Настасся і Максім — самыя балбатлівыя імёны ў Беларусі
Цікавае даследаванне, праведзенае з мэтай высветліць, ці існуе сувязь паміж імем абанента і яго гаварлівасцю, правёў мабільны аператар МТС. Спецыялісты кампаніі прааналізавалі звесткі аб галасавых выкліках абанентаў за першы квартал 2013 года і склалі ТОП-10 самых "гаваркіх" мужчынскіх і жаночых імён.
Рэйтынг найбольш актыўных карыстальнікаў галасавых паслуг сярод прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ўзначаліла Настасся — 136 здзейсненых выклікаў за месяц. Кампанію ёй склалі Юлія (134), Кацярына (129), Аксана (124), Марына (123), Іна (122), Вольга (119), Наталля (117), Ірына (112) і Таццяна (103).
Сярод мужчын самымі гаваркімі аказаліся Максім (133 выклікі), Дзяніс (132), Дзмітрый (121), Віталь (119), Яўген (115), Павел (113), Андрэй (110), Аляксей (106), Ігар (104) і Сяргей (100).
Як тлумачаць спецыялісты кампаніі, атрыманыя звесткі не залежаць ад колькасці абанентаў з аднолькавымі імёнамі ў базе мабільнага аператара.Вынікі даследавання ўяўляюць сабой суадносіны агульнай колькасці здзейсненых званкоў кожнай групай імён да колькасці абанентаў у гэтых групах.
Раней мабільны аператар высветліў, што жанчыны трацяць на тэлефонныя гутаркі больш часу, чым мужчыны. Так, прадстаўніцы слабага полу выкарыстоўваюць на 13% больш галасавога трафіку і адпраўляюць на 26% больш SMS-паведамленняў.
Каментары