Беларуская палітычная эліта.

Беларуская палітычная эліта.

Пракаповіч, Русы (першы шэраг); Тур у другім шэрагу; Ярмошына, Макей (трэці), Шчоткіна, Янчэўскі, Віктар Лукашэнка (чацвёрты шэраг).

Пракаповіч, Русы (першы шэраг); Тур у другім шэрагу; Ярмошына, Макей (трэці), Шчоткіна, Янчэўскі, Віктар Лукашэнка (чацвёрты шэраг).

Памочнік па ідэалогіі Усевалад Янчэўскі.

Памочнік па ідэалогіі Усевалад Янчэўскі.

Гісторык-сенатар Ігар Марзалюк.

Гісторык-сенатар Ігар Марзалюк.

Малатабоец, а цяпер дэпутат Вадзім Дзевятоўскі.

Малатабоец, а цяпер дэпутат Вадзім Дзевятоўскі.

Да кіраўніка Мінскай вобласці Барыса Батуры Лукашэнка звяртаўся некалькі разоў.

Да кіраўніка Мінскай вобласці Барыса Батуры Лукашэнка звяртаўся некалькі разоў.

Аляксандр Лукашэнка пачаў свой выступ на павышаных танах, толькі пад канец крыху паспакайнеў. Большая частка прамовы была прысвечаная патрэбе мадэрнізацыі эканомікі, пры гэтым прабівалася трывога за стан эканомікі.

Асаблівых новых ідэй не прагучала. Гаворка ішла пра рэалізацыі праектаў замены абсталявання, асваення больш эфектыўных тэхналогій, зніжэння затрат энергіі.

У замежнапалітычнай частцы Аляксандр Лукашэнка спрабаваў запэўніць Еўрасаюз у гатоўнасці «гуляць па правілах» і быць прыязным партнёрам. Пры гэтым прагучала нямала несяброўскіх словаў на адрас «Захаду», «замежнікаў», «дэмакратыі». У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка падаваў справу так, нібы Захад патрабуе ўвядзення ў Беларусі аднаполых шлюбаў.

Расія ж атрымала гарбуз у пытаннях прыватызацыі. У прыватнасці, было заяўлена, што Беларусі нявыгадна аб'яднанне МАЗа і КамАЗа ў адзін холдынг. Зайшла гаворка і пра зацяжкі з мадэрнізацыяй Бярозаўскай ДРЭС.

Перад сілавікамі была пастаўлены прыярытэт эканамічнай сферы, не палітычнага вышуку.

У цэлым, курс краіны і форма кіравання застаюцца нязменнымі. Прапануем Вам агляд асноўных пунктаў звароту, на аснове анлайн-трансляцыі.

Адкрыў пасяджэнне старшыня палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

Лукашэнка зайшоў у залу з невялікім спазненнем, ён у чырвоным гальштуку.

Пра крызіс

«Старт пяцігодкі быў няпростым. Нас такі зачапіў сусветны крызіс. Але мы яго пераадолелі. Сёння мы пераадолелі мяжу 500 даляраў сярэдняга заробку. Справіліся з інфляцыяй [у рэальнасці яна ў Беларусі ўсе апошнія гады стабільна самая высокая ў Еўразіі, летась была большай 20% па афіцыйных звестках - НН]. У нас самы высокі паказнік індэкса чалавечага развіцця ў СНД.

«Нагодаў для трывогі менш не стала». Лукашэнка стаў гаварыць пра крызіс у еўрапейскіх краінах. «А яны ад нас патрабуюць рэформ», — кажа Лукашэнка, і раз-пораз дае зразумець, што ўсе рэкамендацыі сусветных і еўрапейскіх структур, а нават і ЕўрАзЭС скіраваны на тое, каб аслабіць Беларусь.

«Мы павінны дакладна разумець глабальныя працэсы і наша месца ў іх». Шмат словаў пра інтэлектуальныя вынаходніцтвы чалавецтва.

«Мы сярэдняя еўрапейская краіна, пазбаўленая планаў на сусветнае лідарства. Мы можам альбо прыстасавацца да перамен, альбо застацца на ўзбочыне гісторыі».

Лукашэнка кажа, што нам трэба быць «хутчэйшымі» ва ўсіх сферах жыцця. Перамагае той, што працуе на «апераджэнне». «Гэты вар’яцкі рытм не адпавядае нашаму менталітэту, але нам трэба мяняцца. Інакш мы прайграем ва ўсім».

«Другое патрабаванне — гнуткасць. Трэба падрыхтаваць тавар пад дзясяткі краін. Трэба перастройвацца на хаду».

«Трэцяе патрабаванне — творчасць. Той, хто капіюе — будзе адставаць. Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у лідары».

«Мадэрнізацыя павінна скончыцца да Дня рэвалюцыі»

«Захоўваецца станоўчае сальда, расце валютная выручка». Лукашэнка кажа, што эканамічнае развіццё ёсць, але не такое, як хацелася б.

«Крэдытныя рэсурсы для рэальнага сектара эканомікі становяцца больш даступнымі» [у рэальнасці стаўка рэфінансавання Нацбанка зніжана да 27%, але яна застаецца самай высокай у Еўропе — НН].

«Растуць запасы актыўнай прадукцыі. На 1 красавіка скапілася прадукцыі на 30 трыльёнаў рублёў. Больш у два разы, чым летась». Пачалася размова пра праблемы.

«Каб выйграваць у цяжкой канкурэнтнай барацьбе мы заўсёды павінны абнаўляць свае веды, тэхналогіі. Абнаўленне — гэта новы этап у нашым развіцці. Мы павінны абаперціся на тры моцныя нацыянальныя праекты — мадэрнізацыя, інфарматызацыя, падтрымка моладзі».

«Няма чаго аспрэчваць — трэба мадэрнізацыя ці не? Гэта натуральны працэс развіцця грамадства».

«Сёння Расія ўжо ўступіла ў СГА, а Казахстан на парозе. Таму фактычна мы ўжо працуем па жорсткіх правілах».

«Адкрытых ідэй у пятай калоны, нашых ворагаў няма. Таму прапануюць усё зачыніць. Мы такое ўжо праходзілі. Ламаць — не будаваць, розуму не трэба».

«Мы ўступаем у фінальную стадыю мадэрнізацыі. Нас жыццё да гэтага падштурхнула. У сельскай гаспадарцы мадэрнізацыя ўжо дзве пяцігодкі ідзе. Мы туды ўклалі 40 мільярдаў даляраў. На дрэваапроўцы мадэрнізацыя павінна скончыцца да Дня рэвалюцыі [7 лістапада — НН]».

«Сёння нашы расійскія партнёры ў чэргах стаяць, каб трапіць на нашы нафтапераапрацоўчыя заводы».

Ужо амаль дваццаць хвілін Лукашэнка тлумачыць і пераконвае, чаму краіне патрэбная мадэрнізацыя і што гэта такое. Абяцае якасны прарыў у дрэваапрацоўцы.

Лукашэнка абураецца гарбарнай вытворчасцю, што ў крамах больш замежнага абутку, а не беларускага. І тут таксама будзе мадэрнізацыя. Яшчэ ў лёгкай прамысловасці.

Лукашэнка кажа, што важна не толькі працаваць на ўнутраны рынак, але і на экспарт.

«Сёння наша краіна — гэта адна вялікая будоўля». Кажа, што па выніках мадэрнізацыі павялічыўся выпуск цэменту з 3,5 мільёнаў тон да 10 мільёнаў.

Пра дрэваапрацоўку

Пакуль што Лукашэнка выступае па паперцы. Рэдка выходзіць за межы напісана. Толькі, калі звяртаўся да кіраўніка Мінскай вобласці Барыса Батуры, то адступіў ад напісанага.

«Экспарт круглага лесу ўпершыню ў гісторыі Беларусі, калі не цалкам спынены, то днямі будзе спынены. На новых вытворчасцях будзе выпускацца прадукцыя глыбокай перапрацоўкі», — заявіў А. Лукашэнка.

«Дарэчы, тое, што нам аракулы ад пятай калоны [так Лукашэнка называе апазіцыю і ўсіх праціўнікаў рэжыму асабістай улады — НН] і з-за мяжы прадракалі, што на дрэваапрацоўчых заводах успыхнуць масавыя беспарадкі, тэрарызм на гэтых прадпрыемствах пасля майго рашэння, гэтага не адбылося», — пра забарону звальняцца работнікаў з дрэваапрацоўчых заводаў.

Пра сельскую гаспадарку

«Мы навучыліся збіраць някепскія ўраджаі, давялі экспарт да амаль 5 мільярдаў. Але не можам выйсці на самафінансаванне. Траціна ўсіх гаспадарак стратныя. Трэба ў кожным раёне стварыць вялікі агракамбінат. Ёсць прыклады «Дзяржынскі», «Ждановічы», «Сноў».

Пры аб’яднанні галечы багатым не станеш. Таму не трэба тут перагібаў. Трэба думаць, як жабрак можа стаць багатым.

«Трэба прадаваць гатовую прадукцыю — вэнджаную каўбасу, а не тушы і паўтушы».

Аб прыватызацыі

«Сёння ідзе балбатня пра прыватызацыю МАЗа-КамАЗа, прыходзьце з Еўропы, Расіі. Але калі да мяне прыходзяць людзі, то я пытаюся, што мы ад гэтага атрымаем?
Рынкі ў нас ёсць. У нас ёсць праграма мадэрнізацыі МАЗа. Я пытаюся, колькі вы туды ўкладзеце. Грошай няма. Мяне інфармуюць, што за імі стаяць замежнікі з Германіі, ЗША. Яны зацікаўленыя спыніць вытворчасць. Я на такую бандыцкую акцыю не пайду». Лукашэнка выказаўся супраць зліцця МАЗа і КамАЗа.
«МВФ, Захад, Еўрасаюз, ды і Расія дудзяць у адну дуду: давай прыватызыцыю! Я не супраць, але давайце нармальную цану. Не трэба нас нахіляць, асабліва нашым братам.
Мы не такія багатыя, каб за бясцэнак прадаваць нашы прадпрыемствы. Сёння нявыгадна прадаваць і ўсе гэта ведаюць», - кажа Лукашэнка.

У той жа час ён надзвычай хваліць супрацу з швейцарскай кампаніяй «Штадлер» — выпуск трамваяў, тралейбусаў і электрычак.

Пра энергетыку

«Добрым прыкладам можа быць «Магілёўхімвалакно». Крытычная сітуацыя склалася ў Мінэнэрга. Кожны чацвёрты дадзены ім рубель не даў эфекта. Разбазарванне грошай, дзясяткаў, а можа і сотняў мільёнаў даляраў. Спецыялісты казалі, што не трэба нам праект па Бярозаўскай ДРЭС. «І тут у зале сядзіць дыпламат, які лабіраваў гэты праект». Зрабілі, навошта? Публічна хачу папярэдзіць усіх кіраўнікоў іншых галін, калі такія парушэнні будуць выяўленыя, то літасці не будзе».

Пра карупцыю

«Мужыкі, пятля ж такая, што галаву ў яе ўсунеш, ужо не выратуецеся. Не лезьце туды. Вы ж усе вернікі. Пагляджу на вас у храме, дык так моліцеся заўзята. Калі вы вернікі, то чаго крадзеце?
Калі не хочаце, каб вас выкінулі з крэслаў і мяне з вамі, то давайце працаваць. У нас такое ў гісторыі ўжо было. Вы хочаце скончыць тым жа? Я не хачу. Ёсць у нас карупцыя. Яе цяжка зжыць».

Пра інфарматызацыю

Лукашэнка ставіць задачу інфарматызацыі ўсіх сфераў грамадства.

Пра моладзь

Даручыў вылучаць моладзь на высокія пасады ў дзяржапараце. (Па ўзросце беларускі ўрад самы стары ў рэгіёне.)

Пра даходы насельніцва і льготныя крэдыты

«Пакуль педагогі не пачнуць сябе аптымізаваць, ніякага павышэння зарплаты не будзе». Заробак мае быць зароблены, кажа ён.

«Штовечар, кладучыся спаць, кожны грамадзянін павінен падумаць, што я зрабіў за дзень, каб патрабаваць у Лукашэнкі павысіць заробкі».

Пры жыллё

«Свая кватэра, свой дом павінен быць у кожнай сям’і. Цяпер жыллёвая палітыка становіцца больш адраснай. Аказваць дапамогу будзем толькі тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу. Знялі з чаргі 85 тысяч чалавек.

Сёння пабудаваў па льготным крэдыце – заўтра здае ў арэнду. Ну і навошта мы яму будавалі, калі не трэба?

Шарлатанаў на рынку будаўніцтва быць не павінна. Будаваць павінны спецыялісты. Вунь расейцы будуюць каля Лебядзінага [Мінск, прэстыжны раён каля Мінск-Арэны]. Сардэчна запрашаем — будуйце.

Сёння някепскія кватэры прадаюць па 3,5 тысячы за квадратны метр. Я пытаюся, колькі каштуе насамрэч? Мне адказваюць, што дзве тысячы.

Жыллё павінна быць не толькі даступным, але і зручным». Лукашэнка кажа пра ўшчыльненні. «Трэба ўшчыльняць толькі ў інтарэсах людзей. Няўжо зямлі мала? Досыць! На ўшчыльненні ісці толькі ў крайнім выпадку».

Пра медыцыну

«Да 2015 года палова лекаў павінны стаць беларускім. І не думайце хітрыць з упакоўкамі».

Лукашэнка кажа, што маладыя спецыялісты абавязкова павінны ехаць па размеркаванні, куды пасылаюць.

Пра школы

«Прымушайце школы працаваць па-сапраўднаму і несці адказнасці за дзяцей, спадар Маскевіч». Прычым — рэдкі выпадак — назваў Мацкевіча спадаром, «господином».

Пра спорт

«У гэтай сферы назапасілася шмат пытанняў. Нам давялося памяняць усё кіраўніцтва галіны. У аснове павінна быць: «Любое ўзнагароджанне толькі за вынік».

Мы павінны падрыхтаваць усю інфаструктуру да Чэмпіянату свету па хакеі-2014. Мы павінны хутчэй стварыць спартовы ці спартова-культурны тэлеканал.

Трэнеры павінны працаваць хаця б як настаўнікі ў школе».

Пра мадэль дзяржаўнага кіраўніцтва

«Дзяржслужачых у нас, нібыта, і нямнога. У Аўстрыі, Балгарыі чыноўнікаў у два разы больш. Але мы не можам дапусціць вялікіх страт на чыноўнікаў. Скарачэнне не павінны быць бяздумным, нельга ўпусціць ініцыятыўных чыноўнікаў. Павінны сысці тыя, хто выпадкова трапіў у дзяржаўны апарат.

Усе сэканомленыя на скарачэннях грошы пойдуць на павышэнне заробкаў чыноўнікаў».

Пра сілавікоў

«Мы ўжо сёння павінны мадэрнізаваць сілавы блок. Сур’ёзная мадэрнізацыя ідзе ў войску. Заўважна павялічылася падрыхтоўка кіраўнічых кадраў. Мы, канечне, ні з кім ваяваць не будзем.

Поўнасцю апраўдала сябе ўтварэнне Следчага камітэта».

Дае ўказанні памежнікам, каб жорстка разбіраліся з тымі, хто нелегальна перасякае мяжу краіны. «Памежнікі пры патрэбе павінны ўжываць зброю. Мяжа – не дзірка». Фактычна ўзгадаўшчы выпадак са шведскім медзведзіроўшчыкам і з расейцам, што праскочыў мяжу на машыне пад Берасцем.

Пра ЕС і ЗША

«Ведучы з вамі размовы мы не кіруемся правілам: «Мы з вамі ці Расіяй». Мы з Расіяй – гэта адзін народ. Ніхто не здольны парушыць гэты святы закон. Патрабаваць ад нас павярнуцца адной часткай да Расіі – гэта контрпрадуктыўна. Калі будзеце патрабаваць, то не сядайце за адзін стол з намі. Мы не ствараем праблем суседзям. Мы не хочам сварыцца, мы хочам быць з вамі ў нармальных адносінах. Не трэба нас душыць. Вы ж зразумелі, што ўсе санкцыі контрпрадуктыўныя. Не патрабуйце ад нас, дарагія, уводзіць аднаполыя шлюбы. Не будзе ў нас гэтага, пакуль я прэзідэнт. Мы не будзем нікога душыць, труціць. Хай будзе апазіцыя. Але калі будзе бамбіць, то атрымае па мазгах. Ну не саспелі мы да галубізны, пачакайце крыху».

Пра візы

«Нашы людзі ўсё часцей выбіраюць для адпачынку Аб'яднаныя Арабскія Эміраты».

Лукашэнка абураецца, што ў нас застаецца візавы рэжым з Ізраілем, Сінгапурам.

«Не трэба думаць, што Афрыка – гэта адна галеча. Трэба працаваць з гэтым кантынентам».

Пытанні

Выступ доўжыўся дзве гадзіны роўненька.

Прапануе задаваць пытанні: «Не перажывайце, што тут прадстаўнікі дыпкорпуса – гэта нармальныя людзі. Яны добра арыентуюцца ў беларускай сітуацыі. Не хавайце нічога, не бойцеся, што некага пакрыўдзіце».

Пра дарогі

Дэпутат Сяргей Бохан з Віцебска занепакоены станам беларускіх дарог. Кажа, што недастаткова фінансуецца рамонт дарог.

«Гэта цяжкая і актуальная тэма. У бліжэйшы час, як з Мінэнэрга, я буду разбірацца з дарожнай гаспадаркай. Грошай заўсёды не хапае, але ці рацыянальна выкарыстоўваюцца тыя, што ёсць. Разгільдзяйства – вось чаму ў нас дарогі недастаткова добрыя. Дарогі і масты – гэта кветкі зямлі».

Пра добраўпарадкаванне

Дэпутат Аляксандр Ярашэвіч са Століна гаворыць пра будаўніцтва жылля. Слова «квартал» вымаўляе з націскам на першы склад. Просіць вылучыць грошы на добраўпарадкванне двароў.

«Палова мы, палова – вы, гатовыя?» Дэпутат кажа, што так.

Пра мясцовае самакіраванне

Дэпутат Іванчанка са Стаўбцоў цікавіцца пра адмену выбару старшынь сельсаветаў, бо згубяць вясковы актыў.

«Мы я разумею вашу занепакоенасць. Ініцыятарам быў Батура. Людзі ў вёсках ганарыцца, калі яны дэпутаты. Мы рашэнне прымем разам з вамі. Ну будзем называць мы людзей адміністрацыяй, ці радай, а не дэпутатамі».

Пра “Ямал – Еўропу-2”

Прадстаўнік савета рэспублікі Кастагораў гаворыць пра газаправод «Ямал – Еўропа-2».

«Мы толькі за. У нас для гэтага ўсё ёсць. У Польшчы ўсе кажуць рознае. Калі Расія вырашыць будаваць, то мы падтрымаем. Калі дамовяцца з палякамі, то заўтра пачнём будаваць».

Пра катастрофы і тэракты

“Нам трэба выпрацоўваць разам супрацьстаянне розным з’явам, не толькі тэрактам, але нават мэтэарытам. Ніводная краіна, нават ЗША, самастойна зрабіць гэта не зможа. Тэрарызм – гэта павуціна”.

Пра грашовыя ўклады

Дэпутатка Дабрыніна з Оршы кажа, што сёння ў свеце мала месцаў, дзе можна свабодна захоўваць грошы. Яна прапануе зрабіць Беларусь найбуйнейшым афшорам.

Лукашэнка пагадзіўся з такой прапановай. Падчас адказаў Лукашэнка лагаднейшы, чым у выступе.

Рубінаў кажа, што трэба сканчваць. Зварот доўжыўся сёлета нядоўга. Усяго дзве з паловай гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0