Раскол у ЕГУ? Частка выкладчыкаў хоча альтэрнатывы Міхайлаву
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, які працуе ў выгнанні ў Вільні, створана платформа «За новы ЕГУ».
Як паведамляюць ініцыятары альтэрнатыўнай платформы, яна аб’яднала тых, хто не згодны з цяперашнім курсам адміністрацыі і хоча «вярнуць праекту ЕГУ яго першапачатковы сэнс — эфектыўнага беларускага гуманітарнага ВНУ з еўрапейскай якасцю адукацыі і навуковай працы».
Паводле ініцыятараў платформы, яе ўжо падтрымалі 13 з 20 кандыдатаў у Сенат (галоўны орган самакіравання університэта), выбары ў які пройдуць 19 лістапада. Сярод іх — прафесар Павел Церашковіч, дацэнты Вольга Шпарага, Андрэй Лаўрухін, Максім Жбанкоў.
«Прычына аб’яднаньня акадэмічнай супольнасці — глыбокі ўнутраны крызіс, які перажывае «ўніверсітэт у выгнанні». Яго абвастрэнне выяўляецца ў растучай прыхільнасці кіраўніцтва ЕГУ да аўтарытарнага стылю кіравання, у тым ліку да непразрыстай кадравай і фінансавай палітыкі, што ставіць пад пагрозу існаванне ўніверсітэта як дэмакратычнага адукацыйнага праекта для Беларусі»,— гаворыцца ў звароце ініцыятараў новай платформы ЕГУ.
Прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыса так пракаментаваў сітуацыю:
«Згаданы дакумент з’яўляецца часткай кампаніі па выбарах у новы Сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). У адпаведнасьці са Статутам унівэрсытэту, Сэнат адказвае за акадэмічны ўзровень ўнівэрсытэту.
Сэнат таксама прадстаўлены ў Радзе кіраўнікоў унівэрсытэту, дзе ён удзельнічае ў прыняцьці ключавых рашэньняў.
Кіраўніцтва і адміністрацыя ЭГУ заўсёды падтрымлівалі і працягваюць заахвочваць канструктыўную дыскусію аб паляпшэньні якасьці навучаньня і ўмоваў працы ў ЭГУ, а таксама аб падтрыманьні беларускай ідэнтычнасьці ўнівэрсытэту.
Шэраг ідэй, прапанаваных у дакумэнце, ужо рэалізуецца. Кіраўніцтва і адміністрацыя ЭГУ чакаюць канструктыўнага супрацоўніцтва зь сябрамі новага Сэнату.
З адабрэньня Рады кіраўнікоў, ЭГУ прымае шэраг захадаў, каб палепшыць якасьць акадэмічных праграмаў і дасьледаваньняў, а таксама паляпшаць умовы працы для нашых выкладчыкаў.
Яны ўключаюць у сябе значнае павелічэньне бюджэту для выкладчыкаў, замацаваньне выкладчыцкага складу ўнівэрсытэту на сталых пасадах разам з конкурсным працэсам прыёму на гэтыя пасады, выразьней сфармуляваныя патрабаваньні і больш сыстэматычныя ацэнкі працы.
ЭГУ усьведамляе, што ня ўсе выкладчыкі пагодзяцца з кожным захадам. Кіраўніцтва, адміністрацыя, Сэнат і выкладчыкі ЭГУ падзяляюць адказнасьць за тое, каб наш унівэрсытэт надалей прапаноўваў беларускім студэнтам высакаякасную альтэрнатыву таму, што прапануецца ў Беларусі, і ўносіў свой уклад у пазытыўнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва».
Між тым Павал Церашковіч, прафэсар дэпартамэнту гісторыі ЭГУ, кіраўнік Сэнату, заявіў: «Крызіс ЭГУ шмат у чым зьвязаны з тым, што нестандартныя праблемы нестандартнага ўнівэрсытэту спрабуюць вырашаць стандартнымі прыёмамі, пашытымі паводле шаблёнаў нэалібэральнага мэнэджмэнту.
Акадэмічная супольнасьць не разглядаецца кіраўніцтвам ЭГУ як паўнавартасны партнэр. З кожнай новай рэдакцыяй Статута — унівэрсытэцкай канстытуцыі, якая бясконца зьмяняецца — правы Сэнату і, адпаведна, выкладчыкаў і студэнтаў становяцца ўсё больш і больш эфэмэрнымі».
Каментары