога не ўспомнiў. Толькi Колас... Так, у яго нешта было пра кош баравiкоў. Здаецца, у «Новай зямлi». Але дапытлiвага чытача я накiрую да гэтай паэмы, якая сталася, нягледзячы на ўсялякiя забароны i перашкоды 20—30 гадоў мiнулага стагоддзя, энцыклапедыяй беларускага жыцця пачатку ХХ стагоддзя, не губляе сваёй класiчнай непаўторнасцi i цяпер. А ўсё-такi знайшоў! У Аркадзя Смолiча, у яго «Геаграфii Беларусi» ад 1922 года змешчаны нават здымак кашыкара, чалавека, якi вырабляе кошык, пляце яго з лазы. Увогуле ж кошыкi выраблялiся i з сасновай цi дубовай дранкi, з каранёў хваёвых дрэў, з лiпавай цi бярозавай кары. I назваў у каша рознага прызначэння, розных памераў, нават розных рэгiёнаў Беларусi вельмi шмат — кораб, шаяк, саламянiк, вярэнька, кашэль. У кошыку насiлi есцi ў поле бацькам, зразумела, насiлi дзецi. I таму было прыстасаванне, каб такi кошык закiнуць за спiну. Былi i спецыяльныя кашы, якiя ўстанаўлiвалiся на вазы для перавозкi пэўных грузаў, напрыклад, збожжа. Маладыя людзi ўжо цi ведаюць, але нашаму пакаленню помнiцца, што кашом называлi ды i цяпер называюць кораб, якi ўстанаўлiваецца над млынам для засыпання ў яго зерня.

Пiшу пра звычайную рэч — кош, а нешта ў памяцi падказвае, такая наша памяць: «кош» — нешта звязанае i з казацтвам. I сапраўды так. У запарожскiх казакаў, у ХVII—ХVIII стагоддзях так называўся iх лагер знаходжання, нават само кiраванне гэтымi казакамi называлася «кошам». Сярод тых казакоў было нямала беглых халопаў i нават шляхцiцаў з Беларусi. Таму i ў мове казакоў шмат беларусiзмаў, на што звяртаў увагу шмат гадоў таму, чытаючы, напрыклад, «Цiхi Дон». А што такое кош? Нешта няпэўнае, змешанае, але аб’яднанае пэўнымi абручамi, з’яднанае агульнай iдэяй. I ў азiяцкай мове ёсць разуменне «каша». Толькi гэта архiтэктурнае, таксама замкнутае, абмежаванае.

Але асноўныя ўспамiны, звязаныя з кашом, для мяне больш празаiчныя. Для нас, местачковых хлапчукоў, кош быў найперш прыладай працы. У кашы мы збiралi i бульбу, i буракi, i iншую гароднiну. Кош выгадны тым, што ў адрозненне ад вядра яго трэба страсянуць, i — выкiнуць лiшнюю зямлю. Са школьнага дзяцiнства помнiцца, што калi паклiкалi нас у калгасы на сельгасработы, мацi заўсёды давала з сабою не вядро, а менавiта кош. Гэта было ашчадней не толькi для тваёй працы — менш зямлi пацягаеш, але i для самой прадукцыi — не так б’ецца, чысцейшай кладзецца ў кузавы трактароў.

Так складваецца маё жыццё, што i ў свае, за пяцьдзесят, ад ранняй вясны да позняй восенi маю немалы клопат на зямлi. I вось бульбачку, буракi цi моркву капаю толькi з кашом. Асаблiва ён незаменны, калi зямля пры вiльгацi. А патрасеш тую ж бульбачку ў кошыку — яна i пачысцее, менш трэба сушыць.

Сёння вельмi часта сустракаюцца кашы сплеценыя з дроту. З аднаго боку, гэта выгадней. Iх i вырабляць хутчэй, i больш трывалыя яны. Але затое цяжкавата, па-першае, а па-другое — не хочацца класцi на металiчную сетку той жа сарваны ўвосень яблык, здаецца што, пабываўшы ў старасвецкiм, лазовым кашы, ён будзе i захоўвацца лепш.

А схадзiць у грыбы? Ну, не з вядром жа iсцi на гэтае цiхае i прыемнае паляванне. Канешне, патрэбен ладны кошычак. Ён i лёгкi для хады па лесе, i грыбы ў iм не труцца. Магчыма, гэта недзе мiльгала i ў лiтаратуры, але ўсё-такi, мусiць, з народнага. Бо помню, бабуля, вялiкая была грыбнiца, на пытанне суседкi, што ж падабрала яна ў лесе сёння, адказвала:

— А нiштавата, суседачка, кош белых, кош шэрых.

Белымi, зразумела, называла яна баравiчкi, яны iшлi на засушку, а то i на продаж, а вось астатнiя грыбы спажывалiся адразу — марынадаў цi закатак тады не iснавала. I лiчылiся яны шэрымi.

Шукаючы нейкiя старадаўнiя звесткi пра кошык, натрапiў i на слова «калiта», у беларускай мове гэтай рэчы адпавядала яшчэ вызначэнне «шабета». Гэта своеасаблiвы, невялiкi кошычак, якi прывешваўся да пояса селянiна. У iм ён захоўваў крэсiва, тытунь, сцiзорык, люльку, медзякi i iншую дробязь. Але гэта было характэрна для поўдня Беларусi, асаблiва Палесся. А помнiце, вывучаючы некалi гiсторыю СССР, усе мы чыталi пра маскоўскага яшчэ не цара, а вялiкага князя Iвана Калiту, на самай справе быў ён Iванам I на маскоўскiм пасадзе. Ды за прыжымiстасць, уменне напоўнiць княскую казну грашыма i надалi яму такое прозвiшча.

А цi вырабляюць кошыкi цяпер? Вырабляюць. Некалькi гадоў таму дачка, якая тады працавала ў адной з гарадскiх крам, прынесла нам кошычак, сплецены з лазы. Зразумела, ён не для бульбы цi iншай агароднiны, лазовыя галiны пераплецены так густа, што i шчылiнак практычна няма. Ды i сам выгляд яго, падзяленне на дзве частачкi, не зусiм тоўстая ручка — гавораць не аб гаспадарчым прызначэннi.

Ведаеце, i ён мае ў нашай глыбiнцы сваё функцыянальнае значэнне. Для збiрання грыбоў малаваты. А вось патрэбна вам тэрмiнова ў краму, хлеба, напрыклад, да абеду не аказалася, смятаны цi яшчэ чаго. Садзiшся на ровар, каб хутчэй. Вось звычайны пакет тут нязручны, можа закруцiць у кола. А ў кошычку ўсё будзе цэлым i самому кiраваць роварам лепш.

Так што i надалей няхай служыць нам простая рэч — кошык.

Каментары2

Цяпер чытаюць

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця

Усе навіны →
Усе навіны

Малады беларус не хацеў сядзець у Расіі за наркотыкі, таму прыдумаў, як хутка выйсці з калоніі — і выйшаў на ўкраінскія пазіцыі пад Пакроўскам4

Дзе працуюць новыя сваякі Ірыны Абельскай?8

Вайсковы дарадца Трампа параіў рыхтавацца да баявых дзеянняў на арбіце Месяца17

Памёр Васіль Жураўлёў

Набыццё беларусам газавага тэрмінала на Падляшшы выклікала трывогу палякаў, але спецслужбы далі дабро

Ціханоўская едзе ў Нью-Ёрк. Яна можа перасекчыся з прадстаўнікамі Лукашэнкі, але галоўную інтрыгу пакуль не раскрываюць53

«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь27

Мужчына зрабіў званок з Беларусі праз сетку літоўскага аператара. Як гэта атрымалася?3

26‑гадовага гамельчука асудзілі на 5,5 года калоніі за «паклёп і знявагу Лукашэнкі»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць