Наколькі каштоўнае для Лукашэнкі апошняе зняцце санкцый з боку ЗША
Пасля чарговага візіту спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла Лукашэнка выпусціў яшчэ 25 палітвязняў, а ЗША знялі санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў. Эканаміст Зміцер Крук тлумачыць, што дае гэтая здзелка афіцыйнаму Мінску.

У санкцыйным спісе ёсць больш значныя прадпрыемствы
Злучаныя Штаты выкрэслілі з санкцыйнага спісу ААТ «Лакафарба» і канцэрн «Беллеспаперпрам».
Эксперт BEROC Зміцер Крук схіляецца да думкі, што падобны крок — гэта хутчэй прамежкавы этап.
«Маўляў, давайце пазначым дэкларацыю аб намерах штосьці рабіць далей, а гэтым проста зафіксуем нейкі вынік, каб не здавалася, што няма ніякага прагрэсу».
Таму падобныя змены эканаміст ацэньвае даволі сціпла. Эфект зняцця санкцый з двух гэтых прадпрыемстваў па важнасці ён ацэньвае толькі працэнтаў у 30 ад таго, што значыць адзін толькі «Беларуськалій».
«У гэтым SDN-лісце (галоўным санкцыйным спісе ЗША. — НН) ёсць нашмат больш буйныя і значныя для Беларусі прадпрыемствы», — адзначае Крук.
Еўрапейскія санкцыі больш балючыя за амерыканскія
Што тычыцца «Беллеспаперпрама», то, па словах Крука, сітуацыя там крыху іншая, бо гэта канцэрн і ўдзельнікі канцэрна аўтаматычна не з'яўляюцца падсанкцыйнымі.
«Таму гэтае зняцце санкцый адбываецца хутчэй без наўпроставага эфекту для дрэваапрацоўчай галіны. Канешне, гэта таксама мае сэнс, але не настолькі істотны, як зняцце санкцый з нейкай асобнай кампаніі», — тлумачыць эканаміст.

Агулам Крук адзначае, што выкрэсліванне кампаніі з амерыканскага санкцыйнага спісу не азначае, што гэта будзе мець вялікі ўплыў на кампанію, паколькі пераважная большасць у спісе не мелі шчыльных бізнэс-сувязяў са Злучанымі Штатамі.
Таму эксперт падкрэслівае, што для Беларусі куды больш важным з'яўляецца зняцце санкцый менавіта з боку Еўрасаюза, а не ЗША, якія знаходзяцца на іншым кантыненце.
«Як Беларусь амаль не мае той прадукцыі, якая была б з такім лагістычным плячом цікавай для ЗША, так і тэхналагічны імпарт з ЗША ў Беларусь хоць і меў значэнне, але яго маштабы былі не такія буйныя ў параўнанні з імпартам з ЕС», — тлумачыць эканаміст.
Плюсы ўсё адно будуць
Пры гэтым Крук адзначае, што пэўны пазітыўны эфект зняцця санкцый з боку ЗША кампаніі атрымліваюць нават у тым выпадку, калі яны не мелі ніякіх зносін са Штатамі.
«Адбываецца зніжэнне эфекту «таксічнасці», калі тыя, хто не знаходзіцца ў амерыканскай юрысдыкцыі, дзеля перасцярогі адмаўляецца ад такой супрацы праз знаходжанне кампаніі ў SDN-лісце».
Знаходжанне ў санкцыйным спісе таксама значна ўскладняе разлікі ў далярах, могуць быць дадатковыя складанасці ў лагістыцы і страхаванні.
«Таму зняцце санкцый Злучанымі Штатамі — гэта хутчэй зняцце другасных праблем, што таксама важна для прадпрыемства. На прыкладзе «Беларуськалія» з вялікай імавернасцю можна меркаваць, што дзякуючы зняццю санкцый «Беларуськалій» змог павысіць цану адносна рынкавай на свае ўгнаенні ў Кітаі.

То-бок пасля зняцця санкцый перамоўная моц «Беларуськалія» павысілася, што дало магчымасць не прадаваць прадукцыю з такой зніжкай, як было раней», — прыводзіць прыклад Зміцер Крук.
Што да вяртання Беларусі каля 43—44 мільёнаў даляраў, якія затрымаліся на рахунку ў амерыканскім Citibank, эканаміст адзначае, што ў дзяржаўных маштабах гэта вельмі невялікія грошы.
«Нават вельмі дзіўна, што на ўзроўні Лукашэнкі ідуць размовы пра такія сумы», — адзначыў Крук.
Каментары