Літаратура11

Вялікае зблізку: выйшла кніга «Справа Бяляцкага»

Не раман і не кінасцэнар, але ідэальна сабраны для іх матэрыял.

Такія сюжэты кладуцца ў аснову раманаў і фільмаў. Бо гісторыя змагання за праўду, з дакладна акрэсленымі межамі дабра і зла, заўжды натхняе.

Перад Калядамі выйшла кніга «Справа Бяляцкага», напісаная Валерам Каліноўскім.
Журналіст радыё «Свабода», ён вёў рэпартаж з судовых паседжанняў, перапісваўся з Алесем Бяляцкім у турме, гутарыў з яго роднымі і паплечнікамі, знаходзіў фотаматэрыялы.
Яго дакументальная кніга — пакуль не раман і не кінасцэнар, але ідэальна сабраны для іх матэрыял.

«...Правы чалавека і незалежнасць Беларусі, дэмакратыя і рынкавая эканоміка — гэта тыя рэчы, якія ўяўлялі і ўяўляюць для мяне адзінае цэлае», — пісаў некалі Алесь Бяляцкі.

Калі дзеянні кіраўніцтва краіны рэгламентуюцца не законам, а імкненнем захаваць асабістую ўладу, правы чалавека будуць парушацца на ўсіх узроўнях.
Таму праваабарончую дзейнасць у Беларусі можна параўнаць з існаваннем у зоне пастаяннага ціску: яна не залежыць ад затухання і ўсплескаў палітычнай актыўнасці.
У 2001-м палітычныя колы гукалі «беларускага Каштуніцу» (хто сёння пералічыць кандыдатаў на гэтае званне?), у 2006-м — «беларускага Юшчанку», у 2010-м «мянялі лысую рызіну». Бяляцкі і яго «вясноўцы» роўна і размерана рабілі работу.
За 15 гадоў дзейнасці «Вясна» дапамагла сотням людзей.

Бяляцкі і яго «Вясна» — гэта тое вялікае, чаго мы часам не бачым у сваёй Айчыне, захапляючыся мужнасцю, напрыклад, Мандэлы ці Гавэла.
Пацверджаннем гэтаму можа быць ацэнка дзейнасці Бяляцкага «здалёк», якую дае ў прадмове да кнігі Карл Гершман, прэзідэнт Нацыянальнага фонда падтрымкі дэмакратыі (NED) ЗША.

«Нобелеўская прэмія — гонар, якога Бяляцкі цалкам варты, — піша ён. — Як і Лю Сяо-бо (кітайскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2010 года, які сядзеў у турме, калі яму прысудзілі прэмію, і дагэтуль застаецца за кратамі), Бяляцкі — асоба вялікай адвагі і сілы духу.

Яшчэ да арышту ён ведаў, што на яго завялі справу, і меў магчымасць уцячы за мяжу, але вырашыў не рабіць гэтага.
Прынцыпы для яго заўсёды былі вышэйшыя за палітыку. Ён сышоў з палітычнай сцэны ў 1990-я гады, таму што яна спараджае звады і таму, што ён адчуваў: у якасці абаронцы правоў чалавека ён можа зрабіць больш. Ён дапамагаў усім, хто ў патрэбе, незалежна ад партыйнай прыналежнасці або ідэалогіі.
Бяляцкі — адзін з нямногіх лідэраў апазіцыі, хто аб’ядноўвае, а не раздзяляе. Ён карыстаецца павагай ва ўсім палітычным спектры апазіцыі і, выйшаўшы з турмы, можа стаць палітычным лідарам, які адыграе аб’яднаўчую ролю.

Ягоная палітычная прывабнасць узмацняецца патрыятызмам.

Бяляцкі — архетыповы беларус. Ён заўсёды выступаў за незалежнасць краіны, абараняў яе мову і культуру, падкрэсліваючы ў той жа час еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі і падтрымліваючы яе інтэграцыю ў Еўропу ў якасці свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы».

Кніга Каліноўскага напісаная лёгкай мовай рэпартажа, яна мае шматлікія дадаткі — любімыя вершы Бяляцкага, што выявіліся «праграмнымі»; дзённікавыя запісы — пра у часы «Тутэйшых», працы ў Музеі Багдановіча, першыя Дзяды 1988-га, юнацтва і дзяцінства; выдатную фотападборку з героямі і антыгероямі справы. Ёсць у кнізе і пратакол вобшуку, і цытаты з ачарняльных публікацый у дзяржаўных СМІ.

Пададзеныя ж аўтарам экскурсы ў савецкую гісторыю дазваляюць заўважыць, што тагачасныя спецслужбы ўжывалі супраць праваабаронцаў тыя ж метады. Бяляцкі з гумарам апісаў, як гаварыў пра гэта з кадэбістамі, што везлі яго на ператрус.

Аўтар не заступае сабой галоўнага героя: многія рэчы агучваюцца ў кнізе ад першай асобы, ад самога Бяляцкага.
Ён дае трапныя характарыстыкі следчым, яго апошняе слова працытаванае цалкам. Калі Бяляцкі яго рэпетаваў, рагатала уся камера, хоць на судзе палітвязень быў сур’ёзным.

Аўтар фіксуе, як службісты робяць кар’еры, пераследуючы апанентаў улады:

пасля справы Бяляцкага следчая 2-га следчага аддзялення Аддзелу папярэдняга расследавання Управы ДФР Таццяна Касынкіна стала вядучым інспектарам групы па зваротах грамадзян Следчага камітэту.
«Мне падаецца, што яна да канца так і не зразумела, чым яна займалася. Хітрэйшыя мужыкі самі не хацелі ўмазвацца ў відавочны гной. Вось і размеркавалі справу на маладога працаўніка...», — ацэньвае ў лісце з турмы Бяляцкі. Адзначаецца, што да справы Бяляцкага Дэпартамент фінансавых расследаванняў заставаўся адзінай «чыстай» ад палітычных справаў спецслужбай. Але чым далей — тым прасцей: у верасні 2012-га ДФР распачынае падобнае расследаванне супраць рэдактара Arche Валера Булгакава.

Не абыдзеная ўвагай у кнізе і справа Плошчы-2010, якая стала каталізатарам працэсу Бяляцкага. Хоць

усім, хто адстойвае версію пра «спантаннасць» жорсткага разгону пратэстаў 19 снежня, варта звярнуць увагу: матэрыялы на праваабаронцаў пачалі збіраць яшчэ ў 2009-м, у разгар «лібералізацыі», а ход справе далі ў кастрычніку 2010-га, за месяц да Плошчы.

За гады аўтарытарызму было напісана нямала турэмных дзённікаў.

У кнізе пра Бяляцкага робіцца спроба сістэмнага аналізу праблемаў беларускай турмы, падмацаваная сведчаннямі іншых палітвязняў.
Ад савецкага ГУЛАГу беларуская «зона» ўспадкавала скіраванасць на маральнае знішчэнне зняволеных, іх фізічныя пакуты і ўбоства побыту. Правы зняволеных — вялікае пытанне для Беларусі, якое ўздымаецца ў кнізе.

Не ўсе абставіны справы і адседкі, не ўсе думкі галоўнага героя змаглі прасачыцца ў кнігу праз падцэнзурную турэмную перапіску. Што ж, Алесь Бяляцкі яшчэ будзе мець магчымасць асабіста запоўніць прабелы. І хочацца, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

Бо апошняга элементу — хэпі-энду – не хапае “Справе Бяляцкага”, каб ператварыцца ў раман ці кінафільм.

* * *

Атрымаць аўтограф аўтара кнігі можна будзе 17 студзеня ў Мінску па адрасе: пр.Незалежнасці, 37а. 18.00.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА5

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША папрасілі Украіну не біць па Расіі, пакуль там дырэктар ЦРУ. Яго самалёт ужо вылецеў з Масквы3

Рэдактар адказвае на моўнае пытанне: Мы за дзвіж. І за варушняк таксама21

Праўнук Беніта Мусаліні дэбютаваў у гульнях за рымскі «Лацыа» на стадыёне, які адкрываў ягоны прадзед2

У Дубаі адкрылі першы ў свеце вертыпорт для паветраных таксі1

«Лірыка пра тое, што 25 жніўня 1991 года нехта прыгожа выступіў, і ўсе памянялі свае погляды — гэта для мастацкага кіно»24

У Маскву з няяснымі мэтамі прылятаў дырэктар ЦРУ7

Беларускія школы ўжо хутка пяройдуць на электронныя дзённікі1

Таццяна Заміроўская напісала, чаму яна прыходзіць у каменты да людзей, якія ставяць у сябе ў сацсетках пасты, напісаныя ШІ1

У Дзятлаўскім раёне вясковец скраў 13 кубкаў, што пакідаліся каля святой крыніцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА5

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць