Набыццё беларусам газавага тэрмінала на Падляшшы выклікала трывогу палякаў, але спецслужбы далі дабро
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы заяўляе, што здзелка не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы краіны.

Атакам з боку шэрагу польскіх СМІ падвергнуўся беларускі бізнэсовец, забудоўшчык беластоцкага палаца Любамірскіх Аляксей Навіцкі.
Зараз гэты буйны газатрэйдар, чый бізнэс уваходзіць у топ-15 найбуйнейшых актываў беларусаў у Польшчы, завяршае здзелку па набыцці чыгуначнага тэрмінала звадкаванага нафтавага газу ў Плянце каля Нараўкі ў Падляскім ваяводстве. Аб’ект размешчаны непадалёк ад польска-беларускай мяжы і выкарыстоўваўся для перавалкі расійскага рэсурсу, піша Вадзім Сяховіч у сваім тэлеграм-канале.
Прадаўцом гэтага, аднаго з прыкладна 20 газавых тэрміналаў на ўсходніх межах Польшчы, выступіла газагандлёвая кампанія Grupa OniCo.
Яе больш чым на 80% кантралюе польскі бізнэсовец Славамір Шчотка. З 2019 года гэты бізнэс знаходзіцца ў рэструктурызацыі. У пошуках рэсурсаў для пагашэння абавязацельстваў Шчотка вырашыў прадаць газавы тэрмінал, якім кіравала яго даччыная кампанія Alpetrol.
Падштурхнула ўладальніка тэрмінала да такога кроку і працяглае, выкліканае санкцыямі, падзенне аб’ёмаў перавалкі. Як паведамляецца, у 2025 годзе ў параўнанні з 2024‑м яны скараціліся на 59%, а ў першым паўгоддзі 2026 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — на 81%.
У ліпені гэтага года прадавец і пакупнік публічна абвясцілі пра сваю дамоўленасць, структуру шматхадовай здзелкі і суму, якую WGT Group заплаціць за актыў, — 13,9 млн злотых (3,2 млн еўра). Здзелку планавалася закрыць не пазней за 31 снежня 2026 года пасля праходжання неабходных у адпаведнасці з польскім заканадаўствам працэдур узгаднення з рэгулятарамі.
Тое, што дзяржаўныя структуры — Skarb Państwa і Lasy Państwowe — у выніку не скарысталіся сваім пераважным правам на выкуп гэтага тэрмінала і зямельных участкаў пры ім, а таксама беларускае паходжанне ўладальніка 50% WGT Group Аляксея Навіцкага, прывялі да крытычных публікацый у шэрагу польскіх СМІ.
Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу тое, што публікацыі з’явіліся на фоне чарговага ўсплёску карпаратыўных рознагалоссяў у OniCo.
У прыватнасці, на сайце OniCo нядаўна было размешчана папярэджанне, што кампанія «вельмі занепакоеная тым, што нейкая асоба, якая не валодае кантрольным пакетам акцый, вядзе кулуарныя перамовы аб продажы гэтага пакета».
У адказ на звароты СМІ да рэгулятараў, а затым і да праваахоўных органаў тыя пацвердзілі, што тэрмінал у Плянце польскай дзяржаве не цікавы і што пагрозы для краіны ў сувязі са зменай уладальніка яны не бачаць.
У лясным ведамстве, у прыватнасці, заявілі, што «набыццё гэтай уласнасці не апраўданае патрэбамі лесакарыстання».
Міністэрства грамадскіх актываў рэзюмавала, што «тэрмінал у Плянце мае невялікае мясцовае значэнне».
Агенцтва ўнутранай бяспекі, меркаванне якога магло быць вырашальным, пацвердзіла, што «аб’ект не з’яўляецца элементам стратэгічнай інфраструктуры» і што «здзелка была заключана паміж прыватнымі асобамі, а Агенцтва ўнутранай бяспекі не мае права ўмешвацца ў дзелавыя рашэнні ўладальнікаў прыватных прадпрыемстваў, калі толькі яны не ўяўляюць канкрэтнай пагрозы нацыянальнай бяспецы».
Каментары