«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця
Да ста тысяч беларусаў працуюць кадэнцыямі кіроўцамі-дальнабойшчыкам толькі ў краінах ЕС. «Наша Ніва» спытала ў іх, як ім даецца такая праца.

Працоўны графік 24/7
Большасць дальнабойшчыкаў, якія працуюць у еўрапейскіх фірмах, выконваюць рэйсы ўнутры Еўропы, таму дома бываюць толькі ў перапынках паміж кадэнцыямі.
Стандартны працоўны графік выглядае так: шэсць тыдняў у рэйсе, а тры тыдні дома, або восем у рэйсе і чатыры дома. Так працуе большасць кіроўцаў, хоць ёсць выключэнні, калі чалавек дамаўляецца з кіраўніцтвам, што хоча працаваць больш ці, наадварот, менш.
Пры такім раскладзе выходзіць, што сярэднестатыстычны дальнабойшчык восем месяцаў у годзе працуе і жыве ў фуры, а яшчэ чатыры знаходзіцца дома.
Галоўная матывацыя — грошы на BMW
Малады чалавек, якому няма і трыццаці, працуе ад пачатку года ў польскай фірме. Хлопец прызнаецца, што галоўная матывацыя для яго — грошы.
«Шмат знаёмых працуе дальнабоямі, усе пры грошах, таму і я захацеў паспрабаваць», — прызнаецца хлопец, які да гэтага ўжо паспеў папрацаваць таксістам у Беларусі і нават трохі ў Маскве.
Мужчына кажа, што прынамсі пакуль яму ўсё падабаецца. Грошы, выдаткаваныя на навучанне, ён ужо адбіў і таксама адпрацаваў месяц стажыроўкі, падчас якой плацілі ўсяго па 40 еўра за суткі працы.

«Вось нядаўна выйшаў на 90 еўра ў суткі. Калі адпрацую на фірме год, то будзе мінімум 95 еўра, а можа, і 100. Такіх грошай у таксі ні ў Маскве, ні тым больш у Беларусі не заробіш, таму я задаволены», — прызнаецца дальнабойшчык-пачатковец.
Прынамсі цяпер, па ягоных словах, такая праца яго цалкам задавальняе. Цяперашняя мэта хлопца — сабраць грошы, каб замяніць свой стары VW на навейшую BMW.
«Пацаны, якія ўжо даўно працуюць, усе на «Іксах» ганяюць, кожны год у Турцыю ці яшчэ куды лётаюць на адпачынак», — кажа малады чалавек і дадае, што калі ў цябе сям’і няма, то падчас адпачынку дома можна адчуваць сябе каралём.
Зарабляй — пакуль малады
Што да сур’ёзных адносін, то, па словах суразмоўцы, у яго цяпер іх няма і пачынаць іх найбліжэйшым часам ён не плануе.
«Калі ты большую частку часу ў рэйсе, то ў гэтым няма сэнсу, усё адно ты будзеш там, а яна дома сядзець».
Малады чалавек кажа, што як мінімум яшчэ пару гадоў, пакуль яму не споўніцца 30, заводзіць сям’ю не збіраецца, таму будзе жыць для сябе і адкладаць грошы на машыну, адпачынак, кватэру.
«Магчыма, пазней паспрабую працаваць больш, чым стандартныя 6 на 3, каб можна было больш зарабіць. Ёсць хлопцы, якія па 5—6 месяцаў ездзяць і толькі пасля на 3—4 тыдні здымаюцца. Так грошы збіраюцца нашмат хутчэй. Пакуль малады — трэба зарабляць», — лічыць ён.

З гаража ў кабіну
Іншы суразмоўца працуе дальнабойшчыкам ужо больш за 10 гадоў, а да дальнабойства займаўся рамонтам аўто — быў тыповым гаражнікам.
Мужчына прызнаецца, што спачатку праца дальнабойшчыкам яму нават падабалася, аднак эйфарыя ад паездак па Еўропе ў яго даўно скончылася.
«У адрозненне ад працы ў гаражы тут вышэйшы і, галоўнае, стабільны заробак, рукі чыстыя. Спачатку ўсё цікава: ездзіш, глядзіш Еўропу. Але такія «падарожжы» цікавыя першы год-два. Потым гэта ўсё надакучвае, бо маршруты плюс-мінус тыя самыя, дый Еўропа не такая ўжо і вялікая», — кажа дальнабойшчык.
Кіроўца прызнаецца, што праца яму ўжо даўно не прыносіць задавальнення, але звальняцца пакуль не плануе, бо такіх грошай у Беларусі ён не заробіць.
«Каб была магчымасць зарабляць дома не менш за 1000 еўра і не жыць пры гэтым у гаражы, то з задавальненнем бы кінуў дальнабой. Але, з іншага боку, ужо такія гады, што і дома не асабліва цікава. Дзеці выраслі, а жонка, здаецца, ужо таксама прывыкла жыць у такім рытме».
Пры гэтым мужчына прызнаецца, што крыху шкадуе: сталенне малодшага дзіцяці праз такую працу прайшло неяк міма яго.
Далейшая кар'ера залежыць ад дакументаў
Але выхаду з прафесіі ён усё ж не выключае, бо, з яго слоў, ніколі не вядома, ці працягнуць табе дазвол на жыхарства (мужчына працуе ў літоўскай фірме).
«Ужо двойчы падаваўся на падаўжэнне пасля пачатку вайны, і кожны раз было ўсё складаней атрымаць новы дазвол на жыхарства, хоць пачаў працаваць у Літве задоўга да вайны, дый ніколі ні ў якіх органах ці дзяржустановах не працаваў», — кажа кіроўца і дадае, што хутка зноў мусіць падавацца на абнаўленне дакументаў (працоўны ДНЖ даюць на 2 гады — НН).
Суразмоўца сцвярджае, што для сябе даўно вырашыў: калі Літва калі-небудзь ДНЖ не працягне, то шукаць працу кіроўцам у Польшчы ці іншай краіне ён не плануе.

«Дзеці ўжо адвучыліся, працуюць, жонка таксама працуе. Таму, калі што, знайду працу дома, і на жыццё, думаю, дакладна хопіць».
Увайшоў у адну раку двойчы
Трэці суразмоўца кажа, што агулам такая праца яму недаспадобы, але гэта не перашкодзіла яму вярнуцца пасля звальнення.
Працу дальнабойшчыка ён называе не прафесіяй, а ладам жыцця.
«Гады працы на фуры праходзяць максімальна хутка, бо падчас кадэнцыі ты не жывеш, а хутчэй існуеш. Проста прымаеш як належнае, што найбліжэйшыя 6—8 тыдняў гэтая буда — твой дом. Дні праходзяць максімальна аднастайна.
Першая палова кадэнцыі, напэўна, самая цяжкая, а потым бачыш, што вяртанне дадому ўсё бліжэйшае, і ад гэтай думкі настрой уздымаецца», — прызнаецца мужчына.
Галоўная і, бадай, адзіная прычына, чаму ён не сыходзіць з дальнабою — гэта грошы.
Кіроўца падлічыў, што пры працы па графіку 6/3 або 8/4 у сярэднім выходзіць каля 2000 еўра за месяц (больш за 7000 рублёў — НН).
«Калі ісці працаваць кіроўцам у Беларусі, каб начаваць і выходныя бавіць дома, то будзе 2000—2500 рублёў. Вось і ўвесь адказ, чаму ўсё адно вяртаюся на кадэнцыі», — тлумачыць суразмоўца.
Выбар паміж працай у Еўропе і дома мужчына называе сапраўднай дылемай:
калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры па Еўропе, то грошы на годнае жыццё ёсць, але жыць асабліва няма калі.
«Прынамсі пакуль абіраю другі варыянт, бо я ўжо сыходзіў з дальнабою, але вярнуўся, бо хочацца нешта сабе набыць, не лічыць кожную капейку, ездзіць у адпачынак, а з заробкам 2000 рублёў не разгуляешся», — прызнаецца дальнабойшчык.

Галоўнае, што не падабаецца суразмоўцу — гэта калі шмат дзён запар па графіку выпадае так, што ўдзень трэба спаць, а ўначы ездзіць.
«Тут як пашанцуе, і ад кіроўцы нічога не залежыць. Бывае, выпадае, што больш днём ездзіш, то нічога — можна жыць. А вось калі наадварот, то вельмі цяжка. Многія памылкова думаюць, што калі ў Еўропе ўсе выконваюць рэжым працы і адпачынку, то, значыць, працаваць там лёгка, бо не перапрацуеш. Але папраўдзе часам здаецца, што лепш бы перапрацоўваў удзень, чым, нібыта адпачыўшы днём, потым ехаць усю ноч і зноў днём адсыпацца», — кажа кіроўца са стажам.
Польскі пашпарт і нямецкая фірма
Яшчэ адзін кіроўца працуе ў Германіі, таму зарабляе больш. Хоць ён таксама кажа, што не ў захапленні ад прафесіі, але, зноў жа, праз грошы сыходзіць з дальнабою не плануе.
«Як атрымаў польскі пашпарт, то пайшоў у нямецкую фірму, і заробак адразу вырас больш чым на 30 еўра. Цяпер фактычна за тую самую працу маю па 130 еўра за суткі».
Аднак, нягледзячы на гэта, мужчына не называе гэта працай мары.

«Апошнія гады, як працую ў Германіі, то грошы, вядома, атрымліваюцца годныя, але ўсё адно праца вельмі спецыфічная. Большую частку года ты ў рэйсе. Хоць на выходных і не працуем ды жывём на базе — гэта ўсё адно не дома.
А калі прыязджаеш дадому, то і там даволі спецыфічны лад жыцця атрымліваецца. Адаспаўся пару дзён, потым пачынаеш пытанні вырашаць, вырашыў — а потым ужо апошні тыдзень сядзіш і не зусім разумееш, што рабіць, бо ўжо, здаецца, і справы павырашаў, і адпачыў».
Пры гэтым мужчына прызнаецца, што падчас адпачынку на трасу яго асабліва не цягне.
«Ведаю некалькі калег, якім ужо праз тыдзень зноў у дарогу хочацца, яны гэтым жывуць, ім падабаецца. Але такіх дальнабойшчыкаў па пакліканні, мне падаецца, усё ж няшмат. Большасць такі шлях выбірае выключна праз грошы. Ну і праз тое, што больш нічога рабіць не ўмеюць», — мяркуе мужчына.
Каментары
>среднем выходит около 2000 евро в месяц
>BMW X5 price €47,000 to €73,000
расскажите, пожалуйста, как при таком заработке ездить на условном икс-пять, гонять в отпуска, да еще что-то на себя и семью тратить, откладывать на квартиру.